ЕС чакае ад Беларусі павагі да правоў грамадзян Беларусі

У сувязі з сітуацыяй у Беларусі намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі Жазэп Барэль прыняў адмысловую заяву

000026_1586194878_386185_big.jpg

«Адсутнасць празрыстасці ў працэсе праверкі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты, як ужо адзначалася Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) у 2010 і 2015 гадах, падрывае давер да працэсу рэгістрацыі, — гаворыццв ў заяве. — Больш за тое, прававыя палажэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар'еры для вылучэння кандыдатаў, што супярэчыць абавязацельствам Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ ды іншым міжнародным стандартам.

Еўрапейскі саюз шкадуе пра тое, што рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ аб увядзенні істотных працэдурных і прававых гарантый, якія павышалі б інклюзіўнасць, сумленнасць і празрыстасць на ўсіх этапах выбарчага працэсу, у прыватнасці, аб увядзенні дакладных і разумных крытэрыяў і механізмаў для рэгістрацыі кандыдатаў і праверкі подпісаў, ня былі рэалізаваны. ЕС чакае ад Беларусі неадкладнага накіравання афіцыйнага запрашэння БДІПЧ АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі».

У заяве адзначаецца, што «адсяванне кандыдатаў, якое ўяўляецца адвольным, абмяжоўвае магчымасць беларускага народа выказваць сваю волю і ўжо падрывае агульную сумленнасць і дэмакратычнасьць выбараў. Адмовіўшы ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, беларускія ўлады не змаглі забяспечыць значнае і канкурэнтнае палітычнае спаборніцтва».

ЕС чакае ад Беларусі павагі да правоў грамадзян Беларусі на свабоду выказвання і мірных сходаў на працягу тыдняў, якія будуць папярэднічаць выбарам.

ЕС па-ранейшаму прыхільны ўмацаванню ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, але правы чалавека і дэмакратыя застануцца на першым плане сярод крытэраў, якія прымаюцца пад ўвагу Еўрапейскім саюзам пры фармаванні палітыкі ў дачыненні да краіны.Паводле прэс-рэліза