МЗС Беларусі: Украінскі крызіс павінен вырашацца ў самой Украіне
Украінскі крызіс павінен вырашацца ў самой Украіне на падставе нацыянальнага кансенсусу, а пытанні міру і бяспекі — першачарговая кампетэнцыя не Генасамблеі, а Савета бяспекі ААН.
Так прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык пракаментаваў БелаПАН матывы беларускай дэлегацыі ў ААН, якая прагаласавала супраць рэзалюцыі Генасамблеі арганізацыі аб тэрытарыяльнай
цэласнасці Украіны.
"Беларускі бок не лічыць, што галасаванне ў Генеральнай асамблеі ААН дазволіць урэгуляваць крызіс ва Украіне. З самага пачатку неабходна падкрэсліць, што пытанні міру і бяспекі
— гэта першачарговая кампетэнцыя не Генасамблеі, а Савета бяспекі ААН", — зазначыў Мірончык.
Ён таксама дадаў: "Мы ўпэўнены, што ўкраінскі крызіс павінен вырашацца ў самой Украіне на падставе нацыянальнага кансенсусу. Міжнародныя рознагалоссі павінны вырашацца шляхам перамоў паміж
зацікаўленымі бакамі, а роля міжнародных арганізацый — служыць пляцоўкай для дыялогу, перамоў, забяспечваць у выніку стабілізацыю становішча і вырашэнне крызісу".
У сувязі з гэтым у МЗС адзначаюць важнасць і станоўча разглядаюць "патэнцыяльную ролю маніторынгавых місій ААН і АБСЕ ва Украіне".
Як паведамляў БелаПАН, 27 сакавіка Генасамблея ААН большасцю галасоў прыняла рэзалюцыю аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, у якой рэферэндум, які прайшоў у Крыме, названы незаконным. Гэты дакумент
падтрымалі 100 дзяржаў; 11 прагаласавалі супраць, у тым ліку Беларусь; 58 членаў Генасамблеі ўстрымаліся.
Пазіцыю Беларусі на пасяджэнні прадставіў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Яўген Лазараў. "Беларусь вітае ўсе намаганні, скіраваныя на пошук мірнага
ўрэгулявання канфлікту ва Украіне і дээскалацыю сітуацыі ў рэгіёне. Беларусь выступае за першачарговае выкарыстанне для гэтага механізмаў, менш прадстаўнічых, чым Генеральная асамблея ААН, але якія
валодаюць на сёння вялікім канструктыўным патэнцыялам для паспяховага мірнага вырашэння наяўнай сітуацыі. Адзначаем важнасць працы ва Украіне назіральнай місіі ААН па правах чалавека і спецыяльнай
назіральнай місіі АБСЕ".
У самой рэзалюцыі сцвярджаецца: рэферэндум, што адбыўся ў Крыме 16 сакавіка, "незаконны і не можа служыць падставай для любога змянення статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым або горада
Севастопаля". Сааўтары дакумента — імі сталі Канада, Коста-Рыка, Германія, Літва, Польшча і Украіна — выказалі сваю "прыхільнасць да суверэнітэту, палітычнай
незалежнасці, адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах".
У дакуменце ўтрымліваецца заклік устрымлівацца ад дзеянняў, накіраваных на "падрыў нацыянальнага адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны". Аўтары дакумента заклікалі ўсе
дзяржавы і міжнародныя арганізацыі "ўстрымлівацца ад любых дзеянняў або крокаў, якія можна было б патлумачыць як прызнанне змены статусу Крыма і Севастопаля".
Акрамя Беларусі, супраць рэзалюцыі выказаліся прадстаўнікі Расіі, Арменіі, Балівіі, Венесуэлы, Зімбабве, Кубы, КНДР, Нікарагуа, Сірыі і Судана. "Вынік цалкам для нас добры, маральную і
палітычную перамогу мы атрымалі. Ужо, зразумела, ніякай гаворкі пра ізаляцыю Расіі ў гэтай сітуацыі быць не можа", — заявіў па выніках галасавання пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН
Віталь Чуркін.
Арцём Шрайбман, БелаПАН