Чаму можа навучыць «старую» і «новую» апазіцыю Беларусі гісторык з Ельскага ўніверсітэта

Прафесар Ельскага ўніверсітэта ў ЗША Тымаці Снайдэр найбольш вядомы сваімі грунтоўнымі кнігамі, прысвечанымі гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы – такімі, як «Крывавыя землі: Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным». Ёсць у ягоным даробку і кніга, дзе шмат увагі аддаецца Беларусі, – «Рэканструкцыя нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь (1569–1999 гг.)», паведамляе Радыё Свабода.

snyder.jpg

Адна з тэмаў, да якіх Снайдэр у апошнія гады рэгулярна звяртаецца ў публічных лекцыях, – крытыка таго, што ён называе «палітыкай непазьбежнасці» і «палітыкай вечнасці».
«Палітыка непазьбежнасці» – вера ў тое, што гісторыя сама, паводле аб’ектыўных законаў, непазбежна рухаецца ў нейкім кірунку. У беларускім варыянце гэта можа быць даўняя вера ў тое, што рэжым непазбежна разваліцца і на яго месцы зʼявіцца дэмакратыя, калі вырасце маладое «непужанае» пакаленне. Даволі камічны прыклад, які, падаецца, расце з такога мыслення, – думка, што Віктару Бабарыку трэба стварыць сваю партыю, але не пускаць туды нікога, хто быў у ранейшых апазіцыйных партыях, бо тыя людзі сябе дыскрэдытавалі.
«Палітыка вечнасці» – вера ў тое, што ўсё застаецца па сутнасці нязменным, і апеляцыя да слаўнага мінулага. Такая пазіцыя зручная для аўтарытарнай улады. Але яна можа весці да высновы і сярод незадаволеных уладай, што статус-кво – найменшае зло з магчымых. У беларускім варыянце адна з праяў «палітыкі вечнасьці» – вера, што Аляксандр Лукашэнка, у адрозьненне ад некаторых альтэрнатываў, прынамсі не дапусціць здачы незалежнасці.
У лекцыі для студэнтаў Ельскага ўніверсітэта Снайдэр разважае пра небяспекі антыгістарызму найперш у кантэксце амерыканскай палітыкі. Аднак скарочаны канспект гэтай лекцыі можа быць цікавы і беларусам – асабліва тым, хто ўдзельнічае ў спрэчках паміж прыхільнікамі «старой» і «новай» апазіцыі.

Гісторыя заўсёды палітычная

Я пачну з рэчаў, якія здаюцца надзвычай простымі, але пра якія часта забываюцца.
Каб мець гісторыю, трэба мець адчуванне часу – са складанай мінуўшчынай, цяперашнім часам, які з мінулым звязаны, і будучыняй, якая пакуль што нявызначаная, але яна таксама неяк звязаная з мінулым.
Чаму я кажу пра «палітычнасць» гісторыі? Бо калі вы мысліце гістарычна, то ў вас ёсць палітычнае ўяўленне. Калі вы ведаеце пра мінулае, дык ведаеце, што здараліся розныя рэчы і што яны былі магчымыя.
Больш за тое, калі вы сапраўды разумееце нейкі момант з мінулага, вы разумееце, што ў ім ёсць ня толькі тое, што адбылося, але і тое, што магло адбыцца. І калі вы здольныя бачыць гэтыя рэчы, вы таксама развіваеце палітычнае ўяўленне. Вы будзеце больш падазрона ставіцца да дэтэрміністычных ідэяў, якія кажуць: «Гэта абавязкова павінна быць вось такім чынам».
У гісторыі нішто не састарэла канчаткова – усё, што было ў мінулым, нейкім чынам звязана з цяперашнім часам, нават калі мы ня можам пабачыць усіх гэтых сувязяў. Але таксама нішто ня ёсць цалкам новым. Гэта ня значыць, што гісторыя паўтараецца, не. Яна нават не рыфмуецца, хоць Марк Твэн быў геніем. Але калі вы мысліце гістарычна, вы ніколі ня можаце быць цалкам здзіўлены.

