Па шляху ў тысячу лі

Гістарычную тэрыторыю заходняй цывілізацыі вызначыць вельмі проста: яна там, дзе на гарадскіх плошчах стаяць ратушы. Па гэтым крытэры беларусы, безумоўна, з’яўляюцца еўрапейцамі.


kirauniki_1_logo.gif


Пачну з цытаты адзінага палітыка (АП), запазычанай з віншавання суайчыннікаў з Днём незалежнасці: «Лёсавызначальнае значэнне для нашага народа мае 3 ліпеня — дзень вызвалення сталіцы Беларусі ад фашыстаў».

Цікава, а што фашысты рабілі ў Мінску, каму і навошта спатрэбілася сталіцу Беларусі ад фашыстаў вызваляць? Адкрываю Вікіпедыю: фашызм (італ. fascismo, ад італ. Fascio — пучок, звязак, аб’яднанне) — таталітарная, нацыяналістычная палітыка дзяржаўнага капіталізму, якую праводзіў у Італіі прэм’ер-міністр Беніта Мусаліні з 1922 па 1943 год.

Сярод пытанняў, ініцыяваных АП, на лістападаўскім рэферэндуме 1996 года было і пытанне пра перанос Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня — «дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне».

Ужо цяплей. Гітлераўскія захопнікі былі не фашыстамі, а нацыстамі (нацыянал-сацыялістамі). Але хто, калі і навошта перайменаваў нацыстаў у фашыстаў?


Два сацыялізмы

Я не гісторык і адназначна адказаць на пастаўленыя пытанні не магу. Але ў выступе па радыё 22 чэрвеня 1941 года народнага камісара замежных спраў СССР Молатава, у якім ён афіцыйна паведаміў савецкаму народу пра напад Германіі на Савецкі Саюз, Германія і германскі ўрад называюцца фашысцкімі. Словы ж «нацызм» у тэксце выступлення няма.

Няма яго і ў знакамітым звароце Сталіна ад 3 ліпеня. Каб лепш было зразумела перайменаванне, я прывяду адзін абзац са звароту, у якім самастойна правяду адваротную ракіроўку: «Як магло здарыцца, што наша слаўная Чырвоная Армія здала нацыянал-сацыялістычным войскам шэраг нашых гарадоў і раёнаў? Няўжо Нямецка-нацыянал-сацыялістычныя войскі на самай справе з’яўляюцца непераможнай арміяй, як пра гэта нястомна трубяць і выхваляюцца нацыянал-сацыялістычныя прапагандысты?»

Словы «сацыялізм» і «сацыялістычны» былі манапалізаваныя савецкай прапагандай яшчэ ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя, а да сярэдзіны 30-х, паводле афіцыйнай дактрыны, сацыялізм у СССР перамог «канчаткова і беспаваротна». Аднак пасля прыходу Гітлера да ўлады ў «адзінай у свеце сацыялістычнай дзяржавы» з’явіўся рэальны канкурэнт у барацьбе за сацыяльную справядлівасць сацыялістычнага разліву. Прызнаць ідэалагічную блізкасць з агрэсарам Сталін, зразумела, не мог. Таму ў сваім звароце ён кажа пра імкненне фашыстаў аднавіць уладу памешчыкаў і пра пагрозу прыгнёту, што навісла над свабоднымі народамі Савецкага Саюза.

Між тым нацыянал-сацыялізм паходзіць не з прывілеяваных класаў, дзе панавалі прускія традыцыі, а з глыбіняў народных мас. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. Практыка — крытэр ісціны, а гістарычная практыка першай паловы XX стагоддзя сведчыць, што паміж марксізмам, нацыянал-сацыялізмам і фашызмам агульнага больш, чым адрозненняў.

