Нашто «Альфе» канкурэнты?

Папулісцкая палітыка і канкурэнтаздольнасць дрэнна спалучаюцца ў адным дзяржаўным флаконе, асабліва ва ўмовах сусветнага крызісу.



23fc4cba066f390a8cc729c7592b6ee8.jpg

Папулісцкая палітыка і канкурэнтаздольнасць дрэнна спалучаюцца ў адным дзяржаўным флаконе, асабліва ва ўмовах сусветнага крызісу.
Як я яшчэ зусім нядаўна жыў без інтэрнэту — не ўяўляю. Іншая справа — сёння. Да прыкладу, мне неабходна высветліць, што азначае паняцце «падвойны стандарт». Уваходжу ў Google і ўжо праз 0,16 секунды атрымліваю магчымасць прачытаць у Вікіпедыі: «Палітыка падвойных стандартаў — кардынальна рознае ўжыванне прынцыпаў, законаў, правіл, адзнак да аднатыпных дзеянняў розных суб’ектаў у залежнасці ад ступені лаяльнасці гэтых суб’ектаў або іншых карысных меркаванняў  таго, хто ацэньвае».
Але ідзем далей. Скажам, я зацікавіўся афіцыйнай трактоўкай паняцця «падвойны стандарт» у Беларусі. Для гэтага дастаткова да ўжо набраных ключавых словаў дадаць у пошукавае акно назву самай саліднай беларускай газеты. І вось, калі ласка, — у маім распараджэнні больш за 8 тысяч спасылак. Адчыняю выпадкова трэцюю зверху. З артыкула «Стомленасць металу» даведваюся, што патрэбнае мне паняцце — «сутнасць заходняга палітычнага мыслення» ў эпоху «стомленасці дэмакратыі». Больш за тое, яно «ёсць сведчанне яе выраджэння».
Цікава. Пра тое, што заходняя дэмакратыя выраджаецца, мне распавядала яшчэ першая настаўніца ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Але як у сувязі з гэтым прапануеце трактаваць папярэджанне, якое атрымала ў чэрвені газета «Новы час» ад Міністэрства інфармацыі? У папярэджанні, у прыватнасці, адзначана адсутнасць у выходных дадзеных імя па бацьку галоўнага рэдактара.
Гартаю самую салідную беларускую газету. З выходных дадзеных даведваюся, што рэдактара клічуць Павел. Імя па бацьку адсутнічае. Перачытваю вызначэнне з Вікіпедыі. Зноў праглядаю артыкул «Стомленасць металу» і спрабую зразумець, няўжо міністэрскія чыноўнікі не чытаюць газету, заснавальнікам якой з’яўляецца Адміністрацыя прэзідэнта. А можа, яны нагледзеліся перадач «Белсата» і сталі прыхільнікамі чужога палітычнага мыслення?
Артыкул пад нешчаслівым нумарам
Для ацэнкі любога факту неабходны крытэр. Пасланне–2010 такі крытэр нам дае. Гэты крытэр у прызнанні канкурэнцыі паміж эканомікамі, дзяржавамі і нацыямі. Добра тое, што спрыяе росту канкурэнтаздольнасці, а ўсё, што не спрыяе, — дрэнна.
Як у гэтай сувязі можна ацаніць выбіральнасць патрабавання Міністэрства інфармацыі? Ці спрыяе яна росту канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, беларускай дзяржавы і беларускай нацыі або, наадварот, стрымлівае? Ці звязана гэтая выбіральнасць з адрозненнем у ступені лаяльнасці рэдакцый паводле стаўлення да Улады, або міністэрскія чыноўнікі, якія дасылалі папярэджанне, кіраваліся іншымі меркаваннямі, мне асабіста не вядомымі?
Тут варта нагадаць чытачам, што, паводле артыкула 4 Канстытуцыі, «дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў». Такім чынам, грамадзяне не абавязаныя быць лаяльнымі да Улады. Лаяльнасць, паводле ўжо цытуемай Вікіпедыі, — гэта адданасць дзейным законам.
