Эксперт: Са стратэгічнага гледзішча Беларусь для Кітая нічога значыць
28 лютага Аляксандр Лукашэнка паляцеў з афіцыйным візітам у Кітай. Анансуюцца перамовы з Сі Цзіньпінам у вузкім і пашыраным складах, а таксама і падпісанне «вялікага пакета дакументаў у ключавых сферах».
Аднак, на думку аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, у гэтага візіту можа быць і іншая падаплёка: абмеркаванне пытання, як афіцыйны Мінск можа дапамагчы Маскве і Пекіну абысці заходнія санкцыі.
Характэрна, што аб магчымых пастаўках кітайскай зброі ў
абыход санкцый загаварылі неўзабаве пасля апублікаванага «мірнага плана» Кітая
аб заканчэнні вайны ва Украіне — а адзін з яго пунктаў як раз прапануе ААН
зняць «аднабаковыя санкцыі» з РФ.
Усход, вядома, «справа тонкая», але ці няма тут
супярэчнасці? Пра рэалістычнасць «абыходнай» схемы і пра тое, хто
застанецца ў выйгрышы ў выніку, «Филин» пагаварыў з гісторыкам, палітолагам Розай
Турарбекавай.
— Наколькі я зразумела з каментароў заходніх палітыкаў,
заснаваных у першую чаргу на амерыканскіх выведдадзеных, такая магчымасць
Кітаем разглядаецца: пастаўкі зброі праз Беларусь у Расію ці ўдзел у абыходзе
санкцый для таго, каб беларускі вайскова-прамысловы комплекс мог вырабляць БПЛА
ці нейкія іншыя віды вайсковай тэхнікі і зброі, — адзначае экспэрт. — Ці не
супярэчыць гэта «мірнаму плану» Кітая? Не, не супярэчыць — таму што сам
па сабе «мірны план» не выглядае канкрэтна.
Гэта вельмі агульны праект, прычым унутрана супярэчлівы.
Каментуючы яго цяпер, многія эксперты ацэньваюць яго як своеасаблівы піяр-ход
для ўмацавання іміджу Кітая як міратворца — у першую чаргу, у вачах урадаў
краін, якія развіваюцца, і, магчыма, набору пэўных ачкоў у вачах Еўрасаюза.
Хоць як раз з боку палітычных лідараў Еўропы раздаецца
крытыка гэтага плана — у прыватнасці, яго крытычна ацаніў Шольц і кіраўнік
еўрапейскай дыпламатыі Барэль.
Неабходна зразумець: для Кітая важна, каб Расія ў вайне не
прайграла ў пух і прах, не аслабла такім чынам, што Кітай застанецца сам-насам
з Захадам.
— У той жа час, як мяркуюць некаторыя аналітыкі, Кітаю
выгадная Расія не пераможаная, але досыць слабая…
— Наогул, Расія сама вінаватая, што ўлезла ў гэтую вайну —
Кітай яе на гэта не штурхаў. Думаю, 24 лютага 2022 года стала для КНР
абсалютнай нечаканасцю, прычым, непрыемнай.
З іншага боку, пэўныя выгады ад таго, што адбылося, Кітай
сапраўды атрымаў: відавочна, калі б не вайна, то канфрантацыя паміж ЗША і
Кітаем была б значна вастрэйшай. А цяпер Злучаныя Штаты вымушаныя накіраваць, у
прамым сэнсе слова, свае рэсурсы на барацьбу з Расіяй, саслабляючы такім чынам
увагу ў дачыненні да Кітая.
Цяпер вораг нумар адзін, вядома, РФ, хоць аж да 24 лютага
такім яна ні ў вачах ЕС, ні большасці краін NATO не з'яўлялася. А вось на
канфрантацыю і суперніцтва з КНР увогуле ЗША і краіны NATO былі
нацэленыя — Кітай яны ўспрымаюць значна больш сур'ёзна.
— Алею ў агонь абмеркавання ролі Беларусі, відавочна,
падлівае той факт, што ЕС падоўжыў на год персанальныя санкцыі супраць
Лукашэнкі, ягонага атачэння і некаторых арганізацый, але вось у 10 пакет
санкцый супраць Расіі Беларусь не ўвайшла.
— Не думаю, што гэта робіцца для таго, каб неяк дагадзіць
Кітаю або накіраваць яго на супрацоўніцтва з Беларуссю. Тут былі свае
меркаванні. Бо прыняцце рашэнняў унутры ЕС з нагоды любога пакета санкцый — гэта
вельмі складаная працэдура ўзгаднення. І высветлілася, што ёсць канкрэтныя
бакі, якія лабіруюць, каб санкцыйны ціск на Беларусь, прынамсі, не
павялічваўся.
