Крыніцы: Удава Макея актрыса Вера Палякова трапіла ў апалу

Пасля смерці міністра замежных спраў Уладзіміра Макея яго ўдава, акцёрка Вера Палякова, падобна, трапіла ў апалу. Яна прапала з тэлеэкранаў. Крыніцы «Н*шай Нівы» кажуць, што такое не магло адбыцца без ведама Аляксандра Лукашэнкі.

Скрыншот віжэа АНТ

Скрыншот віжэа АНТ

Вера Палякова знікла з тэлебачання. Яшчэ незадоўга да 26 лістапада 2022 года, дзень смерці Макея, яна часта вяла праграму АНТ «Наша раніца».

Цяпер Палякова ў эфіры больш не з'яўляецца. У Аляксандра Сярэбраннікава іншая калега — Любоў Чаркашына, член выканкама беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК), якая — цікавае супадзенне — прасунулася ў кар'еры ў часы кіравання ў НАК Максіма Рыжанкова, які пазней стаў антаганістам Макея ў дзяржапараце.

Таксама, як стала вядома выданню, заслужаная артыстка Беларусі і лаўрэатка медаля Францыска Скарыны Вера Палякова больш не вядзе мерапрыемстваў для рэжымнага «істэблішменту».

«А блізкія да рэжыму бізнесмены, якія раней падтрымлівалі Тэатр юнага гледача, якім кіруе Палякова, сталі адмаўляць у просьбах падтрымкі тых ці іншых праектаў. Цікавае супадзенне», — кажа чалавек з тэатральнай сферы.

Актрыса працягвае выступаць разам з тэатральным праектам «ТрыТфармаТ», днямі трупа ездзіла ў Бярозу паказваць спектакль «Карэніна».

«Без ведама Лукашэнкі, а хутчэй за ўсё — і без яго прамога распараджэння, Палякова не магла быць адпраўленая ў апалу адразу пасля смерці Макея», — сказаў адзін з абазнаных суразмоўцаў.

Вера Палякова — другая жонка Уладзіміра Макея. У пары ў 2009 годзе нарадзіўся сын Арцём.

Віталь Макей, старэйшы сын Макея ад першага шлюбу, не сядзеў побач з Паляковай ля труны, а развітаўся з бацькам ужо на могілках.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей раптоўна памёр 26 лістапада мінулага года. Прычыны і абставіны смерці дагэтуль невядомыя. Выказваліся здагадкі пра інфаркт і нават пра суіцыд.

Макею было 64 гады. Ён нарадзіўся 5 жніўня 1958 года ў вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёна, што на Гарадзеншчыне. Міністрам замежных спраў пры Лукашэнку ён працаваў з 2012 года. Раней цягам чатырох гадоў узначальваў адміністрацыю Лукашэнкі.

За дзень да смерці Макей правёў сустрэчу з ватыканскім нунцыем Ёзічам. Нагодай стала 30-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Ватыканам.

Крыху раней ён таксама прысутнічаў на саміце АДКБ у Ерэване, куды лётаў разам з Вальфовічам і Хрэніным чамусьці на ваенным транспартным самалёце.