Дракахруст: Каардынацыйная рада — пахаванне дэмакратыі?
30 гадоў таму ўладу ў краіне атрымаў палітык, які аказаўся больш здольным. І тое, што цяпер уладу ў КР фактычна трымае выхадзец з яго вертыкалі — вельмі сімвалічны і трывожны для нас паказчык.
Крызіс у Каардынацыйнай радзе (КР) вырашаны. Учора рада абрала сваёй спікеркай Анжаліку Мельнікаву, прадстаўніцу выбарчага спіса «Каманда Латушкі і руху "За Свабоду"». Віцэ-спікеркай была абраная Станіслава Гліннік, прадстаўніца выбарчага спіса «Еўрапейскі выбар».
Падзея мо і не лёсавызначальная, але важная, піша на «Свабодзе»Юрый Дракахруст. Не сказаць, каб беларусаў так ужо цікавілі жарсці ў КР, трансляцыю ў Youtube пасяджэння з вылучэннем кандыдатаў у кіраўніцтва Рады паглядзела агулам каля 1000 чалавек. Тым не менш, сам па сабе шлях вырашэньня крызісу — паказальны ў сэнсе таго, як робіцца беларуская палітыка. Ды і палітыка наогул.
Многія назіральнікі палічылі сімвалічным, што першае працоўнае пасяджэнне КР трэцяга склікання адбылося дакладна ў 30-ю гадавіну абрання прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя ўбачылі сімвалізм у тым, што і тады вынікі выбараў аказаліся пахаваннем дэмакратыі, і цяпер у КР — таксама. Прыкладна гэтак напярэдадні пасяджэння ахарактарызаваў сітуацыю «Блок Пракоп’ева-Ягорава».
Але можна ўбачыць сімвалізм і ў тым, што перамога мае значэнне. А ў сучаснай айчыннай палітычнай культуры — пераможца атрымлівае ўсё. Ці амаль усё. Кааліцыя, створаная пяццю блокамі, найперш «Камандай Латушкі і руху "За Свабоду"» і «Еўрапейскім выбарам», атрымала пераканаўчую большасць у КР. І здолела дасягнуць мэтаў, якія ставіла перад сабой. Пасля амаль месяца гарачых дэбатаў быў зменены рэгламэнт працы Рады, у выніку чаго чальцы Абʼяднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і Аліна Коўшык атрымалі права быць і ў Кабінеце, і ў складзе Рады. Пры гэтым было заяўлена, што кіруючыя пасады ў Радзе чальцы Кабінета займаць не будуць, што можна разглядаць, як саступку меншасці.
Хто ўзначаліў Каардынацыйную раду?
Але ў выніку ад кааліцыі ў кіраўніцтва Рады былі вылучаныя, скажам так, не самыя палітычна яскравыя фігуры. Анжаліка Мельнікава падчас падзей 2020 года зазнала пераслед, але да каманды Латушкі — «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» (НАУ) — яна далучылася ў чэрвені 2022 года. У НАУ яна была і ёсць каардынатаркай праектаў — пасада хутчэй апаратная, чым публічна-палітычная. Атрымалася знайсці лічаную колькасць публічных выступаў Мельнікавай, пачынаючы з 2020 года.
Цалкам дапускаю, што яна — бліскучая і надзвычай эфектыўная менеджарка, таксама магчыма, што на новай пасадзе раскрыюцца і яе таленты палітычнай лідаркі. Але нельга выключаць, што яе роля акажацца больш тэхнічнай, а публічнае палітычнае лідарства ў Радзе застанецца за сапраўднымі палітычнымі лідарамі кааліцыі — Латушкам і Коўшык. У 2011-2018 гадах Мельнікава працавала ў падраздзяленні па сувязях з грамадскасцю беларускага прадстаўніцтва кампаніі «Coca-Cola». Гэты шматгадовы досвед працы ў бізнэсе вельмі адчуваўся ў яе прадстаўленні сваёй кандыдатуры і адказах на пытанні дэлегатаў Рады. На некаторыя вострыя пытанні яна адказвала стандартнымі матывацыйнымі мемамі бізнэс-коўча.
Як праходзіла абмеркаванне кандыдатуры спікеркі?