«Палітыка непазбежнасці»

Але ёсць і магутныя агістарычныя, нават антыгістарычныя спосабы ўспрымання часу. Адзін з іх я называю «палітыкай непазбежнасці». У «палітыцы непазбежнасці» мы ведаем, куды рухаецца час. Мы ўпэўненыя, чым гэта завершыцца.
На Захадзе і асабліва ў Злучаных Штатах у апошнія дзесяцігоддзі нас захапіла ідэя, што ўсё непазбежна прыйдзе да ліберальнай дэмакратыі. Фірмовым знакам гэтай ідэі быў «канец гісторыі». Маўляў, калі мы ня маем іншых ідэяў, значыць, гісторыя рухаецца ў кірунку ліберальнай дэмакратыі.
«Палітыка непазбежнасці» можа выглядаць як гісторыя, разумныя людзі могуць яе абараняць, але насамрэч гэта была замена адной тэлеалогіі на іншую. Tele- значыць «мэта», і мы назіралі веру ў тое, што гісторыя непазбежна рухаецца да вызначанай мэты.
У 1989–1991 гадах людзі сказалі – гісторыя камунізму непраўдзівая, няма непазбежнай сацыялістычнай рэвалюцыі і камуністычнай утопіі, таму – і тут вялікая памылка – таму павінна быць праўдзівай іншая гісторыя, пра непазбежнасць ліберальнай дэмакратыі. Фундаментальная памылка – казаць, што калі адна тэлеалогія памылковая, дык іншая мае быць правільнай.

Непазбежнасць спараджае параною

Калі табе здаецца, што ты ведаеш, куды ідзе гісторыя, дык табе не абавязкова ведаць нешта пра мінулае. А тыя некалькі рэчаў, якія ты пра мінулае ведаеш, ты можаш упісаць у гісторыю непазбежнай будучыні – табе не патрэбны для гэтага гістарычны падыход, не патрэбна ўяўленне.
Непазбежнасць часам спараджае параною. Гэта погляд на гісторыю як у фільме «Матрыца» – пад покрывам штодзённасці хаваецца іншая рэальнасць. Калі ёсць толькі адна гісторыя, дык вы кажаце сабе: «Ага, значыць, павінна быць контрагісторыя – у ідэале з Керы-Эн Мос, скураным адзеннем, спэцэфэктамі і запаволенымі кулямі.
Другая магчымая рэакцыя – палітычная нуда. У нямецкай мове ёсць добрыя словы для ўсяго, і тут ёсць слова Alternativlosigkeit – адсутнасць альтэрнатываў. Калі вы пагаджаецеся, што альтэрнатываў няма, дык палітыка робіцца неверагодна нуднай.
«Палітыка непазбежнасці» вельмі ўразлівая на шокавыя падзеі. Калі здараецца нешта значнае, схема не працуе. Людзі ня ведаюць, як трактаваць нешта такое, як [тэрарыстычныя напады ў ЗША] 11 верасня 2001 году. А паколькі вы пераканалі сябе, што мінулае ня мае значэння, дык пасля шокавых падзеяў людзі пачынаюць казаць: «Усё змянілася, усё новае». Ад гэтага зусім малы крок да словаў: «Усё дазволена». Такое з намі здарылася ў 2001 годзе – і вельмі імаверна, што здарыцца зноў.

«Палітыка вечнасці»

Рызыка ў тым, што мы пераключымся з «палітыкі непазбежнасці» на «палітыку вечнасці». Гэтая палітыка згадвае мінулае, але ніколі нічога не тлумачыць. Усё нібыта адбывалася прыблізна ў адзін час. Ключавая эмоцыя тут настальгія, але гэта настальгія па рэчах, якіх не было.
Гэта калі Расея будуе помнік князю Ўладзіміру ў Маскве, дзе ён ня мог быць, бо гэтага гораду тады яшчэ не было. Ці калі Брытанія або Францыя ўяўляюць, што ў міжваенны час у 20-м стагоддзі яны былі нацыянальнымі дзяржавамі. Але яны такімі не былі ніколі, таму настальгія Брэксіту – гэта настальгія па нічым. Францыя спачатку была імперыяй, а потым далучылася да еўрапейскага інтэграцыйнага праекту.
Тут вельмі папулярная схема цнатлівай нацыі, якая ўвесь час мела рацыю і на якую ўвесь час нехта нападаў звонку. Ва Ўсходняй Еўропе гэта рамантызм, які жыве аж дагэтуль. Мінулае рухалася цыклічна – на нас заўсёды нападалі з захаду ці на нас заўсёды нападалі з усходу, заўсёды было зашмат імігрантаў, ці нешта яшчэ.
А паколькі ўсё рухаецца так схематычна, дык няма патрэбы шукаць тлумачэння і – што вельмі важна – ніхто не нясе адказнасці. У такім свеце цяжка разважаць пра палітыку і лідарства. І якраз у такім свеце зʼяўляецца канцэпцыя Лідэра зь вялікай літары – Дучэ, Правадыра ці Фюрэра – які жыве па-за гісторыяй і ратуе нацыю, народ ад вонкавай пагрозы. Якраз у «палітыцы вечнасці» мае сэнс ідэя палітычнага Збаўцы.
Калі вы прымаеце такое разуменне часу, дык зʼяўляецца адчуванне пастаяннай пагрозы і выключэнні робяцца правіламі – такія, як выбух будынка ці тэрарыстычны напад. Нават калі яны не адбываюцца ўвесь час, яны ўвесь час чакаюцца.
У такім свеце як вы можаце думаць пра будучыню? Як у вас хапае нахабства думаць пра будучыню, калі мы пад такім ціскам і вораг увесь час каля брамы? Як вы можаце думаць пра рэформы ў дзяржаве, калі дзяржава вас абараняе? Гэта рыторыка фашызму.

