Кандыдату ў дэпутаты Віктару Карыбут-Дашкевічу ў аўтабіяграфіі прапанавалі замест «ліцьвіна» і «каталіка» пазначыць «не судзімы»

У кандыдата ад Партыі БНФ па Пастаўскай выбарчай акрузе №29 Віктара Карыбут-Дашкевіча прыбралі з анкеты пункты нацыянальнасці і рэлігійнай прыналежнасці.

hqdefault_2.jpg


 Акрамя гэтага з маёй біяграфіі таксама прыбралі і тое, што я выдаў зборнік вершаў Янкі Купалы. Мне сказалі, што гэта не біяграфічныя звесткі. Але ж гэта маё дасягненне, якое мне не было дазволена пазначыць, — падкрэсліў кандыдат у дэпутаты.
Віктар Карыбут-Дашкевіч лічыць, што гэта важныя дадзеныя, якія ён хацеў падкрэсліць і зрабіць адкрытымі для выбаршчыкаў.
 Мне сказалі, што пазначанае мной адрозніваецца ад стандартных біяграфічных звестак. А я прапанаваў, каб іншыя кандыдаты напісалі, што яны беларусы, палякі, ці рускія, — дадаў Віктар.
Тым больш, што ў аўтабіяграфічных дадзеных была графа «нацыянальнасць», якую можна было адзначаць па-жаданні, што і зрабіў вылучэнец ад Партыі БНФ.
Кандыдату ў дэпутаты патэлефанавалі з акруговай выбарчай камісіі і сказалі, што гэтак аўтабіяграфіі не пішуцца, і ўсё павінна быць «аднолькава па стандарце і без адрозненняў».
 Мне сказалі: «Ну што, вы згодныя з такім варыянтам?» А куды мне было дзявацца? Жанчына выцягнула ў мяне гэтае «Згодны». Калі б я сказаў катэгарычнае не, то напэўна, і не апублікавалі бы мае звесткі ўвогуле, — працягвае Віктар Карыбут-Дашкевіч.
Кандыдату таксама прапанавалі, каб ён напісаў у аўтабіяграфіі «не судзімы», але гэта рабіць ён адмовіўся.
Паводле прэс-службы кампаніі назірання «Права выбару-2016»