Рух уніз: 25 гадоў таму адбылася першая ў незалежнай Беларусі дэнамінацыя

Дэнамінацыя–94 мела ў Беларусі свае асаблівасці. Яна была праведзеная ў адносінах да разліковых білетаў Нацыянальнага банка, якія не з’яўляліся нацыянальнай валютай, і не суправаджалася заменай старых грашовых знакаў новымі.

68774632_2371308239853257_230031125454520320_n.jpg


12 жніўня 1994 года Кабінет Міністраў і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь зацвердзілі сумесную пастанову №15/1 пад назвай «Аб дэнамінацыі беларускага рубля». Гэтая запланаваная фінансавая акцыя праводзілася ў традыцыйных для ўсяго свету мэтах: спрашчэнне разлікаў, а таксама прывядзенне ў адпаведнасць вартасці грашовай адзінкі яе наміналу. Дэнамінацыя беларускага рубля ў дзесяць разоў павінна была адбыцца 20 жніўня.

Нечаканы «падарунак»

Для шараговых беларускіх жыхароў аб’ява пра дэнамінацыю сапраўды была сюрпрызам. Ні ў перадвыбарчай праграме кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, ні ў заявах новага ўрада на чале з Міхаілам Чыгіром ані слова не было пра дэнамінацыю. У праектах прэзідэнцкай праграмы надзвычайных захадаў па пераадоленні крызісных з’яваў у беларускай эканоміцы, якія пачалі бурна абмяркоўвацца ў сродках масавай інфармацыі, адсутнічалі ўсялякія намёкі, датычныя рэформы грошай.

Такім чынам, рашэнне наконт правядзення дэнамінацыі было, хутчэй за ўсё, спантанным, яго прынялі ў апошні момант і пры вельмі важных абставінах. Справа ў тым, што з 10 жніўня 1994 года (пазней Лукашэнка назваў гэты дзень самым цяжкім у сваім жыцці) істотна падвышаліся кошты на тыя харчовыя тавары, якія былі асноўнымі ў спажывецкім кошыку большасці насельніцтва, — хлеб і малако.

Урадавыя колы пралічылі, што ўся ўвага жыхароў будзе скіраваная на падвышэнне цэнаў, а таму шараговы грамадзянін «праглыне» дэнамінацыю. І не памыліліся. Нягледзячы на адносна высокі крэдыт даверу да новага кіраўніцтва і кампенсацыйныя расходы ў памеры 75–80 тысяч рублёў, найменш абароненым сацыяльным слаям (непрацуючыя пенсіянеры, студэнты, афіцыйна зарэгістраваныя беспрацоўныя і інш.), «хлеб і малако» выклікалі моцную незадаволенасць большай часткі насельніцтва (віцэ-прэм’ер па сацыяльных пытаннях Віктар Ганчар вымушаны быў апраўдвацца праз СМІ: маўляў, кампенсацыі дастатковыя, за іх выплатамі ўсталяваны жорсткі кантроль), а восенню прывялі да арганізаваных выступаў сталічнага студэнцтва пад лозунгамі «Дзякуй прэзідэнту за хлеб і малако!», «Малако і хлеб — студэнцкі абед!», што стала пачаткам шматгадовага супрацьстаяння прагрэсіўнай часткі беларускай моладзі новай уладзе.

Карыкатура, прысвечаная дэнамінацыі–94. «Рэспубліка», жнівень 1994 года.

Карыкатура, прысвечаная дэнамінацыі–94. «Рэспубліка», жнівень 1994 года.

Пад ціскам абставінаў

На пастанове фігуравала прозвішча галоўнага банкіра краіны, ліберала-рыначніка Станіслава Багданкевіча. Гэта азначала, што неабходнасць дэнамінацыі сапраўды наспела. Аўтарытэт Багданкевіча прызнаваўся амаль усімі тагачаснымі палітычнымі сіламі. У свой час Багданкевіч не пабаяўся выступіць супраць кіраўніка ўрада Вячаслава Кебіча і заявіў, што дагавор аб аб’яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі (12 красавіка 1994 года) парушае Канстытуцыю ўласнай краіны.