Кніга эканаміста Фрыдрыха Хайека «Дарога да рабства» прысвечана аналізу трох галін таталітарызму. Будучы нобелеўскі лаўрэат скончыў яе ў 1943 годзе, калі зыход вайны быў яшчэ няпэўны. Цытую: «Наколькі лёгка было ператварыць маладога камуніста ў фашыста, і наадварот, было добра вядома ў Германіі, асабліва сярод прапагандыстаў абедзвюх партый. А выкладчыкі англійскіх і амерыканскіх універсітэтаў памятаюць, як у 30-я гады многія студэнты, што вярталіся з Еўропы, не ведалі цвёрда, камуністы яны ці фашысты, але былі абсалютна перакананыя, што яны ненавідзяць заходнюю ліберальную цывілізацыю».

Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў Германіі да 1933 года камуністы і нацысты (а ў Італіі да 1922 года — камуністы і фашысты) часцей уступалі ў сутыкненне адзін з адным, чым з іншымі партыямі. Яны змагаліся за людзей з пэўным тыпам свядомасці, тлумачыць Хайек, і таму ненавідзелі адзін аднаго так, як ненавідзяць ерэтыкоў. 


Але калі для камуніста нацыст і фашыст, а для нацыста і фашыста — камуніст былі патэнцыйнымі рэкрутамі, г. зн. людзьмі, няправільна арыентаванымі, але якія валодаюць патрэбнымі якасцямі, дык з чалавекам, які па-сапраўднаму верыць у свабоду асобы, ні ў каго з іх не магло быць ніякіх кампрамісаў.


«Усё ў дзяржаве»



Фармальна палітычная кар’ера будучага фюрэра нямецкага народа пачалася 12 верасня 1919 года з выступу на пасяджэнні Нямецкай рабочай партыі, заснаванай слесарам Дрэкслерам. На той момант у партыі было не больш за 40 сябраў. 24 лютага 1920 года неафіт у барацьбе за інтарэсы працоўных у адной з мюнхенскіх піўных абвясціў партыйную праграму з 25 пунктаў, якія спалучалі антысемітызм з патрабаваннямі адмены Версальскай дамовы, сацыялістычных пераўтварэнняў і моцнай цэнтральнай улады. У той жа дзень па прапанове Гітлера партыя была перайменавана ў NSDAP (Deutsche Nationalsozialistische Arbeiterparte — Нямецкая нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя).

Большасць будучых лідараў нацызму і фашызму пачыналі як сацыялісты. Яшчэ больш характэрная такія трансфармацыі для шараговых удзельнікаў рухаў. У прыватнасці, упершыню слова «фашы» ў сэнсе палітычнага саюза было выкарыстана для саманазвы групай рэвалюцыйных дэмакратаў і сацыялістаў у Сіцыліі ў 1870-х гадах. З іскры разгарэлася полымя. Пасля шматлікіх расколаў і аб’яднанняў у студзені 1915 года ў Мілане была створана агульнаітальянская фашысцкая арганізацыя, якую ўзначаліў экс-рэдактар газеты «Будучыня працоўнага» і экс-сацыяліст Мусаліні.

Ідэалогіі фашызму і нацызму маюць у аснове шавінізм (крайняя форма нацыяналізму, пропаведзь нацыянальнай выключнасці). Але калі ў фашызме шавінізм накіраваны на ўзмацненне дзяржавы, адраджэнне былой Рымскай імперыі і на адзінства прадстаўнікоў імперскай нацыі, то нацыянал-сацыялізм — гэта тэорыя перавагі адной нацыі над іншай.

«Асноўнае палажэнне фашысцкай дактрыны, — паводле Мусаліні, — гэта вучэнне пра дзяржаву, яе сутнасць, задачы і мэты. Для фашызму дзяржава ўяўляецца абсалютам, у параўнанні з якім індывіды і групы — толькі адноснае. Індывіды і групы ўважаюцца толькі ў дзяржаве». Яшчэ больш канкрэтна гэта ідэя пазначаная ў лозунгу: «Усё ў дзяржаве, нічога супраць дзяржавы і нічога па-за дзяржавай».

Стаўленне нацыстаў да дзяржавы было прынцыпова іншым: гэта толькі сродак для захавання народа. Нацызм у якасці канчатковай мэты бачыў не падтрыманне дзяржавы, а перабудову яе ў расавае грамадства, на падтрыманне і захаванне яго чысціні і варта было накіраваць асноўныя сілы. Дзяржава пры гэтым разумелася як прамежкавы этап, неабходны на першых часах для будаўніцтва такога грамадства. Тут заўважым прамую аналогія з ідэямі Маркса і Леніна, якія таксама лічылі дзяржаву пераходнай формай на шляху будаўніцтва камуністычнага грамадства.

