Чаму НАТА не прызнае АДКБ, як таго жадае Лукашэнка?


На саміце АДКБ у Ерэване Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся, што арганізацыю «ніхто не хоча прызнаваць, асабліва НАТА». Чаму так адбываецца і што міжнароднае прызнанне можа даць краінам-удзельніцам блока?

1476855694_odkb_19.jpg

Ерэван, 14 кастрычніка. Фота: Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Карбалевіч: У АДКБ занадта шмат унутраных супярэчнасцяў


Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначае, што супраць Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) няма ніякай змовы і яе не прызнаюць, перш за ўсё, таму, што блок не можа праявіць сябе і прадэманстраваць свой уплыў.
— Сумнёўны сам фармат блока. У яго ўваходзяць дзяржавы з вельмі розным геапалітычным і геаграфічным становішчам, з розным разуменнем пагроз. Скажам, якія агульныя геапалітычна інтарэсы і пагрозы ў Кыргызстана, Арменіі і Беларусі? Такіх няма. У краін Цэнтральнай Азіі галоўная пагроза — ісламскі фундаменталізм, у Арменіі — канфлікт з Азербайджанам, у Беларусі — зусім іншыя пагрозы, — кажа Валерый Карбалевіч.
Палітолаг таксама нагадвае, што асобныя краіны-ўдзельніцы АДКБ цесна супрацоўнічаюць з яго канкурэнтам у выглядзе НАТА. У Кыргызстане і Таджыкістане знаходзіліся амерыканскія ваенныя базы, Арменія часткова ўдзельнічала ў натаўскіх аперацыях.
З іншага боку, краіны АДКБ не падтрымалі Расію ў яе канфлікце з Украінай. Сапраўды гэтак жа, як яны не падтрымліваюць свайго саюзніка Арменію ў яе канфлікце з Азербайджанам.
— Звярніце ўвагу да чаго дайшло. На саміце ў Ерэване не змаглі дамовіцца, хто стане наступным генеральным сакратаром АДКБ — тэрмін паўнамоцтваў расійскага генерала Бардзюжы мінае, — адзначае Валерый Карбалевіч. — Таму да АДКБ і адпаведнае стаўленне з боку іншых краін і арганізацый. Наўрад ці блок зможа змяніць свой статус. Калі з АДКБ выцягнуць Расію, то ён рассыплецца.

Алесін: НАТА разбурае АДКБ


Ваенны аналітык Аляксандр Алесін мяркуе, што ў АДКБ жадаюць міжнароднага прызнання, у прыватнасці прызнання НАТА, каб атрымаць магчымасць удзельнічаць у міратворчых аперацыях, якія праводзяцца па мандату ААН.
— Сёння атрымліваецца, што АДКБ выглядае непаўнавартаснай арганізацыяй. Такое становішча не задавальняе, перш за ўсё, Расію, — кажа эксперт.
На думку Аляксандра Алесіна, НАТА і далей будзе працягваць не прызнаваць АДКБ роўным партнёрам, каб не ўзмацніць уплыў Расіі на міжнародныя справы.
— НАТА разбурае гэтую арганізацыю, складаючы асобныя пагаднення абы з кожнай з краін-удзельніц АДКБ. Дапусцім, Беларусь заключыла з НАТА пагаднення «Партнёрства дзеля міру». Думаю, што б краіны-ўдзельніцы АДКБ ні рабілі, НАТА не прызнае арганізацыю, таму што для блока гэта нявыгадна, — мяркуе вайсковы аналітык.
Разам з тым, ён адзначае, што не ўсе краіны-ўдзельніцы АДКБ жадаюць павышэння статусу арганізацыі.
— У АДКБ краіны аб'яднаны на ўмовах атрымання выгады ад Расіі. Яны хочуць эканамічнай і ваеннай дапамогі, абароны сваіх рэжымаў. Усе хочуць нешта атрымаць, а вось ўнесці — не вельмі. Некаторыя з'яўляюцца чыста намінальнымі членамі АДКБ, таму што хочуць атрымліваць дапамогу, але не хочуць ўзмацнення пазіцый Расіі. Па гэтых прычынах, я думаю, АДКБ працягне існаваць у цяперашнім выглядзе, — кажа Аляксандр Алесін.
Паводле udf.by