371-шы дзень вайны. Крэмль выкарыстоўвае Лукашэнку для аднаўлення інфармацыйных аперацый?

Сітуацыя на фронце застаецца напружанай. Імаверна, сапраўды «вялікі наступ» Расіі нябачна пачаўся. Аднак эксперты адзначаюць, што поспехаў ён не прыносіць.

Украінскія вайскоўцы. Фота Getty Images

Украінскія вайскоўцы. Фота Getty Images


За мінулыя суткі, 28 лютага, УСУ адбілі больш за 85 атак праціўніка на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках, паведамляе Генеральны штаб УСУ. Таксама за мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 2 ракетных і 12 авіяцыйных удараў, уключаючы прымяненне 2 БПЛА «Шахед-136». Дроны былі збітыя. Рускія здзейснілі 68 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Зноў пацярпелі цывільныя людзі.

«Узровень пагрозы нанясення захопнікамі ракетных удараў застаецца высокім па ўсёй тэрыторыі Украіны», — адзначылі ў Генштабе.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка — без істотных змен. Праціўнік утрымлівае свае падраздзяленні паблізу дзяржаўнай мяжы Украіны, аднак фарміраванне наступальных груповак не выяўлена.

Цяжкай сітуацыя застаецца ў раёне Бахмута, які рускія не могуць узяць восем месяцаў. Узброеным сілам Украіны ў Бахмут накіравалі падмацаванне, паведаміла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр у эфіры тэлемарафона.

«Камандуючы сухапутнымі войскамі Аляксандр Сырскі падчас нядаўняй паездкі ў горад прыняў рашэнне аб перамяшчэнні дадатковых падраздзяленняў», — сказала яна. Маляр патлумачыла, што сама сітуацыя ў Бахмуце складаная і напружаная: расійскія вайскоўцы сканцэнтравалі там асноўныя намаганні, каб паспрабаваць цалкам акупаваць Данецкую вобласць.

Між тым, аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) канстатуюць, што ў Луганскай вобласці наступальныя аперацыі расійцаў — няўдалыя, нягледзячы на тое, што Расія пакуль мае ініцыятыву.

Расійскія войскі вядуць абмежаваныя наземныя атакі паблізу горада Сватава і Навасёлаўскага. Расійцы таксама нанеслі абмежаваныя наземныя ўдары паблізу Крамянной. Аднак РФ не дасягнула значных поспехаў у раёне Крамянной, дзе расійскія войскі спрабуюць наступаць адразу на некалькіх участках. Аналітыкі спасылаюцца на ацэнкі як украінскага Генштаба, так і на так званых расійскіх «ваенкораў».

«Хоць расійскія сілы ў Луганскай вобласці ўсё яшчэ маюць ініцыятыву, расейскія наступальныя аперацыі ў Луганскай вобласці няўдалыя, пацвярджаючы папярэднюю ацэнку ISW аб тым, што для наступу расійскіх войскаў у Луганскай вобласці не хапае дастатковых рэзерваў для павелічэння маштабу або інтэнсіўнасці наступу», — рэзюмуюць аналітыкі.

А паколькі значных поспехаў у баі Расіі дасягнуць не ўдаецца, то краіна-агрэсар спрабуе адцягнуць увагу ад няўдач інфармацыйнымі ўкідамі, пішуць у ISW.

Прынамсі, узмацняецца прапаганда інфармацыйных аперацый пад чужым сцягам, каб адцягнуць увагу ад адсутнасці адчувальных поспехаў на поле бою і запаволіць прадастаўленне заходніх танкаў і іншай дапамогі Украіне, пішуць эксперты ISW. Так, 28 лютага Міністэрства абароны Расіі абвінаваціла «ЗША і іх памагатых» у планаванні правакацыі ва Украіне з выкарыстаннем таксічных хімічных рэчываў.

19 лютага ведамства заявіла, што ўкраінскія ўлады плануюць атакі пад чужым сцягам на небяспечных радыяцыйных аб'ектах ва Украіне, каб абвінаваціць расійскія сілы ў невыбарчых ударах па такіх аб'ектах.