Яе праграма дзейнасці на пасадзе спікеркі таксама больш нагадвала праграму развіцця бізнэс-праекта, чым праграму дзейнасці палітычнай інстытуцыі. Лідарка блока «Наша справа» Роза Турарбекава прапанавала кандыдатцы ў выпадку абрання сысці з НАУ, каб не ствараць канфлікт інтарэсаў. Мельнікава адказала няпэўна, не сказаўшы цвёрда ні «так», ні «не». Аднак альтэрнатыўны падыход пісьменна сфармуляваў яе калега па НАУ Арцём Брухан, прыгадаўшы, што і ў паўнавартасных дэмакратыях спікеры парламентаў не пакідаюць пасад у партыях, ад якіх яны балатаваліся.
Яшчэ адным цікавым сюжэтам абмеркавання кандыдатуры Мельнікавай стала пытанне аб справаздачы Абʼяднанага пераходнага кабінета. Летась, напярэдадні канфэрэнцыі «Новая Беларусь», справаздачы чальцоў АПК перад Радай адбыліся. Па выніках тых справаздач Святлана Ціханоўская звольніла з Кабінета Аляксандра Азарава. На прапанову зладзіць такую справаздачу і сёлета Мельнікава адказала, што для гэтага засталося замала часу да сёлетняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь», дадаўшы, што выбары ў цяперашні склад КР адбыліся запозна — каменьчык у гарод папярэдняга складу Рады і яе кіраўніцтва. Таксама яна патлумачыла, што справаздача чальцоў АПК перад Радай — пытанне, якое вырашаюць Ціханоўская, АПК, Рада ў цэлым, а зусім не яе спікер ці спікерка.
Крызіс вырашаны — супярэчнасці засталіся
Абмеркаванне кандыдатуры Мельнікавай паказала, што супярэчнасці паміж большасцю і меншасцю ў Радзе насамрэч далёка не вырашаныя. Прадстаўнікі меншасці называлі большасць «кабінетнай», у прыгаданай заяве «Блока Пракопʼева-Ягорава» наўпрост гаворыцца, што «дзеянні фракцыі Паўла Латушкі вядуць да ліквідацыі незалежнасці Каардынацыйнай рады і яе падпарадкавання Офісу Святланы Ціханоўскай і Абʼяднанаму пераходнаму кабінету пад яе кіраўніцтвам».
Сваеасаблівым дэмаршам меншасці стала і тое, што яна не вылучыла сваіх кандыдатаў на пасады спікера і віцэ-спікера. Меншасць магла б вылучыць сваіх кандадатаў, нават не разлічваючы, што іх абяруць, а каб прадставіць сваё бачанне сітуацыі. Але палічылі за лепшае не ствараць уражання альтэрнатыўнасці а прадставіць сітуацыю як дыктат дамінуючай сілы.
Люстэркавым адбіткам заявы «Блока Пракопʼева-Ягорава» стала нядаўняе інтэрвію Настассі Роўдзе дарадцы Ціханоўскай, экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча. Ён заявіў, што папярэдні рэгламэнт Кааардынацыйнай рады быў пра тое, «як адсунуць Ціханоўскую». Ён адзначыў, што вельмі гэтым занепакоены і лічыць папярэдняе кіраўніцтва Каардынацыйнай рады на чале з Андрэем Ягоравым «той групай, якая можа зашкодзіць».
Мілінкевіч — не дэлегат КР, таму можа быць больш вольным у выказваннях, чым прадстаўнікі большасці Рады. Але, магчыма, агучыў тое, што яны насамрэч думаюць. Навідавоку сутыкненне двух, па сутнасці супрацьлеглых падыходаў. Адзін бок — блок Пракопʼева-Ягорава — абвінавачвае другі ва ўзурпацыі ўлады ў КР, другі бок абвінавачвае асабіста Ягорава і яго аднадумцаў у жаданні падарваць уладу Ціханоўскай.
І тое, як вырашыўся крызіс у КР, і абранне яе кіраўніцтва — гэта перамога не толькі пэўных людзей, але і пэўнага падыходу, адрознага ад падыходу апанентаў. Хутчэй за ўсё, Мельнікава не сыдзе са сваёй пасады ў НАУ. Хутчэй за ўсё, сёлета справаздачы Кабінета перад Радай не будзе. Але паўната перамогі большасці невідавочная.
