Каардынацыйная рада: У Беларусі больш за 5 тысяч палітвязняў
Рэжым Лукашэнкі трымае за кратамі больш за пяць тысяч чалавек, якія былі асуджаныя ў беларусі паводле палітычных матываў. Пра гэта гаворыцца ў адмысловым звароце, зробленым Каардынацыйнай радай 6 ліпеня ў сувязі з вызваленнем шэрагу палітзняволеных.
«28 чэрвеня 2024 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб вызваленні з беларускіх турмаў пяцярых зняволеных праз абмен на ваеннапалонных з удзелам прадстаўнікоў Ватыкана, — гаворыцца ў звароце Каардынацыйнай рады, апублікаваным на яе сайце. —
3 ліпеня 2024 года сродкі масавай інфармацыі паведамілі аб вызваленні з месцаў зняволення некаторых палітвязняў раней заканчэння прызначаных тэрмінаў зняволення.
Каардынацыйная рада Беларусі, прытрымліваючыся прынцыпаў абароны правоў чалавека і сцвярджаючы, што жыццё і свабода грамадзян з’яўляюцца галоўнымі каштоўнасцямі дэмакратычнага грамадства, вітае і падтрымлівае намаганні міжнародных партнёраў, праваабарончых арганізацый, усіх дэмакратычных сіл Беларусі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, накіраваныя на пошук і выкарыстанне ўсяго спектру эфектыўных механізмаў па вызваленні беларускіх палітвязняў.
Звяртаем увагу, што ў турмах Беларусі працягваюць заставацца больш за 1400 прызнаных праваабарончымі арганізацыямі палітычных зняволеных, а рэальная колькасць нявінна асуджаных па палітычных матывах да адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі перавышае 5000 чалавек.
Будучы перакананымі, што ўсе палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя, Каардынацыйная рада заклікае да аб’яднання і ўзгаднення намаганняў усёй грамадзянскай супольнасці Беларусі, палітыкаў і міжнародных партнёраў па пашырэнні гуманітарнага кірунку вызвалення палітзняволеных».
Нагадаем, выхад на волю некаторых палітзняволеных анансаваў Лукашэнка падчас выступу, прымеркаванаму на афіцыйнага Дня незалежнасці 3 ліпеня. Ён сказаў, што будуць вызваленыя людзі, якія пакутуюць за кратамі ад цяжкіх хваробаў.
Па стане на 5 ліпеня праваабаронцам «Вясны» было дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія 3 ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх, як паведамлялася, чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў.
Паводле інфармацыі «Вясны», частка палітвязняў выйшлі
па памілаванні, а не па амністыі. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную
цішыню з меркаванняў бяспекідля бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць
прозвішчы астатніх вызваленых.