Выбіральнасць патрабаванняў Міністэрства інфармацыі не можа быць апраўданая і недзяржаўным статусам уласніка газеты «Новы час». Адкрыем у чарговы раз Канстытуцыю. «Уласнасць можа быць дзяржаўнай і прыватнай. Дзяржава прадстаўляе ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці». Гэта артыкул 13. Не пашанцавала яму з нумарам, а разам з ім не пашанцавала і ўсім нам, а таксама замежным фундатарам. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што родная дзяржава, якая ўжо столькі гадоў б’ецца над праблемай прыцягнення замежных інвестыцый, аднак «переломить отрицательные тенденции, складывающиеся в инвестиционной сфере» не ў стане. І гэта нягледзячы на тое, што ў Беларусі «создана обширная правовая база, принят целый ряд преференциальных режимов, обеспечивающих комфортные условия отечественным и зарубежным инвесторам» (Пасланне–2010).
ЕГЭ для чыноўнікаў
Галоўнай адметнай рысай сучаснай дзяржавы з’яўляецца яе манапольнае права на гвалт. Калі ў дзяржаве ўнутры яе межаў з’яўляюцца групы, здольныя выкарыстаць гвалт для дасягнення сваіх асабістых мэтаў, пачынаецца анархія. Самы свежы прыклад — Кіргізія. Але здольнасць дзяржавы заставацца манапалістам на ўнутраным рынку гвалту яшчэ не робіць яго канкурэнтаздольным.
Дзяржавы, што дынамічна развіваюцца, на думку нобелеўскага лаўрэата Дугласа Норта, выкарыстаюць гвалт выключна ў мэтах прымусу да выканання правіл гульні, прычым адзіных для ўсіх. Калі прынята рашэнне ў выходных дадзеных газет пазначаць імя па бацьку рэдактара, то яно павінна быць абавязковым як для «Новага часу», так і для друкаванага органа Адміністрацыі прэзідэнта. Толькі пры зразумелых і раўнапраўных правілах гульні рэдактары могуць пралічыць свае выдаткі і рызыкі. Зразумела, што ўсе мы ў нейкай ступені рэдактары, таму што змушаныя практычна штодня рэдагаваць сваё жыццё, і таму маем патрэбу ў адзіных і стабільных правілах гульні.
Якасць дзяржавы — найважнейшы фактар развіцця эканомікі. Чаму краіны Паўднёва-Усходняй Азіі апынуліся ўспрымальнымі да заходніх прамысловых тэхналогій і ператварыліся ў эканамічных «тыграў»? Таму што на працягу тысячагоддзяў іх эканомікі грунтаваліся на вырошчванні рысу, што патрабавала стварэння складаных арашальных сістэм. Калі беларус стагоддзямі ўспрымаў дзяржаву ў якасці паразіта, які невядома за што збірае падаткі, то ў краінах рысавай культуры дзяржава адказвала за арганізацыю эканамічнага жыцця.
Для пацверджання сказанага працытую палітолага Андрэя Ланькова: «Досвед тысячагоддзяў паказаў, што чыноўнік часам крадзе, часам кажа дурасці, хто б спрачаўся, але трэба ўсё роўна рабіць так, як сказаў чыноўнік, таму што менавіта дзяржава можа забяспечваць стабільнасць, без якой праца гэтых ірыгацыйных сістэм немагчымая, і менавіта дзяржава выступае ў якасці арганізатара неабходных для гэтай эканомікі праектаў».
Адсюль спецыфічная форма дзяржаўна-адміністрацыйнага кіравання, у аснову якой была пакладзеная сістэма экзаменаў, каб заняць дзяржаўныя пасады. У Кітаі сучасны аналаг ЕГЭ (адзінага дзяржаўнага экзамену) для жадаючых асвоіць прафесію чыноўніка быў уведзены яшчэ ў 2 стагоддзі да нашай эры.
Правіл не бывае без выключэння. Дзяржава здольная не толькі ствараць, але і руйнаваць. Ролю дзяржавы-разбуральніцы на Усходзе сёння ўзяла на сябе КНДР. Натхнёная ідэямі Чучхе, Улада ў Паўночнай Карэі відавочна перагнула палку ў сваім імкненні цэнтралізаваць кіраванне эканомікай. Вынікам такой звышцэнтралізацыі стаў 50-разовы разрыў у душавым прыбытку паміж Поўначчу і Поўднем. Гэта самы вялікі ў свеце разрыў, які існуе паміж дзяржавамі, што маюць агульную сухапутную мяжу.
