Хто «прызямліўся ў Гародні»?
Усё ж Лукашэнка — чалавек фенаменальны. Ён фенаменальны ці тое ў сваёй дрымучай непісьменнасці, ці тое ў спрадвечнай беларускай талерантнасці, ці тое не ў менш легендарнай беларускай хітрасці. Я яшчэ не вырашыў.
Пару тыдняў таму ў Мінск завітаў калега Лукашэнкі з Турцыі Рэджэп Эрдаган. Сярод іншага, ён адкрываў і Саборную мячэць у беларускай сталіцы. Адкрываў разам з Аляксандрам Рыгоравічам. Тады ўвесь інтэрнэт здзівіўся: Лукашэнка прылюдна пацалаваў Каран. Больш за тое, у сеціве з’явіліся кадры, дзе наш кіраўнік, разам з іншымі, сядзіць на каленках, відавочна беручы ўдзел у намазе.
А на гэтым тыдні той жа Лукашэнка наведаў Маскву, дзе прыняў удзел у святкаванні дня нараджэння Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла ў храме Хрыста Збаўцы. Кіраўнік Беларусі падараваў юбіляру слуцкі пояс і карціну з выяваю Свята-Мікольскага гарнізоннага сабора ў Брэсце, адзначыўшы, што той робіць важны ўнёсак у духоўнае адзінства народаў Беларусі і Расіі.
Падаецца, Аляксандру Рыгоравічу насамрэч усё роўна, як, дзе, калі і якому Богу маліцца. Ён аднолькава ўтульна сабе адчувае і ў мячэці, і ў праваслаўнай царкве. Адсюль і вынікае пытанне: гэта рэлігійная непісьменнасць? Талерантнасць? Альбо беларускія хітрыкі?
Калісьці Лукашэнка назваў сябе «праваслаўным атэістам». Усе з гэтага кпілі, але апошнія яго дзеянні паказваюць, што, напэўна, ён сапраўды атэіст. Але займае пазіцыю, як у старым анекдоце пра тое, як камуністка-настаўніца доўга тлумачыла дзецям, што Бога няма, а потым папрасіла іх скласці дулю і паказаць у нябёсы. Усе гэта зрабілі, апроч Вовачкі, які на пытанне настаўніцы адказаў: «Калі Бог ёсць, не трэба з ім сварыцца. А калі няма, дык каму мы ўсё гэта паказваем?».
Цікава, што зробіць Аляксандр Рыгоравіч, калі раптам завітае ў будысцкі храм?
Вера ці бязвер’е — гэта асабістая справа кожнага чалавека. Канешне, Лукашэнка — фігура публічная, і яго публічныя дзеянні на рэлігійнай глебе таксама абмяркоўваюцца. Можа, ён шукае яшчэ… Аднак зразумела, што «персанальнага духоўніка кіраўніка Беларусі», айца Фёдара Повнага трэба звальняць. За ўсе гады пры першай асобе дзяржавы ён так і не здолеў пераканаць таго ў існаванні Госпада.
Што ж тычыцца вынікаў візіту Лукашэнкі ў Маскву, які ён анансаваў перад тымі ж расійскімі журналістамі, дык гэта ёсць таямніца, пакрытая цемрай. Вядома, што сустрэча Лукашэнкі і Пуціна цягнулася пяць гадзін. Але высокія перамоўныя бакі паведамілі акулам пяра толькі пра беларуска-расійскі таваразварот, рост узаемных інвестыцый і пашырэнне кааперацыйных сувязяў.
Між тым, у саюзнікаў — шмат пытанняў. Гэта кошт газу, пастаўкі нафты, можа быць, чарговы крэдыт альбо пазыка на падтрымку беларускай эканомікі, якая ўсё ніяк не дачакаецца грошай ад МВФ. Агульныя словы прэзідэнтаў журналістам могуць сведчыць ці пра тое, што яны, абмеркаваўшы пытанні, ні пра што не дамовіліся, ці пра тое, што абмяркоўвалі яны зусім іншае — нешта вельмі сакрэтнае.
Пакуль Лукашэнка быў у Маскве з Кірылам і Пуціным, мясцовыя ліберал-дэмакраты ці то прагнуліся перад кіраўніком дзяржавы, ці то падклалі яму свінню. А можа, проста хітра здзекуюцца. Вышэйшы савет і ЦК Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, «карыстаючыся сваім прадстаўніцтвам у Савеце Рэспублікі і Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу», прынялі рашэнне ініцыяваць правядзенне рэферэндуму па змене Канстытуцыі. На іх думку, плебісцыт павінен прайсці ў 2018 годзе разам з мясцовымі выбарамі.
На разгляд народу плануецца вынесці тры пытанні. У ЛДП прапануюць павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта Беларусі з 5 да 7 гадоў, тэрмін паўнамоцтваў беларускіх парламентарыяў з 4 да 5 гадоў, а таксама перайсці на выбары дэпутатаў усіх узроўняў па прапарцыйна-мажарытарнай сістэме.
Па-першае, што такое «прадстаўніцтва ЛДП» у палатах парламенту? Гэта адзін дэпутат у Палаце прадстаўнікоў, Анатоль Хішчанка, і адзін «сенатар» — кіраўнік партыі Сяргей Гайдукевіч. Ці хопіць гэтага, каб ініцыяваць рэферэндум?
Па-другое, павелічэнне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 5 да 7 гадоў для чалавека, які на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе знаходзіцца нязменна 22 гады — гэта сапраўды інакш як здзекам не назавеш.
Па-трэцяе, эканоміка краіны трашчыць па ўсіх напрамках. Тут ужо ідзе размова пра тое, хто будзе адказным за масавае збядненне насельніцтва і за банкруцтва эканамічнай палітыкі. Прапанова ЛДП павялічыць тэрмін прэзідэнцтва выглядае як клопат, каб гэтыя адказныя не збеглі з краіны, калі ўсё пачнецца развальвацца. На добры розум, тэрміны кіравання скарачаць трэба, а не павялічваць! Каб потым заявіць: «Пры мне ўсё нармальна было, а тут прыйшлі гэтыя рэфарматары…»
Чаму такі песімістычны прагноз? Не толькі ў мяне ўсё большае адчуванне, што мы недзе на парозе новых 1990-х гадоў. На БТ з’явілася рэгулярная праграма, у якой распавядаецца пра факты безгаспадарнасці ў краіне. І мне адразу ўзгадаўся пабудаваны на тых жа прынцыпах «Пражэктар перабудовы» (тыя, хто памятае канец СССР, ведаюць, пра што я).
І крадуць, як тады, ужо ўсё, што кепска ляжыць. Днямі пад Маладзечна папёрлі цэлую электрастанцыю! Гомельскія будаўнікі, якія вядуць электрычнасць на чыгунцы Маладзечна — Гудагай — мяжа РБ, у пачатку верасня дайшлі да Чарчэнава Маладзечанскага раёна і папрасілі ў гаспадара прыватнага ўчастка дазволу паставіць свой кантэйнер з генератарам. Гаспадар займаецца фермерствам і сам на гэтым участку бывае рэдка. У апошні раз генератар у кантэйнеры бачылі 26 кастрычніка. 28 кастрычніка кантэйнер адкрылі — і электрастанцыі на месцы не знайшлі.
Што цікава, злодзей скраў не толькі электрастанцыю. Навясны замок, якім зачыняўся кантэйнер, таксама не знайшлі.