Якія ж былі абставіны? Пасля распаду Савецкага Саюза перад незалежнай Беларуссю востра паўстала пытанне стварэння ўласнай грашовай і фінансавай сістэмы. Прапановы парламенцкай апазіцыі БНФ аб увядзенні нацыянальнай валюты (талера) як галоўнай умовы аздараўлення эканомікі, былі адкінутыя ўрадам Кебіча і кансерватыўнай парламенцкай большасцю Вярхоўнага Савета 12 склікання.

Пракамуністычнае кіраўніцтва Беларусі пайшло на палавіністыя захады. 25 траўня 1992 года ў Беларусі ў абарот былі ўведзеныя т.зв. разліковыя білеты. Іх галоўная задача заключалася ў тым, каб стаць дадатковым плацежным сродкам разам з асноўнай грашовай адзінкай — рублём. Функцыі апошняга выконвалі банкноты СССР і Расіі ўзору 1961–1993 гадоў, а таксама металічныя расійскія і савецкія манеты. Адзін разліковы білет прыраўніваўся да дзесяці рублёў. Напрыклад, разліковы білет з выявай лася фармальна каштаваў 25 рублёў, а на самай справе — 250. Такое разыходжанне было абумоўлена высокімі тэмпамі інфляцыі, таму кошт разліковых білетаў вырашылі павялічыць у дзесяць разоў. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі паралельна хадзілі ажно некалькі плацежных сродкаў.

Дарэчы, яшчэ ў сакавіку 1992 года пры абмеркаванні ў Вярхоўным Савеце праекта пастановы «Аб часовым парадку валютнага рэгулявання і правядзенні валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» некаторыя дэпутаты (у прыватнасці, аглядальнік «Народнай газеты» Іван Герасюк) прапанавалі ўнесці такі пункт, паводле якога «грамадзяне Беларусі і іншыя фізічныя асобы» мелі б «права свабодна ажыццяўляць на тэрыторыі рэспублікі аперацыі куплі-продажу паміж сабою за валютныя сродкі».

Такі радыкалізм быў рашуча асуджаны старшынёй пастаяннай планава-бюджэтнай камісіі Вярхоўнага Савета Раманам Унучкам: «Что касается свободного хождения валюты на территории Республики Беларусь, то в этих условиях в настоящее время такое допустить невозможно. Потому что иностранная валюта — более мощная, более крепкая валюта. По сути дела, она вытеснит рубль с рынка, он утратит все свои основные функции».

Дэпутат Уладзімір Сапронаў назваў прапанову Герасюка «преступлением против собственной финансовой системы, валютной системы, преступлением против собственного народа и своего будущего». У выніку прапанова Герасюка набрала ўсяго 34 галасы, а ў самой пастанове ад 20 сакавіка 1992 года было зацверджана, што аперацыі на валютным рынку Рэспублікі Беларусь маглі ажыццяўляцца толькі праз банкі, якія мелі адпаведныя ліцэнзіі.

Свае карэктывы ўнесла суседка-Расія, да саюзу з якой так імкнуліся кансерватары і камуністы. Паводле рашэння расійскага Цэнтрабанка, з 26 ліпеня 1993 года на тэрыторыі Расіі выводзіліся з абарачэння банкноты СССР і банкноты Расіі ўзору 1961–1992 гадоў. Такім чынам, у наяўна-грашовым абароце на тэрыторыі Беларусі засталіся разліковы білет і расійскі рубель узору 1993 года (а таксама металічныя манеты СССР і Расіі). У рэальнасці расійскія рублі, а тым больш манеты, фактычна зніклі з беларускага грашовага абароту, а функцыю адзінай плацежнай адзінкі стаў выконваць разліковы білет.

 Карыкатура, прысвечаная дэнамінацыі–94. «Народная газета», 1994 год

 Карыкатура, прысвечаная дэнамінацыі–94. «Народная газета», 1994 год

Не дапаможа нават матэматыка!