Без манаполіі дзяржавы на гвалт такі істотны разрыў у душавым прыбытку дзвюх частак калісьці адзінага народа не ўтрымаць. Прывяду зусім свежы прыклад. Група падтрымкі паўночнакарэйскіх футбалістаў на Чэмпіянаце свету, што адбываецца зараз у ПАР, цалкам укамплектаваная кітайскімі акцёрамі. Іх паслугі аплаціў Спорткамітэт КНДР. Сваіх жа грамадзян выпусціць за «жалезную заслону» дзяржава не адважылася: калі не разбягуцца, то нахапаюцца небяспечных для Улады ідэй.
«Конкуренция — великое дело»
Класічны прыклад неэфектыўнай, і адпаведна, неканкурэнтаздольнай дзяржавы — Савецкі Саюз. Мне запярэчаць, а як жа «наша Перамога», а Гагарын? Зноў звернемся да Вікіпедыі, якая тлумачыць эфектыўнасць як суадносіны карысных канчатковых вынікаў да выдаткаў. За «нашу Перамогу» заплачана 27 мільёнаў жыццяў, за палёт Гагарына — чэргамі за варанай каўбасой і туалетнай паперай. Адначасова вырабляць касмічныя ракеты і туалетную паперу ў колькасці, якая задавальняе натуральныя патрэбы сярэднестатыстычнага савецкага азадка, дзяржава, у якой перамог сацыялізм, была не ў стане.
Што да ракет, то поспех у іх распрацоўцы і вытворчасці быў дасягнуты не дзякуючы, а насуперак савецкай эканамічнай сістэме. Уся справа ў тым, што дзяржава ўсяляк заахвочвала канкурэнцыю сярод канструктараў, якія распрацоўвалі розныя віды ўзбраенняў. У прыватнасці, ракеты праектаваліся ў канструктарскіх бюро Каралёва і Чаламея.
Пра пазітыўную ролю канкурэнцыі ўзгадвае і беларуская Улада, калі справа тычыцца яе бяспекі. Адсюль прынцып: больш спецпадраздзяленняў добрых і розных. У чэрвені Лукашэнка наведаў спецпадраздзяленне «Альфа» і выказаўся вельмі канкрэтна наконт гэтага пытання: «Конкуренция — великое дело. Это соревнование и принесло хорошие результаты. Но в трудную минуту необходимо всем объединиться и выполнить задачу в едином ключе. У нас один народ, одна страна». Дадам ад сябе, што ў нас і адзін палітык, таму ў чаканні прэзідэнцкіх выбараў яго права застацца такім неабходна захаваць, у тым ліку і за кошт «чёткой координации антитеррористической деятельности силовых структур в целом».
Савецкая ўлада ў свой час таксама вялікую ўвагу надавала «чёткой координации» шматлікіх сілавых структур, але гэта яе не выратавала. Талейран меў рацыю: «Штыкі добрыя ўсім, акрамя аднаго — на іх нельга сядзець». Спадчынніцы савецкай улады ў Беларусі давялося шукаць дадатковыя крыніцы сваёй легітымнасці, і яна знайшла іх у частковых рынкавых рэформах і ў папулізме. У выніку дэфіцыт туалетнай паперы быў ліквідаваны.
Але, паклаўшы руку на сэрца, вялікай заслугі дзяржавы ў гэтым няма. Туалетнай паперай беларусаў забяспечваюць бізнесмены. Сама ж дзяржава ў асобе чыноўнікаў узяла бізнес пад жорсткі кантроль і прымусіла яго гуляць выключна па нефармальных правілах. Прычыну ж дзяржаўнага фармалізму я падрабязна растлумачыў у «Азбуцы паліталогіі», прысвечанай прафесару Вячаславу Оргішу (гл. «Беларускі Дарэндорф»).
Сусветны крызіс, аднак, паказаў, што частковыя рэформы і папулізм несумяшчальныя. «Груз–500», які дзяржава ўзваліла на свае плечы, калі паабяцала да канца 2010 года падняць сярэдняю зарплату да 500 долараў, можа апынуцца непасільным. Вось і даводзіцца звяртацца да палітыкі падвойных стандартаў, балазе недахопу ў адпаведных прафесіяналах беларуская дзяржава не адчувае.