Падмацую нашы высновы цытатамі.

Мусаліні: «Фашызм — канцэпцыя гістарычная, у якой чалавек разглядаецца выключна як актыўны ўдзельнік духоўнага працэсу ў сямейнай і сацыяльнай групе, у нацыі і ў гісторыі, дзе супрацоўнічаюць усе нацыі».

Гітлер: «Я ніколі не пагаджуся, каб іншыя народы былі раўнапраўнымі з нямецкім, наша задача — заняволіць іншыя народы».


Свабода губляецца паступова


Пры таталітарызме няма месца асобе. Усё паглынае дзяржава — як пры фашызме, або грамадства — як пры нацызме. Але таталітарызм застаўся ў мінулым. Ці азначае гэта, што «дарога да рабства» сёння надзейна заблакаваная? 


Тут варта прыгадаць старажытную кітайскую прыказку: «Дарога даўжынёй у тысячу лі пачынаецца з першага кроку». Пра тое, куды вядзе дарога, у прыказцы нічога не гаворыцца. Таму прапаную вярнуцца да лозунгу Мусаліні: «Усё ў дзяржаве, нічога супраць дзяржавы і нічога па-за дзяржавай».


Дапусцім, існуе эканамічная праблема, якую можна вырашыць двума спосабамі: даручыць дзяржаве або прыватнаму бізнесу, а ў выпадку грамадскай праблемы — дзяржаве або структурам грамадзянскай супольнасці. Калі мы выбіраем дзяржаву, то робім першы крок па дарозе, якая вядзе да рабства (фашызму). Зразумела, першы крок сам па сабе некрытычны. Сфера адказнасці існуе і ў сучасных дэмакратычных дзяржаў. Але тут важная тэндэнцыя. «Свабода, у чым бы яна ні палягала, — папярэджваў шатландскі філосаф Давід Юм, — губляецца, як правіла, паступова».

Гітлер, які назваў нацыянал-сацыялістычную рэвалюцыю «контррэнесансам», абраў правільнае вызначэнне, бо галоўным дасягненнем Адраджэння быў індывідуалізм. Слова «індывідуалізм» набыло сёння негатыўнае адценне і асацыюецца з эгаізмам і самаўлюбёнасцю. Але на індывідуалізме, які сыходзіць каранямі ў хрысціянства і антычную філасофію, збудаваная заходняя (еўрапейская) цывілізацыя. Яе асноўнай рысай з’яўляецца павага да асобы як такой, г.зн. прызнанне права кожнага адстойваць уласныя погляды.

Гістарычную тэрыторыю заходняй цывілізацыі вызначыць вельмі проста: яна там, дзе на гарадскіх плошчах стаяць ратушы (ад нямецкага Rathaus — літаральна «дом савета»). Па гэтым крытэры беларусы, безумоўна, з’яўляюцца еўрапейцамі. Да нашых дзён ратушы захаваліся ў Віцебску, Шклове, Чачэрску, Нясвіжы і Слоніме.

На жаль, «наша Расія» на працягу амаль трох стагоддзяў прыклала нямала намаганняў для змены цывілізацыйнай ідэнтычнасці беларусаў. Таму не варта здзіўляцца, што на рэферэндуме 1996 года электарат, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, дружна прагаласаваў супраць выбарнасці кіраўнікоў адміністрацый рэгіёнаў, пацвердзіўшы тым самым сваю нееўрапейскую ідэнтычнасць.

Наколькі можна давяраць афіцыйным дадзеным — пытанне асобнае. Але з вынікамі рэферэндуму грамадства пагадзілася, зрабіўшы тым самым чарговы крок па дарозе даўжынёй у тысячу лі. Куды вядзе гэты шлях, наглядна прадэманстраваў Пяты Усебеларускі народны сход.