Лукашэнка: хачу, каб ва Украіне было добра, і для мяне гэта не гульня

Беларусь гатова заўсёды аказваць дапамогу Украіне. Аб гэтым заявіў  Аляксандр Лукашэнка 21 снежня на сустрэчы ў Кіеве са сваім украінскім калегам Пятром Парашэнкам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.



001498_00000074485.jpg

Фота БЕЛТА

"Я хачу, каб ва Украіне было добра. Многія гэта разумеюць, як нейкія гульні. Я ведаю, што вы не так гэта ўспрымаеце. Вы прэзідэнт, вам балюча. Мне таксама балюча. І я з гэтага зыходжу", — адзначыў беларускі лідар. 


"Таму, калі трэба будзе, я вам яшчэ раней сказаў: трэба будзе ад Беларусі нешта — скажы, мы табе за суткі ўсё зробім, што ты папросіш. Усё, што прэзідэнт Украіны ні прасіў, публічна гавару, мы заўсёды ўсё рабілі. І так будзе надалей", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
 

"Для нас гэта не гульня. Не толькі таму, што тавараабарот, а таму, што мы суседзі, мы побач жывём, мы родныя людзі", — дадаў ён.


"Мне гавораць: вось Лукашэнка там нечага баіцца. Я не баюся, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Давайце гэта рабіць непублічна. Давайце наогул нікому гаварыць нічога не будзем, а будзем рабіць тайна, але толькі каб быў прагрэс у гэтым напрамку".


Аляксандр Лукашэнка папрасіў Пятра Парашэнку не гаварыць пра заслугу прэзідэнта Беларусі адносна мінскіх дамоўленасцей. "Вы пазванілі мне: арганізуй, дапамажы, нашы людзі прыедуць, прыедуць прадстаўнікі. Я арганізатар, я не міратворац і не пасрэднік", — сказаў беларускі лідар.


Лукашэнка звярнуў увагу, што, нягледзячы на сітуацыю ва Украіне, двухбаковы тавараабарот не ўпаў, а наадварот дэманструе рост. Больш таго, Украіна сёння зацікаўлена ў куплі беларускіх тавараў па шырокім спектры. "У нас наогул няма ні цэнта запазычанасці з боку Украіны. Поўнасцю стапрацэнтна аплачаны нашы кантракты з вамі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


У сваю чаргу Пётр Парашэнка падзякаваў Лукашэнку за атрыманую ўнікальную магчымасць дыялогу трохбаковай кантактнай групы для вырашэння надзённых праблем. Ён таксама асобна падзякаваў за выразную пазіцыю Беларусі адносна суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці краіны.


"Спадзяюся, што ў выніку нашага дыялогу мы і мінскія сустрэчы, і іх інтэнсіўнасць адновім, і спадзяюся, што сёння мы будзем мець магчымасць поўнамаштабна абмеркаваць увесь пералік патэнцыяльных магчымасцей, якія адкрываюцца для нашага супрацоўніцтва", — сказаў прэзідэнт Украіны.


Кіраўнік украінскай дзяржавы звярнуў увагу на значнасць сустрэч у Мінску. "Дзякуючы нашаму з вамі эфектыўнаму ўзаемадзеянню сёння ўжо ў гісторыю дыпламатыі ўвайшлі тэрміны "мінскі фармат", "мінскі мемарандум", "мінскі пратакол" і "мінскія дамоўленасці". Увесь свет сёння гаворыць, што яны з'яўляюцца асновай мірнага плана прэзідэнта Парашэнкі і асновай мірнага працэсу ва Украіне. Яны прызнаны ААН, Еўрапейскім саюзам, краінамі вялікай дваццаткі і фактычна з'яўляюцца безальтэрнатыўнай мадэллю дээскалацыі сітуацыі на частцы тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей", — сказаў прэзідэнт Украіны.


Пётр Парашэнка звярнуў увагу на цёплы і дружалюбны характар адносін як паміж дзвюма краінамі, так і паміж прэзідэнтамі.


Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, каардынацыі дзеянняў у міжнародных арганізацыях, узаемадзеяння ў сферы бяспекі, фінансавага супрацоўніцтва.


На сустрэчы ў пашыраным фармаце Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз запэўніў, што Беларусь будзе рабіць усё магчымае для ўстанаўлення міру ва Украіне. 


"Хачу запэўніць, што гэтак жа, як і па палітычных пытаннях, мы абсалютна празрыстыя, абсалютна шчырыя, і, калі толькі мы можам недзе разам або мы штосьці можам зрабіць для Украіны, або мы ўбачым, што Украіна можа для нас у эканамічнай частцы штосьці зрабіць, мы аб гэтым скажам прама і адкрыта. Але ў гэтым выпадку вы на нас абсалютна можаце разлічваць", — падкрэсліў беларускі лідар.


Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў фармаце тэт-а-тэт прэзідэнты ўзнялі і тэму канфлікту на ўсходзе Украіны. "Я скажу, што ўсё, што было абяцана беларусамі, свята выконваецца. Вы да нас прэтэнзій не маеце, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Вы мяне не папракнулі ні ў чым. Мы і далей будзем рабіць усё для таго, каб тут быў мір і спакой. Мы кроўна ў гэтым зацікаўлены". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўкраінцы не чужыя для беларусаў людзі. Акрамя таго, у супрацоўніцтва дзвюх краін вялікая практычная карысць — тавараабарот складае каля $7 млрд. "Хто замесціць гэты тавараабарот для Беларусі і Украіны? Ніхто", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.


"Госпадам богам нам прадвызначана жыць на гэтай зямлі поплеч. Мы заўсёды жылі па-чалавечы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я добра ведаю ўкраінцаў, ведаю Украіну, і для мяне асабіста тут ніякіх праблем ніколі не было. Таму мы будзем усё рабіць для таго, каб тут было добра".
 

"І я вам сказаў: мы штосьці зможам для вас зрабіць, пазваніце, скажыце, што вось гэта і гэта трэба зрабіць, трэба падключыцца да таго, іншага працэсу, і я вам проста гарантую: калі вы прымеце рашэнне, як вы ўжо заявілі, прадоўжыць дыялог у Мінску, трэба будзе на мінскай пляцоўцы штосьці абмеркаваць, вы ведаеце, што ў вас там ёсць сябры і мы заўсёды гатовы выканаць любое ваша даручэнне", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


На сустрэчы ў пашыраным складзе прэзідэнты зрабілі акцэнт на больш канкрэтныя практычныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці ў паліўна-энергетычнай сферы, машынабудаванні, міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.


Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб стварэнні ў Беларусі сумеснага з Украінай тэлеканала. "У нас такі вопыт ужо ёсць. З нашымі каналамі працуюць сумесна тры або чатыры расійскія. Чаму мы з Украінай не можам стварыць такое сумеснае супрацоўніцтва", — сказаў беларускі лідар.


"Таму трэба гэта не забыць і зрабіць. Трэба вызначыць канал у Беларусі", — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.


"Мы даўно гаварылі аб тым, што беларусы маюць права ведаць розныя пункты гледжання, і было б нядрэнна, калі б адзін з інфармацыйных каналаў Украіны меў магчымасць трансліравацца на тэрыторыі Беларусі", — адзначыў Пётр Парашэнка. 


Ён таксама запэўніў, што Украіна шчыра зацікаўлена, каб гандлёва-эканамічныя, палітычныя адносіны, супрацоўніцтва ў сферы бяспекі з Беларуссю развіваліся з максімальнай эфектыўнасцю.


Увечары Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рабочым абедзе ад імя прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Паводле belta.by