Беларусь зноў заяўляе пра намер павысіць цану на транзіт расійскай нафты
1 студзеня 2017 года Беларусь мае намер на 20,5% павысіць цану на транзіт расійскай нафты.
Паведамленні аб гэтым накіравалі ў расійскую кампанію "Транснефць" беларускія ААТ "Гомельтранснафта Дружба" і "Полацктранснафта", паведаміў ТАСС са спасылкай на крыніцу ў адным з нафтатранспартных прадпрыемстваў Беларусі.
Беларускія профільныя ведамствы пакуль не каментуюць гэтае рашэнне. Аднак афіцыйны прадстаўнік "Транснефці" Ігар Дзёмін пацвердзіў, што кампанія атрымала прапановы беларускага боку і вывучае іх, але пакуль не бачыць абгрунтаванасці такога павышэння. "У адпаведнасці з методыкай ўстанаўлення тарыфаў мы накіруем у ФАС (Федэральная антыманапольная служба. — БелаПАН.) звесткі заяўкі з указаннем, што мы не згодныя з такім павышэннем", — заявіў ён 25 лістапада ў Маскве.
Дзёмін дадаў, што ў адпаведнасці з методыкай ФАС павінна прыняць рашэнне аб тарыфе. Калі ж тарыфныя органы краін не дамовяцца аб памеры тарыфаў, то ўпаўнаважаны орган беларускага боку зацвярджае памер тарыфаў на транспартаванне нафты шляхам павышэння дзейных ставак тарыфаў на сярэднегадавы індэкс спажывецкіх цэн на гэты год, усталяваны параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі, павялічаны не больш як на 3%.
Варта адзначыць, што сёлета Беларусь ужо збіралася павысіць тарыфы на транзіт расійскай нафты. Пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі ад 28 верасня 2016 года тарыфы на транзіт расійскай нафты па тэрыторыі рэспублікі былі павышаныя ў сярэднім на 50%. Дакумент павінен быў набыць моц 11 кастрычніка, аднак напярэдадні, 10 кастрычніка, віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў: Беларусь адмяніла рашэнне аб павышэнні тарыфаў на транзіт расійскай нафты ў абмен на аднаўленне аб'ёмаў паставак нафты з Расіі.
Згодна з беларуска-расійскімі дамоўленасцямі аб вырашэнні нафтагазавага канфлікту да 20 кастрычніка Мінск павінен быў пералічыць 281 млн долараў у якасці запазычанасці за пастаўлены расійскі прыродны газ, прычым, як заяўляў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, сродкі для разлікаў за газ ёсць. Аднак грошы так і не былі пералічаныя.
Чакалася, што пытанне будзе ўрэгуляванае пасля візіту ў Мінск прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева 28 кастрычніка, а таксама пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным 22 лістапада ў Маскве.
Марына Носава, БелаПАН