Міклаш Харашці: «Беларусь павінна гарантаваць права выбіраць і быць абраным»

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці гаворыць, што Беларусь павінна гарантаваць шэраг правоў чалавека для ажыццяўлення права абіраць і быць абраным.



harasti.jpg

У час прэзентацыі свайго першага даклада Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый на гэтым тыдні ў Нью-Ёрку сп. Харашці нагадаў, што Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, якая не мае апазіцыі ў парламенце.

"Выбары ў любой краіне з'яўляюцца цэнтральным актам выказвання грамадскай волі, — заявіў незалежны эксперт. — Яны не з'яўляюцца простымі адміністрацыйнымі рухамі, а наймацнейшай сувяззю паміж усеагульнымі правамі чалавека і нацыянальнай дэмакратыяй".

У сваім дакладзе сп. Харашці паказвае, што як асноўныя, так звязаныя з выбарамі правы чалавека, сістэматычна і мэтанакіравана абмяжоўваліся падчас кожных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі з 1991 года.

"Гэта прывяло да таго, што заканадаўчая ўлада страціла ўсе свае паўнамоцтвы на карысць адміністрацыі, і на працягу апошніх пятнаццаці гадоў дзейнічала з удзелам толькі праўрадавых утварэнняў, незалежна ад таго, ці байкатаваліся выбары палітычнымі партыямі ў знак пратэсту супраць парушэння іх правоў», — адзначыў ён.

«Права абіраць і быць абраным, — падкрэсліў эксперт, — з'яўляецца адным з асноўных правоў чалавека, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога з'яўляецца Беларусь. Павінна быць адноўлена права грамадзян унесці свой унёсак у агульны дабрабыт у выбарах. Найперш трэба спыніць абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў, аб'яднання і мірных сходаў. Павінны быць адмененыя дыскрымінацыйныя палажэнні аб партыях і рэгістрацыі кандыдатаў. Далейшыя ўдасканаленні павінны ўключаць спосаб фармавання выбарчых камісій; празрыстасць падліку галасоў; стварэнне магчымасці абскарджваць вынікі выбараў і забеспячэнне абнародавання вынікаў галасавання на выбарчых участках адразу пасля галасавання".

Сп. Харашці вітаў заяву Беларусі пра свой намер унесці папраўкі ў выбарчы кодэкс у гэтым годзе, але быў занепакоены тым, што гэтыя папраўкі ўжо прайшлі першае чытанне ў парламенце, не будучы апублікаванымі ў парадку, устаноўленым міжнароднымі стандартамі і нават унутраным заканадаўствам.

Спецыяльны дакладчык пацвердзіў сваю гатоўнасць да супрацы з беларускімі ўладамі дзеля істотнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Поўны тэкст даклада выкладзены на сайце ААН.  

Нагадаем, Рада ААН па правах чалавека ўвяла мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь у сакавіку 2012 года (рэзалюцыя 20/13), на першапачатковы перыяд у адзін год. У якасці спецыяльнага дакладчыка Міклаш Харашці (Венгрыя) не залежыць ад якога-кольвек урада ці арганізацыі, і выступае ад уласнага імя. У 1970-х , сп. Харашці быў адным з заснавальнікаў руху за правы чалавека і свабодную прэсу ў Венгрыі, а ў 1990-х гадах быў членам венгерскага парламента. З 2004 па 2010 займаў пасаду прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі. З 2010 года быў прафесарам у некалькіх універсітэтах, выкладаў дэмакратызацыю СМІ.


spring96.org