Мірны план Кітая: што прапануецца?

Кітай прадставіў свой план па «палітычным урэгуляванні ўкраінскага крызісу». Ён складаецца з 12 пунктаў.

Лідар Кітая Сі Цзіньпін.Фота з сайта focus.ua

Лідар Кітая Сі Цзіньпін.Фота з сайта focus.ua

Мірны план Кітая, як і было абяцана, быў прэзентаваны ў гадавіну вайны. Ён складаецца з 12 пунктаў. Адпаведны дакумент быў размешчаны на сайце МЗС КНР.

Пекін заклікаў спыніць баявыя дзеянні ва Украіне і «адмовіцца ад менталітэту халоднай вайны». Таксама кітайскія ўлады лічаць неабходным пачаць мірныя перамовы, спыніць «аднабаковыя санкцыі» і гарантаваць вываз украінскага збожжа.




У прыватнасці, Пекін заклікае:

  1. Паважаць міжнароднае права і прынцып «суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх краін».
  2. Адмовіцца ад «менталітэту халоднай вайны». «Бяспека краіны не можа дасягацца за кошт бяспекі іншых. Бяспека рэгіёна не павінна дасягацца ўмацаваннем або пашырэннем ваенных блокаў», — гаворыцца ў гэтым пункце. Пекін заклікаў сур'ёзна ставіцца да «законных інтарэсаў бяспекі ўсіх краін» і «не дапускаць фарміравання лагерных супрацьстаянняў».
  3. Спыніць агонь. Пекін заклікае ўсе бакі праяўляць стрыманасць, не «раздзімаць полымя» і дапамагчы Украіне і Расіі як мага хутчэй аднавіць дыялог.
  4. Пачаць мірныя перамовы. На думку КНР, міжнародная супольнасць павінна дапамагчы бакам канфлікту «адкрыць дзверы для палітычнага ўрэгулявання», а таксама стварыць для гэтага ўмовы і даць платформу для перамоў.
  5. Вырашыць гуманітарны крызіс. Пекін заклікаў «абараняць бяспеку цывільных асоб» і ствараць гуманітарныя калідоры для іх эвакуацыі, нарошчваць гуманітарную дапамогу.
  6. Абараніць цывільных асоб і ваеннапалонных. На думку кітайскіх улад, бакі ваеннага канфлікту павінны ўстрымлівацца ад нападаў на цывільных асоб і грамадзянскія аб'екты, абараняць жанчын і дзяцей, а таксама паважаць правы ваеннапалонных.
  7. Падтрымліваць бяспеку атамных электрастанцый. КНР заявіў аб неабходнасці супрацьстаяць узброеным нападам «на мірныя ядзерныя аб'екты», у прыватнасці, на АЭС. Згодна з дакументам, усе бакі павінны выконваць Канвенцыі аб ядзернай бяспецы і пазбягаць тэхнагенных ядзерных аварый.
  8. Знізіць стратэгічныя рызыкі. На думку Пекіна, нельга выкарыстоўваць ядзерную зброю, неабходна процідзейнічаць яе прымяненню або пагрозе прымянення. Кітай таксама выступае супраць «распрацоўкі і прымянення біялагічнай і хімічнай зброі любой краінай пры любых абставінах».
  9. Гарантаваць вываз збожжа. На думку Пекіна, усе бакі павінны выконваць пагадненне аб перавозцы збожжа па Чорным моры, што было падпісана Расіяй, Украінай, Турцыяй і ААН у 2022 годзе.
  10. Спыніць аднабаковыя санкцыі. Пекін заяўляе аб недапушчальнасці «аднабаковых», гэта значыць не зацверджаных Саветам Бяспекі ААН, санкцый. На яго думку, такія меры «не толькі не вырашаць праблемы, але створаць новыя».
  11. Забяспечыць стабільнасць ланцужкоў вытворчасці і паставак. Пекін адзначае, што трэба абараняць сусветную эканоміку і супрацьстаяць яе палітызацыі і выкарыстанню для ваенных мэт. Ён заклікаў не дапусціць зрыву міжнароднага супрацоўніцтва ў галінах энергетыкі, фінансаў, гандлю збожжам і транспарту.
  12. Садзейнічаць пасляваеннаму аднаўленню. На думку КНР, міжнароднай супольнасці неабходна прыняць меры для падтрымкі пасляваеннага аднаўлення ў зоне канфлікту. Пекін заявіў, што гатовы «аказаць дапамогу і адыграць канструктыўную ролю» ў гэтым пытанні.




    Нагадаем, раней на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы сябар Палітбюро ЦК КПК Ван І заявіў, што Кітай у гадавіну расійскага ўварвання ва Украіну апублікуе нейкі «мірны план» па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту.

    Пасля гэтага Ван І прыбыў з візітам у Маскву, дзе сустрэўся з сакратаром Рады бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым і затым у Крамлі — з Уладзімірам Пуціным.

    Паводле www.currenttime.tv