«Беларусаў могуць выкарыстаць як гарматнае мяса»

У Расіі зараз не стаіць задача ваяваць з Беларуссю, гэта трызненне. Ніхто вайсковымі калонамі да нас уваходзіць не будзе, танкавыя баталіі, баі ў гарадах… гэта лухта. У Расіі зусім іншая задача...

 Дзяніс Івашын

 Дзяніс Івашын

Матэрыялы рэдактара беларускага аддзелу «Informnapalm» Дзяніса Івашына, прысвечаныя расійскай пагрозе ў Беларусі, чытаюць і перадрукоўваюць як у нас, так і за мяжой.

Чытачам «Новага Часу» Дзяніс распавёў пра верагодныя сцэнары расійскай агрэсіі і неабходныя крокі, каб зберагчы незалежнасць. А таксама пра свой шлях да такой незвычайнай працы — легальнай выведкі, заснаванай на працы са СМІ, сацыяльнымі сеткамі ды іншымі адкрытымі крыніцамі.

 

«Прысягу прымаў пад бел-чырвона-белым сцягам»

 

— Чаму табе наогул блізкая гэтая тэма — Расія і яе пагрозы для Беларусі?

— Я ўжо даўно ў шэрагах нацыянальнага руху. У 1997 годзе даваў маладафронтаўскую прысягу ў Свіслачы пад бел-чырвона-белым сцягам. Пасля быў у БНФ. Заўжды імкнуўся ўдзельнічаць у вулічных акцыях у Мінску ды Гродна. Пасля ж усё сышло на маргінэс… Я ўжо не бачыў сэнсу, адышоў.

Але быў Майдан ва Украіне, які заахвоціў не толькі ўкраінцаў — і беларусаў таксама. Там я пазнаёміўся з Міхаілам Жызнеўскім, якога лічу пабрацімам... Наўпрост тэма пагрозаў незалежнасці, пра якую шмат казалі ў 1990-я гады, актуалізавалася.

— Як ты далучыўся да працы «Informnapalm»?

— Калі ў 2014 годзе адбывалася анексія Крыму, журналіст з Севастопалю Раман Бурко пачаў падаваць інфармацыю пра захопы вайсковых частках. Пасля ён пераехаў з акупаванага паўвостраву і працягнуў дзейнасць у кантынентальнай Украіне. Так і нарадзіўся «Informnapalm» — валанцёрскі рух, які асвятляе расійскую агрэсію ва Украіне і дзейнасць расійскіх спецслужб. Да праекту далучыўся Іраклі Камахідзэ, удзельнік расійска-грузінскай вайны 2008 года, якому ўсё гэта было блізка. Праект стаў міжнародным.

У першай палове 2014-га далучыўся і я. Спачатку займаўся распаўсюдам матэрыялаў сайту. А ў 2015 годзе пачаў пісаць уласныя артыкулы, рабіць расследаванні.


Узбраенні  РФ на Данбасе

Узбраенні  РФ на Данбасе

 

«Адзін з рэдактараў «Лайф Ньюс» назваў мяне агентам»

 

— Нядобразычліўцы на розных расійскіх сайтах вінавацяць цябе ледзьве не ў датычнасці да спецслужбаў. Маўляў, чалавек без спецыяльнай адукацыі не можа так пісаць…

— Тут варта спытаць у маіх нядобразычліўцаў, адкуль яны гэта ўзялі (смяецца). Я маю эканамічную адукацыю, вывучаў паліталогію ў ЕГУ. Калі пра мяне пішуць «…як мінімум валодае вайсковым аператыўна-тактычным узроўнем ведаў» — я гэта ўспрымаю як камплімент, бо ніколі не быў у вайсковых вучэльнях.

Зараз ёсць інтэрнэт, а я вельмі шмат чытаю аналітыкі, найперш вайсковай. Вось і набраўся досведу. Калі я гэтым займаюся — павінен быць спецыялістам.

— «Informnapalm» бярэ інфармацыю з адкрытых крыніц, то бок легальна. Але ўсё ж такі, ты не баішся абвінавачвання ў шпіянажы?

