Візавы рэжым пашырыць прорву паміж беларусамі і ўкраінцамі
Уладзімір Зяленскі даручыў ураду разгледзець пытанне аб адмене бязвізавага рэжыму з Беларуссю. Тым часам ва ўкраінскім сегменце Telegram праводзіцца апытанне, хто за візавы рэжым — большасць падтрымлівае.
Беларускi палітолаг Павел Усаў кажа на «Е*рарадыё», што Беларусь і Украіна — частка аднаго цывілізацыйнага праекта, які з’яўляецца альтэрнатывай расійскаму свету. І калі рашэнне аб адмене бязвізавага рэжыму будзе прынята, гэта будзе азначаць, што Украіна цалкам адразае Беларусі магчымасці быць нейкім чынам у альтэрнатыўным падмурку для цывілізацыі супраць расійскага свету.
— Гэта азначае,
што беларускі народ успрымаецца як частка расійскай цывілізацыі, якая, у сваю чаргу, не
ўспрымаецца як сяброўская, з якой варта і неабходна размаўляць. Візавы
рэжым стварае яшчэ адну даволі вялікую шчыліну і пашырае прорву паміж нашымі
народамі. І не проста на паперы, а на ўзроўні ментальнасці.
Але я спадзяюся,
што да канчатковага палітычнага рашэння аб увядзенні віз не дойдзе, бо частка
палітычных эліт краіны і, напэўна, частка інтэлектуальнай, разумее, што мы
патрэбны адзін аднаму і мы павінны гэты цывілізацыйны праект развіваць.
Эксперт таксама
лічыць, што Офiсу Святланы Ціханоўскай важна казаць аб наладжванні камунікацый
з уладамі Украіны. Пры гэтым ён тлумачыць прычыны, чаму Кіеў на гэта можа не
пайсці.
— Але не думаю,
што Офіс прэзідэнта Украіны вось так раптоўна і ахвоча пачне размаўляць з
Офісам Ціханоўскай на афіцыйным узроўні і запросіць яе ў Кіеў. Кіеў зараз
падыходзіць да ўсіх выключна з пазіцый прагматычнага разумення: што для Кіева
дасць сустрэча са Святланай Ціханоўскай?
Зразумела, што
гэта можа даць Офісу самой Ціханоўскай: паляпшэнне і ўзмацненне яе пазіцыі.
Але Кіеву гэта не дае ніякіх рэальных фактычных рэсурсаў.
Проста кажучы, у
яе няма байрактараў, якія можна было б накіраваць ва Украіну і дапамагчы ёй.
Акрамя нейкага палітычнага рэсурсу, які можа мець эфект унутры Беларусі. Але
эфект не такі выбуховы, што адразу беларусы ўстануць і будуць змагацца з
расійцамі.
Украінцы гэта разумеюць, таму не спяшаюцца ісці на нейкія такія крокі, да таго ж усё яшчэ існуе парадыгма не раздражняць Лукашэнку.
Паводле «Салідарнасці».