Як адзначалі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, дэнамінацыя ў краіне прайшла «без особых эксцессов». Канешне, знаходзіліся незадаволеныя, якія дасылалі эмацыйныя лісты ў газеты, параўноўвалі Лукашэнку з Ельцыным, намагаліся высветліць, што беларускі кіраўнік «делает с деньгами». Аднак гэта была больш псіхалагічная рэакцыя насельніцтва, якая, на думку спецыялістаў, заўсёды суправаджае дэнамінацыю. А ў цэлым абстаноўка была спакойная. Кантрольныя і праваахоўныя органы цалкам кантралявалі сітуацыю і не дапусцілі свавольства і бязмежжа з боку дзяржаўных і камерцыйных структураў.

Але з’явілася праблема, звязаная з уладальнікамі банкаўскіх укладаў, у прыватнасці, Ашчаднага банка. Праз сродкі масавай інфармацыі і праз заявы ў пракуратуру з дапамогай юрыстаў яны сталі задаваць непрыемныя пытанні. Чаму дэнамінацыя закранула ўклады ў савецкіх рублях, якія былі пакладзеныя ў банкі да ўвядзення разліковага білета Нацбанка Беларусі, а таксама ўклады ў расійскіх рублях ўзору 1993 года, хаця пастанова называлася аб дэнамінацыі беларускага рубля, якім, па сутнасці і быў разліковы білет?

Таксама ўкладчыкі сцвярджалі, што іх уклады ў сувязі з дэнамінацыяй істотна паменшыліся. Неўзабаве пасля дэнамінацыі апазіцыйная газета «Свабода» надрукавала ліст мінскай настаўніцы пад назвай «Задача для прэзідэнта». Настаўніца казала, што на яе рахунку да дэнамінацыі было 20 тысяч рублёў, а потым засталося толькі 2 тысячы. Куды дзеліся мае тысячы, пыталася настаўніца-матэматык з трыццацігадовым стажам.

«Свабода» здолела атрымаць каментар самога начальніка праўлення Ашчадбанка Уладзіміра Хілько. Ён паведаміў, што ўклады, зробленыя ў Ашчадбанку да ўвядзення «зайчыка», трэба было б захаваць цалкам. Аднак, па словах Хілько, Кабінет Міністраў не зрабіў выключэння, таму ўклады зменшыліся ў дзесяць разоў.Парламенцкая «Народная газета» ў верасні 1994 года надрукавала ліст калгасніцы калгаса імя Дзяржынскага Рэчыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яна паклала на вяселле сваім дзецям па 1000 рублёў (грашыма СССР), а пасля дэнамінацыі засталося толькі па 100 рублёў. Дэнамінацыя ж, дзвілася калгасніца, праведзеная ў адносінах беларускага рубля — толькі беларускага, а не савецкага, і не расійскага, і ніякага іншага.

У пэўнай катэгорыі грамадзянаў пачала фармавацца крамольная думка аб тым, што новая ўлада больш схільная да канфіскацыйных захадаў і што ў выпадку форс-мажорных абставінаў яна будзе вырашаць праблемы за кошт кішэняў людзей.

Генпракурор — з народам!

Каб захаваць добрую міну пры дрэннай гульні, на падобныя заявы вымушана была рэагаваць пракуратура. У верасні 1994 года генеральны пракурор Беларусі Васіль Шаладонаў накіраваў адмысловы афіцыйны ліст на імя старшыні Кабінета Міністраў Міхаіла Чыгіра. У лісце гаварылася, што дзякуючы высілкам урада, пачынаючы з 1991 года, часткова павысіліся працэнтныя стаўкі на ўклады грамадзянаў у Ашчадбанку, ажыццяўляліся захады па індэксацыі. Аднак дэнамінацыя, на думку Шаладонава, парушыла правы грамадзянаў як уласнікаў грошаў, якія былі пакладзеныя ў Ашчадны банк. Генпракурор нагадаў пра тое, што закон аб банках і банкаўскай справе, у прыватнасці, артыкул 29, гарантаваў цэласнасць грашовых сродках, давераных установам Ашчадбанка. Правы ўласнікаў грошаў таксама абараняў і закон аб уласнасці. У лісце Шаладонаў прапанаваў Чыгіру вывесці з-пад дэнамінацыі ўклады, якія захоўваліся ў Ашчадбанку да ўвядзення разліковага білета Нацыянальнага банка, а таксама ўклады ў расійскіх рублях узору 1993 года.

