ЗША: Беларусь у значнай ступені саступіла Расіі свой суверэнітэт
ЗША лічаць, што «рэжым Лукашэнкі не клапоціцца аб інтарэсах свайго народа», а «ён і яго памагатыя клапоцяцца толькі аб сваіх інтарэсах». Пра гэта на брыфінгу 12 кастрычніка заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента Нед Прайс.
«Беларусь даўно саступіла ў значнай ступені Расіі свой суверэнітэт. Той факт, што прэзідэнту Пуціну ўдалося выкарыстаць тое, што павінна было быць суверэннай беларускай тэрыторыяй, у якасці плацдарма, той факт, што жорсткія напады на народ Украіны зыходзілі з суверэннай трэцяй краіны, у дадзеным выпадку з Беларусі, з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што рэжым Лукашэнкі не клапоціцца аб інтарэсах свайго народа, і што ён і яго памагатыя, як яны заўсёды рабілі, клапоцяцца толькі аб сваіх інтарэсах», — сказаў Прайс, адказваючы на пытанне, ці магчымае ўцягванне Беларусі ў вайну ва Украіне і што ЗША робяць для таго, каб гэтага не адбылося.
«Пакуль рэжым працягвае падтрымліваць Крэмль і яго агрэсію супраць Украіны, мы будзем працягваць прымяняць новыя эканамічныя меры не толькі супраць Расіі, але і Беларусі, у прыватнасці супраць іх інстытутаў і элітаў», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента.
Нагадаем, а 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін пачаў ваенную аперацыю супраць Украіны. Уварванне адбылося ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Дагэтуль расійскія войскі працягваюць выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для абстрэлаў Украіны, у прыватнасці аэрадромы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну.
Беларусь падтрымлівае Расію і ў міжнародных арганізацыях. Учора Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб непрызнанні псеўдарэферэндумаў на акупаваных Расіяй тэрыторыях Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны.
Рэзалюцыя заклікае дзяржавы, міжнародныя арганізацыі і спецыяльныя ўстановы ААН не прызнаваць змену статусу чатырох абласцей Украіны, патрабуе ад Расіі неадкладна адмяніць свае рашэнні, а таксама цалкам і неадкладна вывесці ўсе свае войскі за яе міжнародна прызнаныя межы.
За рэзалюцыю прагаласавалі 143 краіны, 35 устрымаліся. Супраць прагаласавалі пяць краін: Расія, Беларусь, Сірыя, КНДР і Нікарагуа.