Дзмітрый Палойка: «Падставай для затрымання было маё прозвішча ў спісах батальёна «Данбас»

Пасля дзесяцісуткавага арышту на волю выйшаў грамадскі актывіст з Баранавіч Дзмітрый Палойка. 11 снежня ён быў затрыманы на вакзале ў родным горадзе, калі толькі выйшаў з цягніка «Харкаў – Баранавічы».



palojka.jpg

«Падышлі два супрацоўнікі міліцыі. Папрасілі прайсці разам з імі дзеля праверкі рэгістрацыі. У пастарунку пачалі правяраць рэчы. Там жа чакалі два маладыя супрацоўнікі КДБ. Завялі ў кабінет. Правялі невялікі допыт. Пыталіся, куды ездзіў? З кім сустракаўся? Я б зразумеў, каб гэта цікавіла ўкраінскую міліцыю, ці СБУ, а нашым тут якая розніца?
Падставай для затрымання, як сказалі мне, было тое, што маё прозвішча знаходзілася ў спісах батальёна «Данбас», які быў зліты ў інтэрнэт. Натуральна, што я не прызнаваў сваёй датычнасці да «Данбаса». У выніку мяне пасадзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Амаль кожны дзень да мяне прыходзілі гутарыць супрацоўнікі КДБ. Прыходзіў намеснік старшыні Баранавіцкага аддзялення КДБ. Былі людзі з Крымінальнага вышуку. Пыталіся аб беларусах, якія знаходзяцца ва Украіне. Ясная справа, што нічога я ім не расказваў. Пыталіся пра нейкія падзеі ва Украіне, на што я адказаў: «Для гэтага дастаткова пачытаць навіны ў інтэрнэце».
Выглядае, што перапісалі ўсе кантакты з майго мабільнага тэлефона. Бо былі званкі ва Украіну сябрам, прадстаўляліся, што тэлефануюць ад імя майго брата. Такія самыя званкі атрымалі дзеці, якія цяпер на тэрыторыі Украіны.
Мне забаранілі выезд з тэрыторыі Беларусі. Праўда, я адмовіўся нешта падпісваць. Пакуль ніякай крымінальнай справы супраць мяне не заведзена. Мне сказалі, што «гэта толькі пачатак».
Зміцер Панкавец, nn.by