Як Захад адрэагуе на зняцце з выбараў Бабарыкі і Цапкала?
Ці будуць санкцыі, прагназуюць эксперты.
Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жозэп Барэліямі апублікаваў заяву, у якой адзначаецца, што адмова ў рэгістрацыі кандыдатаў абмяжоўвае магчымасць беларускага народа выказваць сваю волю.
ЕС таксама чакае ад Беларусі неадкладнага запрашэння місіі АБСЕ / БДІПЧ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі.
Рэакцыя Захаду адназначна будзе негатыўнай, лічыць дырэктар Рады па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман.
— Тым больш што ад некаторых краін і еўрапейскіх інстытутаў ужо гучалі папярэджанні, што яны разглядаюць сітуацыю з адмовай у рэгістрацыі кандыдатаў як дадатковы індыкатар ацэнкі выбараў у Беларусі, і ацэнка гэтая адназначна будзе негатыўнай, — сказаў эксперт у каментары TUT.by. — Іншае пытанне, у што гэта выльецца: альбо гэта будзе чарада заяў, дзе будуць асуджаць ход і зыход выбараў, альбо гэта будзе ўвядзенне санкцый. Пакуль судзіць пра гэта складана, паколькі такія рашэнні выносяцца па завяршэнні выбарчай кампаніі. ЕС і ЗША будуць супастаўляць негатыўныя фактары, якія адбыліся падчас выбараў, з іх уласнай цікавасцю па развіцці адносін не толькі з Беларуссю, але і па пытанні рэгіянальнай бяспекі.
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман мяркуе, што рэакцыя ЕС і ЗША наўрад ці будзе выходзіць за рамкі заяў.
— Напэўна гэта асудзяць, але нейкія захады, калі яны наогул будуць прымацца, можна чакаць па выніках кампаніі. Пакуль незразумела, якой глыбіні могуць дасягнуць рэпрэсіі, колькі палітвязняў і як доўга застануцца ў турмах. Пасля выбараў гэта стане зразумела. І рашэнні могуць быць ад згортвання супрацоўніцтва (напрыклад, супрацоўніцтва з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця або Еўрапейскім інвестыцыйным банкам) да радыкальных мер — увядзення санкцый, — прагназуе эксперт.
На думку палітычнага аглядальніка Сяргея Навумчыка, Захад пойдзе на санкцыі толькі пры паўторы сцэнара разгону Плошчы-2010.
— Калі абыдзецца без перасячэння «Чырвонай лініі», гэтя значыць без ахвяраў пры падаўленні масавых выступаў (у выпадку наяўнасці такіх выступаў) — Захад, АБСЭ заявіць пра пэўныя парушэнні, несвабодны характар выбараў І г.д., але і толькі. Калі ж мяжа будзе перакрочаная, ці паўторыцца 2010 год - будуць уведзеныя жорсткія санкцыі І адносіны паміж Менскам і Захадам будуць замарожаныя, — адзначыў эксперт у каментары «Радыё Свабода».
Паводле Заўтра тваёй краіны