Чэмпіёнка свету Надзея Астапчук пра падзеі 14 ліпеня: «Нагадзілі ў душу»
Вядомая сваімі крытычнымі выказваннямі ў дачыненні да ўлады штурхальніца ядра пракаментавала пастанову ЦВК.
— Мяне дагэтуль не адпускае адчуванне, як у народзе кажуць: нагадзілі ў душу, —адзначыла ў інтэрв'ю Трыбуне штурхальніца ядра Надзея Астапчук. — У прынцыпе, гэта было даволі прадказальна. Кагосьці пасадзіць, кагосьці паступова не зарэгістраваць — гэта ўжо было чакана. Цягнулі да апошняга, каб выкінуць альтэрнатыўных кандыдатаў.
На пытанне, ці пойдзе яна на выбары, патлумачыла спартсменка:
— На дадзены момант не магу адказаць на гэтае пытанне са 100-працэнтнай верагоднасцю. Усё будзе залежаць ад таго, як будзе далей развівацца сітуацыя. Калі, дапусцім, аб'яднаюцца вакол Ціханоўскай той жа самай. Хаця б дапамогуць ёй, таму што ў яе ўсе сядзяць. Увесь штаб, які з ёй працаваў, перасаджалі. А калі кожны будзе сам за сябе, то сэнсу ў гэтых выбарах як такога няма. Для чаго гэта ўсё і ладзілася? Нашы галасы там нікому не патрэбныя. Менш трэба будзе ўкідваць.
Надзея Астапчук адзначыла, што ў выпадку перамогі Лукашэнкі ў беларусаў няма перспектыў.
Чарговае прабітае дно, як звычайна. Нічога добрага людзям ад гэтага не будзе. 100 адсоткаў. Мы паволі далей будзем загніваць, раскладацца. Што ў нас Новага можа з'явіцца? Што, да нас інвестары прыйдуць новыя? Што, у нас адразу куча працоўных месцаў з'явіцца? Мы ў даўгах сядзім усе, а аддаваць няма чым. А яшчэ не факт, што нас нейкімі санкцыямі не закідаюць. Нічога добрага, ніякіх перспектыў я тут не бачу.
Пытанне толькі засталося: наколькі хопіць цярпення ў людзей. Усё залежыць толькі ад нас усіх. Больш ні ад каго. Усе... Ні ад людзей, якіх-небудзь, ні ад лідэраў... Кожны павінен думаць за сябе.
Нагадаем, раней Надзея Астапчук выступіла з крытыкай Лукашэнкі і ў падтрымку затрыманага Сяргея Ціханоўскага. У інтэрвію Радыё Свабода яна адзначыла: «Хто ў першую чаргу падтрымлівае дзеючага прэзідэнта? Чыноўнікі на высокіх заробках. Вядома, яны "топяць" за таго, хто іх фінансуе. Як пераадолець сябе і сказаць нешта супраць? Трэба мець моцны характар. У спорце такіх адзінкі.»
Паводле gazetaby.com