Чаму важна мысліць гістарычна

Мне здаецца важным казаць пра гэтыя два антыгістарычныя падыходы, бо мы, магчыма, якраз цяпер пераключаемся з аднаго на другі. Гэта адбываецца вельмі лёгка. Дужа проста перайсці ад мадэлі «Мне трэба падпарадкоўвацца ўладзе, бо яна кажа мне праўду пра тое, як усё ідзе да лепшага» да мадэлі «Мне трэба падпарадкоўвацца ўладзе, бо ў мяне няма ніякіх іншых ідэяў пра тое, што рабіць са сваім жыццём».
Любое намаганне мысліць гістарычна – гэта ўжо спосаб супрацьстаяць такому падыходу. Калі вы мысліце гістарычна, дык робіце прышчэпку супраць абодвух гэтых падыходаў, вы ствараеце час.
Калі я кажу пра стварэнне часу, гэта не метафара. Бо «палітыка непазбежнасці» і «палітыка вечнасці» забіраюць у вас час. А час – гэта перадумова для палітычнага дзеяння, для палітычнай свабоды.
«Палітыка непазбежнасці» – гэта тое, у чым мы жылі. Цяпер гэта здаецца неверагодным, але вас у ёй гадавалі. Гэта сур’ёзная памылка, якую зрабіла папярэдняе пакаленне. «Палітыка вечнасці» – гэта тое, куды вы лёгка можаце трапіць.
Пытанне ў тым, дзе мы цяпер, ці гэта паваротны пункт? Ідэя «паваротнага пункту» вельмі пасіўная, геаметрычная. У нашай цяперашняй культуры ёсць рэчы, якія дазваляюць вельмі проста перайсці ад «непазбежнасці» да «вечнасці».
Да прыкладу, посткатастрафізм. Усё гэтыя фільмы і гульні, дзе няма дзяржавы, няма правілаў і ўсе змагаюцца за рэсурсы. Але сапраўды важнае пытанне – якраз у тым, здарыцца ці ня здарыцца катастрофа. Думаць трэба пра тое, як спыніць катастрофу, як узяць на сябе нейкую частку адказнасці.

Гісторыя як асабістая адказнасць

Мне здаецца, што гісторыя значыць менавіта гэта – нейкую колькасць адказнасці. Ня ўсю, крый Божа, але нейкую. Калі вы бачыце, што ёсць структуры, але гэтыя структуры можна трошкі мяняць, у вас зʼяўляецца нейкі аб’ём адказнасці.
У вас ёсць шанец быць гістарычным пакаленнем. І вы можаце зрабіць цяперашні час гістарычным у двух сэнсах: вы можаце быць важным пакаленнем, і вы таксама можаце навучыць людзей зноў думаць гістарычна, ствараць магчымасці, ствараць сувязі.
Вядома ж, я магу цалкам памыляцца, але мне здаецца, што вас альбо будуць памятаць як гістарычнае пакаленне, альбо зусім забудуць. Бо калі мы скоцімся ў «палітыку вечнасці», дык вы проста ня будзеце мець значэння. Вы нават ня ўхаба на дарозе, бо дарогі зусім няма. Ёсць толькі плоская заасфальтаваная пустыня да самага гарызонту.
Скончыць я б хацеў цытатай з «Гамлета». Ён кажа:
«Век вывіхнуўся. О пракляты лёс,Навошта ты мяне сюды прынёсЛячыць хваробы часу!»
Гэта тое, дзе вы цяпер. Век вывіхнуўся – мы больш не ў непазьбежнасці і мы яшчэ ня ў вечнасці. Мы можам стварыць свае моманты, сваю гісторыю.
Для Гамлета ўсё скончылася вельмі кепска. І я не кажу, што ўсё будзе добра. Але ў гэтай цытаце ёсць яшчэ і апошні радок:
«Век вывіхнуўся. О пракляты лёс,Навошта ты мяне сюды прынёсЛячыць хваробы часу!Пойдзем разам».
Вы можаце гэта зрабіць. І я спадзяюся, што вы гэта зробіце.