Меншасць у КР захоўвае магчымасці, прынамсі, уплываць на рашэнні — задаваць пытанні, крытыкаваць, вылучаць прапановы, апеляваць да грамадскай думкі, словам, рабіць тое, што робіць апазіцыя ў парламентах свету. КР — не парламент Беларусі, і нават «протапарламентам» яе можна назваць з вялікай доляй умоўнасці. Але дзейнічаць меншасці давядзецца гэтак жа, як дзейнічае меншасць у паўнавартасных парламентах.
Да таго ж, цяперашняя канфігурацыя большасці ў КР — яна неабавязкова захаваецца на ўсю кадэнцыю Рады. Гэты раўнд выйграла кааліцыя Латушкі і Ціханоўскай, выглядае, што Латушку дасталося больш пладоў гэтай перамогі. Як ён скарыстаецца імі, пакуль невядома. І цалкам магчыма, што неўзабаве сённяшняя меншасць у Радзе стане часткай новай большасці.
Крызіс у КР — пасланне з будучай свабоднай Беларусі
Здавалася б, ці варта так падрабязна разбіраць сітуацыю ў КР? І галасавала на выбарах у яе няшмат беларусаў, і ходам дэбатаў на ўчарашнім пасяджэнні Рады цікавіліся нямногія, і няшмат на што Рада можа ўплываць. Але крызіс, які адбыўся ў Радзе, і тое, як ён вырашыўся — гэта не толькі школа палітыкі, школа дэмакратыі, але і паказнік, індыкатар сучаснай палітычнай культуры беларускага грамадства. Гэта не папрок — маўляў, узровень той культуры нізкі, а канстатацыя, што рэальнасць — яна вось такая.
Ну, так — яна такая ў выгнанні, пад жахлівым ціскам пагроз і рэпрэсій. Але калі ўявіць сабе, што заўтра рэжым Лукашэнкі разам з ім некуды знікне — ці ёсць важкія падставы лічыць, што рэальную ўладу трымаць і дзяліць у Беларусі будуць кардынальна іншыя людзі, з кардынальна іншай палітычнай культурай?
Як слушна заўважыў некалі палітолаг Аляксей Пікулік, новы лад пасля аўтарытарызму будуецца не на абломках папярэдняга, а з яго абломкаў. Ускосным пацвярджэннем гэтай дасціпнай формулы з'яўляецца тое, што пераможцам на выбарах у КР чамусьці аказаўся блок, якім кіруе шматгадовы супрацоўнік таго самага аўтарытарнага рэжыму. Так, які перайшоў на бок народу, які не пабаяўся пайсці на варʼяцкую рызыку і шмат што згубіў. Але чалавек адтуль. Ці выпадкова?
Ці ёсць сумневы, што і ў свабоднай, новай Беларусі будуць адыгрываць важную, калі не вырашальную ролю людзі цяперашняй сістэмы? З адпаведнай палітычнай культурай. У параўнанні з якой усе, без выключэння, чальцы цяперашняй КР — светачы дэмакратыі, цярпімасці і павагі да правоў меншасці.
І таму цяперашнія жарсці ў КР цікавыя не толькі і не столькі самі па сабе. А як узор таго, як вяртаецца дэмакратыя пасля доўгіх дзесяцігоддзяў дыктатуры. Вось так яна будзе вяртацца і ў Беларусі, калі яна вызваліцца ад дыктатуры.
І апошняе — пра сугучча дат 10 ліпеня 1994-га і 2024 гадоў. Яно нібыта і відавочна, але варта заўважыць, што 30 гадоў таму Лукашэнка аказаўся больш здольным палітыкам, чым яго апаненты. На мой асабісты погляд, на вялікі жаль, але аказалася тады менавіта так. Сёлета Латушка ў межах КР паказаў сябе больш здольным палітыкам, чым яго апаненты. Больш здольным — і дзейнічаючы ў межах правілаў, і дамагаючыся іх змены.
І ў люстэрку гэтага сюжэта адбілася будучыня Беларусі.