«Мы мусім вырашаць, што рабіць далей». Сахашчык звярнўся да беларускіх вайскоўцаў
Пасля абвяшчанага кіраўніком ПВК Вагнера Яўгенам Прыгожыным паходу на Маскву Расія аказалася на мяжы грамадзянскай вайны. Сабралі рэакцыю на падзеі ў РФ у лагеры дэмакратычных сіл і Украіне.
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага
Пераходнага Кабінета Валерый Сахашчык выступў са зваротам да беларускіх вайскоўцаў у сувязі з
сітуацыяй у Расіі:
Прарасійскі шлях, па якім краіну вёў Лукашэнка ўсе гэтыя
гады, прывёў у тупік, — сказаў Валерый Сахашчык на сваім ютуб-канале. — Мы з вамі зараз стаім на дарозе. Перад намі апушчаны
шлагбаўм і знак тупік. І мусім вырашаць, што рабіць далей. Прычым вырашаць
хутка. Альбо мы выкарыстоўваем гэты гістарычны шанец, і станем паспяховай
еўрапейскай краінай. Альбо страцім усё, і сама назва Рэспубліка Беларусь застанецца
толькі ў кніжках.
Я хачу звярнуцца найперш да беларускіх вайскоўцаў. Нам няма на каго разлічваць. Але мы з вамі, аб'яднаўшыся, дакладна з гэтым справімся. Мы адна з лепшых нацый свету. У нас будзе час пазадаваць пытанні і выказаць адно аднаму прэтэнзіі. Давайце не зараз. Цяпер аб'ядноўваем нацыю. Цяпер ратуем радзіму. Усё астатняе потым».
Аб'яднаны пераходны кабінет наўпрост зараз праводзіць нараду па сітуацыі ў Расіі. Пасля гэтага варта чакаць нейкіх каментароў.
Тым часам на падзеі ў РФ адрэагавалі ў Кіеве.
«Несумненна, тое, што сёння адбываецца ў Растове і Варонежы, выразна ставіць Расію на мяжу грамадзянскай вайны, якая будзе аб'ектыўнай, таму што Пуцін страціў сваю сакральнасць. Пуцінскае асяроддзе неэфектыўнае з пункту гледжання аперацыйнага кіравання, і, адпаведна, вельмі шмат груп у РФ, якія гатовыя ўжо да пратэстных праяў» , — заявіў дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
Ён прапанаваў «назіраць далей, таму што гэта толькі
пачатак, і, несумненна, гэта прывядзе да сур'ёзных змен і трансфармацыі
расійскай палітычнай сістэмы незалежна ад гэтага раўнда».
Падаляк заявіў, што для Украіны важна, каб Расія перастала існаваць у цяперашнім палітычным выглядзе, таму Кіеў будзе «вітаць любыя грамадзянскія непадпарадкаванні, якія будуць нарастаць у Расійскай Федэрацыі».
Выказаўся з актуальнай нагоды і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Кожны, хто выбірае шлях зла, разбурае сам сябе, — сказаў ён. — Пасылае калоны вайскоўцаў знішчаць жыццё іншай краіны і не можа ўтрымаць іх ад уцёкаў і здрады, калі жыццё супраціўляецца. Тэрарызуе ракетамі, а калі іх збіваюць — прыніжаецца, каб далі «Шахеды». Прыніжае людзей і кідае на вайну сотні тысяч, каб нарэшце забарыкадавацца ў Маскоўскай вобласці ад тых, каго сам узброіў. Расія доўга маскіравала прапагандай сваёй слабасці і глупства свайго кіравання. А цяпер хаосу ўжо столькі, што ніводнай хлуснёй яго не ўтоіш. І ўсё гэта адзін чалавек, які зноў і зноў палохае 1917 годам, хоць наогул ні да чаго іншага прывесці не здольны».
Паводле слоў Зяленскага, «слабасць Расіі відавочная, поўнамаштабная слабасць».
«І чым даўжэй Расія будзе трымаць свае войскі і наймітаў на
нашай зямлі, тым больш хаосу, болю і праблем для сябе потым атрымае. Гэта
таксама відавочна. Украіна здольная засцерагчы Еўропу ад распаўзання расейскага
зла і хаосу. Захоўваем нашу крэпасць, адзінства і сілу. Усе нашы камандуючыя,
усе нашы воіны ведаюць, што рабіць», — сказаў прэзідэнт Украіны.