Відавочнае павелічэнне колькасці падобных папярэджанняў таксама суправаджае ўзгодненую інфармацыйную кампанію Расіі па абвінавачванні Украіны ў падрыхтоўцы да ўварвання ў Прыднястроўе.

ISW лічыць, што адраджэнне стандартных расійскіх інфармацыйных аперацый азначае, што расійскія чыноўнікі ўсё больш спрабуюць змякчыць інфармацыйнае ўздзеянне ад адсутнасці поспехаў на поле бою, а таксама запаволіць пастаўкі заходніх танкаў і іншага абсталявання Кіеву напярэдадні чаканага контрнаступлення.

Пры гэтым Крэмль, падобна, выкарыстоўвае Лукашэнку ў якасці канала для аднаўлення інфармацыйнай аперацыі ў пагоні за перамовамі на выгадных для Расіі ўмовах і далейшымі затрымкамі ў прадастаўленні Захадам Украіне крытычна важных сістэм узбраення.

У прыватнасці, Лукашэнка падчас сваёй афіцыйнай паездкі ў Кітай заявіў, што Расія гатовая распачаць крокі па мірным урэгуляванні, і што ёсць унікальная магчымасць спыніць вайну ва Украіне да таго, як Расія паставіць сваю эканоміку на больш трывалую ваенную аснову. Лукашэнка таксама абвінаваціў Захад і ЗША ў прымусе ўкраінскіх чыноўнікаў адмовіцца ад перамоваў з Расіяй.

«Крэмль і Лукашэнка, імаверна, ухопяцца за абнародаванне Кітаем мірнага плана з 12 пунктаў, каб аднавіць існую расійскую інфармацыйную аперацыю, якую Крэмль выкарыстаў у снежні 2022 года. Гэтая інфармацыйная кампанія, засяроджаная на адкрытасці Расіі да перамоваў, была накіравана на тое, каб заахвоціць заходніх чыноўнікаў прапанаваць папераджальныя саступкі і прымусіць Украіну да перамоваў на расійскіх умовах і, верагодна, спрыяла затрымцы з прадастаўленнем заходніх танкаў і іншага абсталявання, неабходнага для працягу ўкраінскіх механізаваных контрнаступленняў», — пішуць ваенныя эксперты.

Крэмль, магчыма, аднаўляе інфармацыйную аперацыю на перамовах, каб знізіць эфектыўнасць будучых украінскіх контрнаступленняў шляхам затрымкі прадастаўлення неабходнай заходняй дапамогі і паспрабаваць дамагчыся саступак перад патэнцыяльнымі далейшыя няўдачы ва Украіне.

Таксама ў ISW вяртаюцца да тэзы, што Лукашэнка можа спрыяць схемам абыходу санкцый паміж Расіяй і Кітаем падчас сваёй афіцыйнай паездкі ў Пекін. Лукашэнка падчас свайго трохдзённага візіту павінен падпісаць вялікі пакет пагадненняў аб развіцці сумесных праектаў, гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным, гуманітарным і палітычным супрацоўніцтве з Кітаем.

«Лукашэнка раней заяўляў, што беларуская абаронная прамысловасць можа вырабляць зброю, паколькі ў Беларусі ёсць доступ да мікраэлектронікі, оптыкі, і іншыя кампаненты, імпартуемыя з іншых дзяржаў. Прадстаўнікі ўкраінскай выведкі заявілі, што Беларусь пастаўляла Расіі артылерыйскія боепрыпасы з беларускіх складоў для падтрымкі аперацый ва Украіне. Дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША (ЦРУ) Уільям Бернс заявіў 25 лютага, што ЦРУ ўпэўнена, што кітайскае кіраўніцтва разглядае магчымасць прадастаўлення Расіі смяротнага абсталявання. Кітай можа таемна перадаваць абсталяванне ў Расію праз Беларусь», — нагадвае ISW.

Паводле ВВС; ISW; РБК-Украіна; Карэспандэнт