У першую чаргу, пра гэта кажа Партугалія, Францыя, таксама
Нідэрланды — пытанне ў калійных угнаеннях, і сельскагаспадарчае лобі — а праз
Партугалію, мабыць, Бразілія лабіравала сваю цікавасць, — аказалася дастаткова
сур'ёзным, каб у новы пакет санкцый Беларусь не ўвайшла.
Такая санкцыйная паўза, на думку Розы Турарбекавай, склалася
тактычна-сітуатыўна, таму што «ўцягванне Беларусі ў вайну ў той ці іншай якасці
будзе абнаўляцца, мадыфікавацца і даваць усё больш падстаў для таго, каб
санкцыі зноў разглядаліся і прымаліся».
— Калі Кітай сапраўды разглядае беларускі рэжым як памочніка
ў пастаўках зброі і абыходзе санкцый, якое становішча ў гэтай гульні займае Беларусь?
Прапаганда, вядома, нагадвае пра «ўсёпагоднае партнёрства», але ці не
стане Беларусь гэтакай разменнай манетай, і што будзе з ёй пасля ажыццяўлення
падобных схем, Кітаю ўсё роўна?
— Так, думаю, што ў Кітая стаўленне да Беларусі досыць
утылітарнае. Уласна, а што Беларусь для Кітая значыць? Са стратэгічнага пункту
гледжання — нічога.
— А як жа грошы, па сутнасці, закапаныя ў індустрыяльны
парк «Вялікі камень»?
— Насамрэч, «Вялікі камень» — гэта вялікі міф.
Першапачаткова, так, ідэя была менавіта такая: выкарыстоўваць зону
індустрыяльнага парку для прамысловага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, і каб
гэта было фіфці-фіфці... Але потым праект скаціўся да іншых суадносін, а
тэрыторыя парку разглядалася проста як зборачны цэх для экспарту ў Еўрапейскі саюз.
Але гэта разглядалася, калі ішла палітыка дыялогу, межы былі
адкрытыя, транспартныя артэрыі працавалі бесперабойна, з усімі памежнымі
краінамі ЕС дзейнічалі пагадненні аб бесперабойных пастаўках. А цяпер што, які
цяпер экспарт у Еўрасаюз з тэрыторыі Беларусі?
З 2020 года Кітай уважліва назірае з дапамогай сваёй амбасады за тым, што адбываецца ў Беларусі. І краіна не мае той прывабнасці, якая была раней, з простай прычыны: у Беларусі няма стасункаў з Еўропай.
Больш за тое, яны рэгрэсуюць: прымаюцца санкцыі, зачыняюцца межы, і сітуацыя пагаршаецца і пагаршаецца.
Незалежна ад таго, ці трапіла Беларусь у чарговы пакет
санкцый, у транспартную ізаляцыю яна трапляе. Кітайскае пасольства павінна
ставіць сваё кіраўніцтва ў вядомасць — усё гэта распісваецца, і прывабнасць
Беларусі, якая была, пачынаючы з 2015-га і заканчваючы 2020 годам (а ў 2015-м
Сі Цзіньпін прыязджаў у Мінск, і гэта, я лічу, быў пік беларуска-кітайскіх адносін),
імкліва пайшла на спад.
Нейкіх якасных умоў, якія казалі б пра магчымыя паляпшэнні,
няма — і не будзе. Таму значэнне візіту Лукашэнкі не варта перабольшваць — ён
запланаваны, гэта, я б сказала, каляндарнае мерапрыемства для Кітая, які ў
пэўны момант у пэўных умовах, магчыма, спрабуе выкарыстоўваць Беларусь і ў
якасці абыходнага шляху для паставак зброі ў Расію.
Між іншым, паводле амерыканскіх разведданых, канчатковае рашэнне
на гэты конт у КНР яшчэ не прынята. А тое, што кажа беларуская прапаганда аб
двухбаковых адносінах і перспектывах супрацоўніцтва, паводле слоў Розы Турарбекавай, «нават у самыя лепшыя гады трэба было дзяліць на дзесяць».
Эксперт прыводзіць паказальны прыклад:
— Перабольшанні, прыпісванні былі каласальнымі. І «жалезнае братэрства», пра якое яшчэ ў 2018 годзе трубілі дзяржСМІ ў
Беларусі, маючы на ўвазе стратэгічнае партнёрства ледзь не вайскова-тэхнічнага
характару, у выніку аказалася проста няправільным перакладам. Я
пракансультавалася са спецыялістамі, якія выдатна ведаюць кітайскую
мову, — аказалася, гучаў выраз не «жалезнае братэрства», а «шчырыя сябры».
Аднак гэтая памылка была падхопленая і раскручаная, у прыватнасці, паслом Беларусі ў КНР Кірылам Рудым. А ў дыпламатыі мала зрабіць адэкватны пераклад, трэба яшчэ ведаць, у якім кантэксце выкарыстоўваўся той ці іншы выраз. Інакш атрымліваецца фактычна «мыльная бурбалка».