Правы чалавека як вышэйшая каштоўнасць

Мы прапануем вашай увазе цыкл артыкулаў пра правы чалавека. Іх аўтар — вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычны навук, прафесар, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.



5_1_pastuhov.jpg

Мэта гэтых публікацый — растлумачыць сутнасць і значэнне асноўных правоў і свабодаў чалавека, навучыць грамадзян карыстацца імі і абараняць іх. Вы даведаецеся пра асноватворныя акты ў галіне правоў чалавека, пра канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь, пра гарантыі і механізмы абароны правоў чалавека, пра меры, якія неабходна здзейсніць, каб палепшыць абарону правоў і свабодаў грамадзян.

Мы адкрытыя для шчырай і наўпроставай размовы вамі. Вы можаце напісаць у рэдакцыю пра свае праблемы, звязаныя з парушэннем асноўных правоў. Аўтар дапаможа іх вырашыць.

Правы чалавека як вышэйшая каштоўнасць

Давайце задумваемся над пытаннем: што самае галоўнае ў дзейнасці дзяржавы? Прааналізуем магчымыя адказы.

Першы варыянт: абарона ўлады ад усякіх замахаў. Такую мэту мае кожны кіраўнік у недэмакратычнай дзяржаве. Ён імкнецца кіраваць непадзельна і ў сваіх інтарэсах. Некаторыя з іх пратрымаліся ва ўладзе 20, а то і 30 гадоў. Але вынік заўсёды той жа: ганебны канец.

Другі варыянт: дабрабыт грамадства і кожнага грамадзяніна. У дэмакратычнай дзяржаве прадстаўнікі ўлады дзейнічаюць у адпаведнасці з законамі. Любыя парушэнні законаў і правоў чалавека расцэньваюцца як недапушчальныя дзеянні.

Такім чынам, мы маем дзве асноўныя мадэлі дзяржаўнай улады: недэмакратычную, калі ўлада выкарыстоўваецца ў інтарэсах вузкай групы асобаў, і дэмакратычную, калі ўлада выкарыстоўваецца для дабрабыту ўсіх і кожнага. Пры гэтым прасочваецца такая заканамернасць: чым грамадства больш развітае і згуртаванае, тым улада больш дэмакратычная.

Шматлікія мысляры мінулага казалі пра каштоўнасць правоў і свабодаў грамадзян і неабходнасць паважлівага стаўлення да іх з боку дзяржавы. Тут можна прыгадаць антычных філосафаў (Сакрата, Платона, Арыстоцеля), асветнікаў эпохі буржуазных рэвалюцый (Джона Лока, Шарля Мантэск’е, Жан-Жака Русо, Поля Гольбаха, Імануіла Канта), амерыканскіх канстытуцыяналістаў (Томаса Пэйна, Томаса Джэферсана, Аляксандра Гамільтана), рускіх асветнікаў (Уладзіміра Салаўёва, Івана Ілліна) і іншых.

Да прыкладу можна прывесці цытату з прац французскага філосафа Поля Анры Гольбаха (1723 –1789 гады.): «Свабода з’яўляецца неад’емным правам усякага грамадства з прычыны таго, што яна неабходная для захавання і росквіту грамадскіх саюзаў. Быць свабодным — значыць выконваць толькі законы, накіраваныя на забеспячэнне грамадскай карысці і ўхваленыя грамадствам. Самаўпраўства — варожае грамадскай карысці, як дэспатызм або тыранія».

Пазней сталі прымацца заканадаўчыя акты, у якіх замацоўваліся найважнейшыя правы чалавека. У гэтым плане шэдэўрам лічыцца французская Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна 1789 года. У яе прэамбуле адзначаецца, што «…адзінымі прычынамі народных бедстваў і разбэшчанасці ўрадаў з’яўляюцца няведанне, забыццё ці пагарда правамі чалавека».

Безумоўна, усе артыкулы Дэкларацыі (17) заслугоўваюць увагі, але згадаем толькі непасрэдна звязаныя з тэмай публікацыі. Так, артыкул 2 абвяшчае, што мэтай любой улады з’яўляецца «захаванне натуральных і неадчужальных правоў чалавека». Сярод іх галоўныя — свабода, уласнасць, бяспека і права на супраціў прыгнёту.

У апошнім выпадку гаворка ідзе пра права народа даць арганізаваны адпор самаўпраўнасці з боку ўладаў і абараніць сваю свабоду. Іншымі словамі, народ як суверэн мае права на паўстанне, калі ўлада перастае служыць яго інтарэсам і «пагарджае» (не выконвае, парушае) правы чалавека.

У адпаведнасці з артыкулам 3, ніводны чалавек не можа ажыццяўляць уладу, якая не зыходзіць ад народа. Гэта значыць, улада павінна перадавацца народам у выніку вызначаных і ўсталяваных працэдур (выбараў).

І яшчэ адзін пункт Дэкларацыі варта прыгадаць: «Грамадства (дзяржава), у якім не забяспечаны гарантыі правоў і не ўсталяваны падзел уладаў, не мае канстытуцыі» (арт. 16).

Гэту норму варта разумець у тым сэнсе, што правы чалавека мусяць быць рэальнымі, а ўлада не павінна знаходзіцца ў адных руках. У адваротным выпадку, нягледзячы на наяўнасць канстытуцыі, яна з’яўляецца фікцыяй, а грамадзяне пазбаўленыя свабоды.

Палажэнні французскай Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна захавалі сваё значэнне і дзеянне, яны сталі складовай часткай Канстытуцыі Францыі 1946 года, а затым — Канстытуцыі 1958 года. У тым ці іншым выглядзе яны замацаваныя ў шэрагу міжнародных актаў пра правы чалавека і ў канстытуцыях шэрагу дзяржаў.

Што да нашай рэчаіснасці, дык заўважым: паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (і 1994, і 1996 гадоў), чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (ч. 1 арт. 2). Больш за тое, дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (ч. 2 арт. 2).

Як той казаў, правільна па форме, але разыходзіцца з рэальным становішчам спраў. Для нашай сітуацыі прама падыходзіць артыкул 16 вышэйназванай Дэкларацыі: правы чалавека абвяшчаюцца, але не забяспечваюцца, а падзел уладаў заменены аднаасобнай уладай. Значыць, лагічна разважаючы, можна зрабіць выснову, што ў Беларусі няма канстытуцыі. Дзяржава ў асобе дзейнай улады не паважае правы чалавека, і яны для яе не ўяўляюць ніякай каштоўнасці.

Вось такое атрымліваецца адкрыццё. Якраз варта задумацца: у якой дзяржаве мы жывем?