Міхаіл Чыгір, ва ўсялякім разе публічна, ніяк не адрэагаваў на ліст Шаладонава. Магчыма, гэта было непасрэднае ўказанне Лукашэнкі. Ды і сярод укладчыкаў, акрамя пэўнай колькасці лістоў у сродкі масавай інфармацыі і заяваў у пракуратуру, не назіралася масавае сацыяльнае абурэнне. Да таго ж меліся пытанні і да самога Шаладонава, які ў сваім лісце чамусьці абмінуў укладчыкаў камерцыйных банкаў.

Ядранцаў — дэнамінацыя — Процька

У сувязі з дэнамінацыяй у канцы жніўня 1994 года ў прамым радыёэфіры рэспубліканскай перадачы «Апоўдні» адбыўся цікавы і адначасова сумны інцыдэнт, які сведчыў пра тое, што новыя ўлады пойдуць на ўсё, каб заткнуць рот апанентам. Падчас эфіру, у якім брала ўдзел гісторык Таццяна Процька, у апаратную ўвайшоў кіраўнік беларускага радыё Уладзімір Ядранцаў і катэгарычна патрабаваў зняць эфір. Справа ў тым, што Таццяна Процька крытычна ацаніла новую ініцыятыву Лукашэнкі — замяніць школьныя «нацыяналістычныя» падручнікі па гісторыі. Спадарыня Процька заявіла, што пошук ворагаў у дзяржаве заўсёды пачынаўся з падручнікаў і кнігаў.

Калі інцыдэнт стаў вядомы грамадскасці, дэпутат ад апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык накіраваў у «Народную газету» ліст пад назвай «Старые метады новых кадраў», у якім асудзіў дзеянні Ядранцава. Ядранцаў у тым жа выданні размясціў адказ («Прамы эфір — справа сур’ёзная»), у якім абвінаваціў Таццяну Процька ў падмане. Па словах Ядранцава, з Процька і рэдактарам праграмы Эдвардам Тарлецкім існавала дамоўленасць, што яна будзе казаць пра дэнамінацыю грошай, а замест гэтага, сцвярджаў Ядранцаў, ён ужо ў прамым эфіры пачуў «лаянку на прэзідэнта».

У сваю чаргу, недзяржаўная журналісцкая супольнасць нагадала спадару Ядранцаву, што яго калегі па цэху не абавязаны папярэдне прадстаўляць матэрыялы, якія ідуць у прамы эфір.

Каманда Аляксандра Лукашэнкі ў рэдакцыі газеты «Звязда» 1 ліпеня 1994 года. Уладзімір Ядранцаў з ручкай дае «каштоўныя ўказанні». Побач з мінералкай у руцэ — будучы пасол Беларусі ў ЗША і Мексіцы і будучы шматгадовы кіраўнік Парка высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала, «Свабода», жнівень 1994 года.

Каманда Аляксандра Лукашэнкі ў рэдакцыі газеты «Звязда» 1 ліпеня 1994 года. Уладзімір Ядранцаў з ручкай дае «каштоўныя ўказанні». Побач з мінералкай у руцэ — будучы пасол Беларусі ў ЗША і Мексіцы і будучы шматгадовы кіраўнік Парка высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала, «Свабода», жнівень 1994 года.

Ваша слова, дэпутаты!

Калі жарсці з дэнамінацыяй трохі сціхлі, у ход пайшла цяжкая артылерыя. 8 снежня 1994 года нечакана для грамадскасці і, напэўна, для самога Лукашэнкі, ажно 75 дэпутатаў Вярхоўнага Савета звярнуліся ў Канстытуцыйны Суд: «Вносим предложение о проверке конституционности принятого Кабинетом Министров и Национальным банком Республики Беларусь постановления 15/1 от 12 августа 1994 года “О деноминации белорусского рубля”. Считаем, что данным решением нарушены конституционные права граждан республики, убеждены, что для восстановления конституционной законности необходимо принять решение о выводе из-под деноминации вкладов граждан, хранившихся в Сбербанке до момента введения в обращение расчетных билетов Национального банка Республики Беларусь».

