У нас бы забілі і забылі
Гісторыя грамадзяніна ЗША Крэйга Коўлі з’яўляецца цудоўным довадам за тое, што смяротнае пакаранне трэба адмяняць, у тым ліку і з прычыны таго, што судовыя памылкі могуць быць фатальнымі.
Трагічны, але ў фінале шчаслівы (калі гэта так можна назваць) прыклад гісторыі аднаго чалавека прыводзіць партал tut.by. У амерыканскім штаце Каліфорнія на волю выйшаў 70-гадовы Крэйг Коўлі, які быў асуджаны да пажыццёвага зняволення за падвойнае забойства і правёў за кратамі 39 (!) гадоў. Губернатар Каліфорніі Джэры Браўн памілаваў яго пасля новага расследвання, якое паказала, што дастатковых доказаў віны зняволенага няма.
Суд над Коўлі адбыўся яшчэ ў далёкім 1979 годзе. Яго звінавацілі ў забойстве каханкі і яе сына. Адвакаты Коўлі скардзіліся на тое, што паліцыя падчас следства нават не стала правяраць іншых трох магчымых падазраваных у злачынстве. Новае расследванне праз амаль 40 гадоў пасля аналізу ДНК біялагічных рэчываў з месца забойства высветліла, што там няма слядоў ДНК Крэйга Коўлі, але ёсць сляды іншых асобаў. Такім чынам, невінаваты чалавек большую частку свайго жыцця правёў у зняволенні ні за што.
Але, прынамсі, застаўся жывы. І хоць колькі часу правядзе на волі. Верагодна, атрымае немалую грашовую кампенсацыю за зламанае жыццё. Галоўнае, што застаўся жыць. У былым СССР і ў цяперашняй Беларусі, можна не сумнявацца, пасля такога абвінавачання чалавек атрымаў бы кулю ў патыліцу. Яго б забілі і забылі.
Прыклад Коўлі проста галосіць пра тое, што судовыя памылкі і недасканаласць следства можа прывесці да непапраўнага. У гісторыі нашае краіны былі выпадкі, калі судовыя памылкі каштавалі людзям жыцця (НЧ згадваў справу віцебскага маньяка Міхасевіча, калі быў расстраляны невінаваты чалавек, а яшчэ з дзясятак гэткіх жа невінаватых правялі за кратамі багата часу). Судовая памылка, памылка следства могуць быць ракавымі — тымі памылкамі, якія ўжо не выправіць.
Пасля расстрэльных выракаў чалавек, прынамсі, у Беларусі не мае шанцаў на жыццё. Афіцыйны Мінск, як складваецца ўражанне, не бярэ да ўвагі сам факт існавання Камітэта па правах чалавека ААН, куды беларускія асуджаныя на выключную меру пакарання людзі накіроўваюць скаргі ці просьбы.
Так было, да прыкладу, у выпадку з “тэрарыстам” Уладам Кавалёвым, якога ў 2012 годзе ў спешным парадку пазбавілі жыцця разам з Дзмітрыем Канавалавым (абодва былі абвінавачаныя ў здзяйсненні выбуху на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Мінску). Скарга Кавалёва яшчэ толькі разглядалася ў памянёным камітэце ААН, але вырак у дачыненні да 26-гадовых хлопцаў быў прыведзены ў выкананне амаль адразу пасля таго, як памілаваць іх адмовіўся Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, у абарону Кавалёва і Канавалава былі сабраныя тысячы подпісаў, але ўлада нават не звярнула на іх увагі. Магчыма, калісьці мы даведаемся, што насамрэч было за гэтай справай, на якую ўжо паспеліся забыцца.
Карацей. Мы бачым, што судовыя памылкі і недасканаласць следства не выключаныя нідзе ў свеце, таму такі від пакарання як смяротнае з прычыны сваёй незваротнасці варта адмяніць паўсюдна. Чалавек, памылкова асуджаны нават на пажыццёвае зняволенне, яшчэ мае шанец на справядлівасць. А вось забітага ўжо не ажывіць. Толькі гэты довад ужо варты таго, каб адмовіцца ад пачварнага віду пакарання — смяротнага. А пра тое, што не дзяржава давала чалавеку жыццё і таму не мае права яго адбіраць, ужо і казаць не варта. Дзяржава не мае права быць забойцам. Але беларуская дзяржава, на вялікі жаль, пакуль ім застаецца.