Адносна пасіўная кампанія

Цяперашняя кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў практычна не адрозніваецца ад папярэдніх аналагічных мерапрыемстваў. Толькі зрэдку, прынамсі, у сталіцы можна заўважыць нейкую актыўнасць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. І тое каэфіцыент карысці ад гэтых высілкаў выглядае не вельмі станоўчым.

elect.jpg

Жывучы на ўскрайку Мінска, у мікрараёне «Малінаўка», магу засведчыць, што агітацыйная кампанія амаль не праглядаецца. Нават на стэндах, прысвечаных гэтай, са словаў чыноўнікаў, важнейшай электаральнай падзеі, амаль няма ўцямных агітацыйных матэрыялаў, і робіцца ўражанне, што некаторыя кандыдаты ў дэпутаты альбо ўжо ўпэўненыя ў тым, што ўвосень апынуцца ў Авальнай зале Дома ўраду, альбо загадзя зняверыліся ў сваіх магчымасцях. Таму і не робяць залішніх целарухаў.

Многія карыстальнікі сацыяльных сеткаў атрымалі паведамленне, што ў чацвер а 13-й гадзіне каля Камароўскага рынку ў цэнтры беларускае сталіцы мае адбыцца масавы пікет кандыдатаў ад Правацэнтрысцкай кааліцыі, прымеркаваны да 25-годдзя надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (прынятай Вярхоўным Саветам БССР 12-га склікання 27 ліпеня 1990 года) статуса Канстытуцыйнага закона (пастанова таго ж ВС 12-га склікання ад 25 жніўня 1991 года). Аднак назваць тое, што адбывалася ля «Камароўкі», нейкім масавым пікетам язык не паварочваецца.

pass2_logo.jpg

Былі некалькі партрэтаў кандыдатаў у дэпутаты ад памянёнае кааліцыі. Самы вялікі – Юрася Губарэвіча, намесніка кіраўніка Руху «За свабоду», які і сам прысутнічаў на пікеце, гутарыў з журналістамі і мінакамі. Дарэчы, «Камароўка» у гэты дзень не была шматлюднай — магчыма, гэта тлумачыцца адсутнасцю грошай у грамадзянаў, каб хадзіць па рынках, ці тым, што многія нашы суайчыннікі знаходзяцца ў адпачынках альбо на лецішчах, дзе рупяцца пра свой дабрабыт ва ўмовах эканамічнага крызісу. Па назіранні аўтара гэтых радкоў, няшмат было тых простых людзей, хто падыходзіў да пікетоўцаў, – з большага апошнія размаўлялі паміж сабою.

pass3_logo.jpg

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў раздаваў агітацыйныя матэрыялы, але многія мінакі проста адыходзілі ў бок – прычым маладыя людзі «выбарчага» веку. Я чуў, як скарушаўся Казлоў: сучасную моладзь ужо нічога не цікавіць. Магчыма, ён мае рацыю. Але, дадам, на шчасце, не пра ўсю моладзь так можна сказаць.

Мікалай Казлоў раздае ўлёткі

Мікалай Казлоў раздае ўлёткі

А вось што да 25-годдзя надання Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі статуса Канстытуцыйнага закона, то прынамсі я нічога на гэтым пікеце не пабачыў. А мо, проста штосьці не кінулася ў вочы? Але калі не, дык навошта тады было арганізатарам казаць пра тое, што пікет прысвечаны пераважна гэтай даце, а не толькі агітацыйнай кампаніі?

Дзіўна. Улада дэманстратыўна не заўважыла юбілей незалежнасці, а яе апаненты хоць і кажуць нешта, але вельмі няўцямна. Складваецца ўражанне, што пра гэту важную падзею, якая адбылася чвэрць стагоддзя таму, памятаюць толькі журналісты недзяржаўных медыяў і непасрэдна яе ўдзельнікі – дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання ад апазіцыі, якія як ніхто спрычыніліся да таго, што Беларусь у рэшце рэшт атрымала рэальную самастойнасць.

Але ўзнікае пытанне: калі на вышэйшым дзяржаўным узроўні ігнаруюцца такія даты, як 27 ліпеня і 25 жніўня, то ці не ўзнікне пагроза, што Беларусь можа пазбавіцца сваёй незалежнасці? Асабліва з наяўнасцю побач, на ўсходзе такой супярэчлівай, непрадказальнай і небяспечнай суседкі, ад якой ужо сёння ў Сінявокай вельмі шмат што залежыць, і якая ў пошнія гады нарабіла вэрхалу на ўвесь свет і вялікае бяды сваімі дзеннямі ў Грузіі ды Ўкраіне? Ці не вельмі хутка ўладатрымцы забываюцца нават на найноўшую гісторыю?