Галоўным падбухторшчыкам спакою выступіў дэпутат Генадзь Казлоў. Гэта быў не проста дэпутат: у Вярхоўным Савеце ён узначальваў моцную парламенцкую групоўку «Беларусь», якая лабіявала інтарэсы кіраўніка ўрада Вячаслава Кебіча. Да таго ж Казлоў працаваў намеснікам дзяржаўнага сакратара па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспецы. Дзяржсакратором на той час быў Генадзь Данілаў — правая рука Кебіча. Аднак з прыходам Лукашэнкі ўсім планам Казлова наступіў канец… Казлоў зрабіў некалькі рэзкіх заяваў і спытаў, а ці сапраўды была дзяўчынка з імем дэнамінацыя?

З заявы бачна, што дэпутаты, як і Шаладонаў, пакінулі па-за ўвагай уладальнікаў укладаў у камерцыйных банках. Чаму? Таксама цяжка адказаць на пытанне, чаму менавіта цяпер, праз некалькі месяцаў пасля дэнамінацыі, з’явіўся зварот у Канстытуцыйны Суд? Магчыма, кімсьці авалодала прага сацыяльнай справядлівасці, магчыма, хтосьці жадаў заявіць пра сябе напярэдадні новых парламенцкіх выбараў, а хтосьці, такім чынам, вырашыў «насаліць» Лукашэнку, без згоды якога, дэнамінацыя, канешне, не магла адбыцца.

Сярод апошніх, акрамя Казлова, верагодна, быў дэпутат, генерал-маёр Яўген Бачароў, які ў 1992–1994 гадах узначальваў Галоўнае ўпраўленне памежных войскаў. Бачароў быў чалавекам Кебіча, а ў перыяд першай прэзідэнцкай кампаніі разам з іншымі высокапастаўленымі ваеннымі жорстка крытыкаваў Лукашэнку. Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. Атрымаўшы ўладу, новы беларускі кіраўнік распачаў сапраўдны наступ на кебічаўскі генералітэт (міністр абароны Павел Казлоўскі, кіраўнік контрразведкі КДБ Станіслаў Князеў і інш.), у прыватнасці, панізіў іх у званнях.



Што да Бачарова, то была створана спецыяльная камісія, якая павінна была вывучыць дзейнасць Галоўнага ўпраўлення памежных войскаў. Вынік дзейнасці камісіі, канешне, быў прадказальным. Бачарову, напрыклад, закідвалася тое, што самалёты іншых краінаў сістэматычна парушалі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь.

Пакінуўшы пасаду, Бачароў заняў яшчэ больш радыкальную пазіцыю да Лукашэнкі. Пры абмеркаванні антыкарупцыйнага даклада дэпутата ад апазіцыі БНФ Сяргея Антончыка 20 снежня 1994 года Бачароў кінуў Лукашэнку ў твар, што яго перадвыбарчая праграма была заснаваная на лжы і папулізме. Бачароў вольна ці нявольна прадказаў лёс зніклых у 1999–2000 гадах журналістаў, бізнесменаў і палітыкаў, заявіўшы, што Лукашэнка ніколі не прымусіць яго маўчаць. А калі захоча прымусіць, дык Лукашэнку давядзецца ажыццявіць у адносінах да яго, Бачарова, «спецоперацию».


Якія б ні былі матывы народных абраннікаў, цікавіць вось такі момант. Сярод падпісантаў фігуравалі людзі самых супрацьлеглых, непрымірымых палітычных поглядаў: камуніст Міхаіл Качан і прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі БНФ Лявон Баршчэўскі, Галіна Сямдзянава, Сяргей Навумчык і інш.

Для Лукашэнкі з яго вострым палітычным пачуццём гэта быў дрэнны сігнал. Калі 75 розных парламентарыяў (амаль траціна з дзейнага дэпутацкага корпусу) здолелі аб’яднацца вакол дэнамінацыі, то што здарыцца, калі яны вырашаць «вывучыць» такое пытанне, якое непрыемна ўсім прэзідэнтам і якое ў англасаксонскім праве завецца імпічментам.

