Наперад, у казку!

Традыцыйна, калі людзі выходзяць з адпачынку і азіраюцца навокал, яны заўважаюць шмат цікавага. Асабліва, калі пачынаюць займацца паўсядзённымі справамі, збіраць дзяцей у школу. І ў іх, канешне, узнікаюць пытанні: «Як мы будзем жыць далей?» І што для лепшага жыцця робяць тыя, каму належыць гэта рабіць?

1364464924_27.jpg

Перспектывы з навінаў мінулага тыдня ў нас, шчыра кажучы, не вельмі радасныя. Найперш, раней праходзіла інфармацыя, што Латвія будзе набываць электрычнасць з Бел­АЭС, якая павінна запусціцца вось-вось. Гэта, канешне, устурбавала Літву, — літоўцы катэгарычна супраць працы гэтага аб’екта ў адноснай блізкасці ад іх сталіцы. І ў адказ на гэта Літва хоча стварыць міжнародную кааліцыю супраць беларускай АЭС.

Пад патранажам прэзідэнта Літвы пройдзе энергетычная канферэнцыя, на якой абмяркуюць пытанні ў галіне энергетычнай бяспекі, «у тым ліку магчымасць стварэння кааліцыі супраць атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў беларускім Астраўцы расіянамі, што Літва разглядае ў якасці экалагічнай і эканамічнай пагрозы». Вядома, што згоду на ўдзел у мерапрыемстве дала Польшча.

Яшчэ адна навіна — з фінансавага рынку — таксама праходзіла раней. Пра тое, што золатавалютныя рэзервы Беларусі нарэшце ўзраслі да «рэкордных за апошнія гады аб’ёмаў» — каля $8 мільярдаў. Гэта, у прынцыпе, тая самая аптымальная для краіны лічба, на якой яны павінны быць. Але ў той жа час журналісты РБК сабралі ўсю наяўную адкрытую інфармацыю аб абавязках іншых краін перад Расіяй і высветлілі, што Беларусь — найбуйнейшы даўжнік Расіі. Па дадзеных Мінфіна Беларусі, на 1 чэрвеня 2019 года наша краіна была вінная ўсхо­дняй суседцы $7,55 мільярда. З 2012 года доўг Беларусі перад Расіяй вырас у два разы. Пры гэтым упершыню Масква адмовілася рэфінансаваць бягучую частку беларускага доўгу.

Для параўнання, Украіна вінная Расіі $3,7 мільярда, Венесуэла — $3,5 мільярда, Куба — $3,2 мільярда. Агульную запазыча­насць па расійскіх дзяржкрэдытах Мінфін РФ на 1 траўня 2019 года ацэньваў у $39,4 мільярда, з якіх $ 15,8 мільярда вінныя краіны СНД.

То-бок, усе нашы ЗВР — гэта адзін доўг Расіі. Але ж на нас «вісяць» і кітайскія крэдыты, і наўрад ці журналісты РБК палічылі ў гэтым тую самую АЭС, якую мы пабудавалі за крэдыт у $10 мільярдаў (што перавышае лічбу, агучаную РБК).

А між тым, дзяржава грошы не ашчаджае, а наадварот. Мы ўжо пісалі пра тое, што выдаткі на выбары ў гэтым годзе ў бюджэт не закладзеныя, а значыць, трэба шукаць грошы. Але выбары — гэта не толькі друкаванне бюлетэняў і скрыні для галасавання. Гэта, зазвычай, і «плюшкі» для электарату. А таму, паводле дадзеных статыстыкі, рост расходаў дзяржавы ў першым паўгоддзі 2019 года склаў 11,4% да аналагічнага ўзроўню мінулага года.

Найбольш істотна за 2019 год павялічыліся выдаткі ФСАН — на 17,2%. Пры гэтым прырост расходаў ФСАН на 1,1 мільярда рублёў перавысіў прырост даходаў фонду на 0,2 мільярда рублёў, а значыць, дэфіцыт сродкаў у ФСАН павялічваецца. Фактычна, дзяржава ў 2019 годзе павялічвае памер выплат па сацыяльных дапамогах і пенсій без уліку рэальнага фінансавага стану даходаў фонду.

Другой па росце расходаў у 2019 годзе стала сацыяльная сфера. Выдаткі на сацыялку — і ў першую чаргу, на рост аплаты працы ў адукацыі, ахове здароўя і гэтак далей — павялічыліся на 13,3%.

Менш істотна павялічваліся выдаткі на нацыянальную эканоміку — на 8,7%, і на агульнадзяржаўную дзейнасць — на 5,9%. Апошняе сведчыць пра тое, што прыярытэтам для дзяржавы ў 2019 годзе стала забеспячэнне росту даходаў насельніцтва над іншымі выдаткамі дзяржавы.

Варта адзначыць, што перавышэнне тэмпаў росту выдаткаў над даходамі ў першым паўгоддзі 2019 года прывяло да скарачэння прафіцыту дзяржаўных фінансавых рэсурсаў з 3,4 мільярда рублёў у 2018 годзе да 2,5 мільярда рублёў у 2019 годзе. Вядома, што прафіцыт бюджэту накіроўваецца пераважна на пагашэнне знешняга доўгу дзяржавы (памятаеце пра разлікі РБК і кітайскія крэдыты?). А значыць, дзяржава будзе імкнуцца не пагашаць знешні доўг, а рэфінансаваць яго за кошт новых запазычанняў. А Расія адмаўляецца ад такой «пралангацыі» доўгу. Што, адпаведна, нясе нам значныя рызыкі ў будучыні — можа быць, аж да дэфолту.

І каб гэта ўсё неяк істотна адбівалася на росце даходаў насельніцтва! На самай справе, так не атрымліваецца.

Паводле дадзеных Следчага камітэта, у Беларусі ўпершыню за шмат гадоў адзначаецца сур’ёзны рост злачыннасці. У студзені-ліпені гэтага года колькасць злачынстваў вырасла на 8,3 працэнта ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. Паводле статыстыкі МУС Беларусі, найбольш значны рост злачыннасці ў бягучым годзе адзначаны ў Мінску — адразу амаль на 25 працэнтаў. Асноўны прырост (каля 10%) адбыўся ў катэгорыі менш цяжкіх злачынстваў і злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Амаль палова злачынстваў прыпадае на крадзяжы.

Крадзяжы — злачынствы, выкліканыя пераважна сацыяльнай неўладкаванасцю, сацыяльна-эканамічнымі прычынамі. То-бок, адбываецца тое, пра што папярэджвалі эксперты, — зніжэнне ўзроўню жыцця грамадзянаў, усялякія «дармаедскія падаткі» і адвольныя зборы (ці тое «на свята гораду», ці тое «допуск транспартнага сродку да руху») — спараджаюць рост злачыннасці.

Паказальна, што ўсплёск злачыннасці ў Беларусі прыпаў на 1990-я гады, якія характарызаваліся глыбокім сацыяльна-эканамічным крызісам, выкліканым распадам савецкай сістэмы. Па меры аднаўлення эканомікі зніжаўся і агульны ўзровень крыміналізацыі беларускага грамадства.

Такім чынам, трэба эканомікай займацца, тады і злачыннасці будзе менш. Але… Адным з гучных прызначэнняў гэтага тыдня было прызначэнне новага галоўнага ідэолага краіны — Андрэя Кунцэвіча. Ён будзе курыраваць сферы ідэалогіі і працы СМІ.

То-бок, замест развіцця эканомікі і рэальнага павышэння дабрабыту насельніцтва нам будуць расказваць, як у нас усё добра. Наперад, у казку!