Лукашэнку таксама непакоіў і сам фактар Канстытуцыйнага Суда, які меў моцную заканадаўчую зброю: права па ўласнай ініцыятыве распачынаць справу па праверцы на канстытуцыйнасць таго ці іншага нарматыўнага прававога акта, у тым ліку і ўказа прэзідэнта.


Больш за тое, Канстытуцыйны Суд, які быў створаны вясной 1994 года, распачаў сваю дзейнасць як фактычны абаронца правоў грамадзянаў. Так, у верасні 1994-га ён прызнаў неканстытуцыйнымі тыя артыкулы Кодэкса аб працы (181 і 331), якія давалі наймальніку права скасоўваць працоўны дагавор пры дасягненні работнікам пенсійнага ўзросту (мужчыны — 60 гадоў, жанчыны — 55 гадоў). У кастрычніку таго ж года Канстытуцыйны Суд «паставіў на месца» Мінгарвыканкам, які яшчэ ў траўні прыняў дыскрымінацыйную пастанову, згодна з якой у прафесійна-тэхнічныя вучылішчы сталіцы маглі прымацца толькі жыхары Мінска і «близлежащих населенных пунктов». У выніку хлопчыкі і дзяўчаты з рэгіёнаў страчвалі магчымасць навучання па 18 запатрабаваных спецыяльнасцях, якія можна было атрымаць толькі ў Мінску.



Дэпутаты, што звярнуўліся ў Канстытуцыйны Суд, магчыма, разлічвалі на станоўчае рашэнне, бо дэнамінацыя ўсё ж закранула даволі значнае кола грамадзянаў — укладчыкаў. Аднак Лукашэнку ні ў якім разе нельга было прайграць. Яго становішча і без таго ўскладнілася: абвастрыліся адносіны з Вярхоўным Савета, рыхтаваўся даклад Сяргея Антончыка, толькі-толькі пачала фарміравацца «вертыкаль».

На карысць аднаго

І, хутчэй за ўсё, не без уплыву прэзідэнцкіх колаў Канстытуцыйны Суд 22 лютага 1995 года прыняў рашэнне на карысць кіраўніка дзяржавы. На думку Суда, дэнамінацыя, якая з’яўлялася чыста тэхнічным актам, «не магла паўплываць на абясцэненне грашовых укладаў насельніцтва ў момант яе правядзення». Памер укладаў насельніцтва, лічыў Канстытуцыйны Суд, не залежаў ад таго, за кошт унясення якіх грашовых знакаў ён фармаваўся (савецкіх, расійскіх або разліковых білетаў Нацыянальнага банка), паколькі ў наяўным звароце ўсе яны мелі аднолькавую вартасць.
Дзесяціразовае памяншэнне велічыні ўкладаў з адначасовым дзесяціразовым памяншэннем кошту тавараў, паслуг, запазычанасці насельніцтва па банкаўскіх пазыках і да т.п., сцвярджаў высокі Суд, не змянялі пакупніцкай здольнасці ўкладаў на момант правядзення гэтай акцыі, бо ў гэты час захоўвалася магчымасць набыцця той жа колькасці тавараў і паслуг, што і да дэнамінацыі.

 Калаж, прысвечаны дэнамінацыі–94. «Народная газета», жнівень 1994 года

 Калаж, прысвечаны дэнамінацыі–94. «Народная газета», жнівень 1994 года

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што абясцэньванне ўкладаў адбылося ў выніку выключна інфляцыі, і што дзяржаўныя органы не зрабілі належных захадаў па кампенсацыі стратаў грамадзянаў. У канцы рашэння Суд выкінуў сапраўдны фортэль. Ён прапанаваў прэзідэнту, ураду і Нацбанку «распрацаваць і ажыццявіць захады, накіраваныя на кампенсацыю насельніцтву ўрону, панесенага ім у выніку інфляцыйнага абясцэньвання грашовых зберажэнняў, змешчаных у Ашчадным банку, уключаючы магчымасць маёмаснай кампенсацыі шляхам бясплатнай або на льготных умовах прыватызацыі жылля, зямельных участкаў, маёмасці, выпуску акцый, аблігацый дзяржаўнай пазыкі і выкарыстання іншых спосабаў абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў».
Як кажуць у народзе: чытаць і плакаць.