— Цікава, што зусім нядаўна Вячаслаў Раўжын, адзін з рэдактараў «Лайф ньюс» і каардынатар Антымайдану, назваў мяне агентам… Да пагрозаў стаўлюся адэкватна, я ж дарослы чалавек. Я ведаю, што не раблю нічога супрацьзаконнага. Наконт адчуванняў… А як сябе адчувае вайсковец у акопе? Можа трапіць снарад, а можа не трапіць. Але я буду працягваць працу, нягледзячы ні на што. Чым больш яны ўсё гэта пішуць, тым больш я разумею, што раблю слушна.


Фафанаў Канстанцін — грамадзянін Беларусі, нарадзіўся 13.06.1958 г., быў зарэгістраваны ў г.Барысаве.

Фафанаў Канстанцін — грамадзянін Беларусі, нарадзіўся 13.06.1958 г., быў зарэгістраваны ў г.Барысаве.

 

«Для Расіі Беларусь — вайсковы плацдарм»

 

— Як ты сёння ацэньваеш пагрозу для Беларусі з боку Расіі?

— Расія заявіла пра рэстаўрацыю сваёй імперскай палітыкі яшчэ ў 2007-м. Тады Пуцін выступіў з адпаведнай прамовай у Мюнхене. Тады ж на гэтай ніве актывізавалася і Руская праваслаўная царква — Алексій ІІ падтрымаў прэзідэнта. Ужо ў 2008 годзе Расія акупавала Паўднёвую Асецію, пачаўшы вайну з Грузіяй. Сусветная супольнасць гэта праглынула, вынікам чаго сталі падзеі ва Украіне ў 2014 годзе.

Зараз мы бачым стварэнне выразнай наступальнай лініі з моцным патэнцыялам, пачынаючы ад Новачаркаску, далей Кадамаўскі палігон (Растоўская вобласць), Багучар (Варонежская вобласць), Валуйкі (Белгарадская вобласць), Клінцы (Бранская вобласць), Ельня (Смаленская вобласць). Ад Ельні 200 кіламетраў да Віцебска і Магілёва. Недзе базы ўжо былі, недзе — ствараюцца наноў або аднаўляюцца на месцы расфармаваных.

Але ў Расіі зараз не стаіць задача ваяваць з Беларуссю, гэта трызненне. Ніхто вайсковымі калонамі да нас уваходзіць не будзе, танкавыя баталіі, баі ў гарадах… гэта лухта. У Расіі зусім іншая задача.

— Якая?

— Беларусь Расія разглядае выключна як вайсковы плацдарм ды хоча выкарыстаць беларускі корпус арміі для сваіх мэтаў. Навошта яе акупаваць? Канешне, Лукашэнка можа паспрабаваць «адгарадзіцца» ад Усходу і пайсці на рэальныя крокі… Але іх няма. Статус-кво, што кіраўнік Беларусі стварыў за 20 гадоў, захоўваецца.

Патэнцыйныя агенты ўплыву ў вышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтве застаюцца на сваіх месцах. Вайсковая дактрына, як і раней, прадугледжвае шчыльны саюз з Расіяй. У нас жа адзіная рэгіянальная групоўка войскаў, адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны… Не кажучы нават пра АДКБ.

18–20 кастрычніка пад Брэстам прайшлі сумесныя беларуска-расійскія вышкалы паветрана-дэсантных падраздзяленняў. Дывізія, якая будзе «вучыцца» з расійскага боку, дарэчы, прымала ўдзел у агрэсіі супраць Украіны…


xuuoswxmlpg.jpg


 

«Базы ў Беларусі, каб «браць» Цэнтральную і Заходнюю Украіну»

 

— А калі Лукашэнка ўсё ж пойдзе на ўмацаванне нацыянальнай бяспекі?

— Калі Лукашэнка адмовіцца даваць тэрыторыю краіны пад плацдарм, Расія можа запусціць некалькі сцэнараў. Гэта можа быць і «гібрыдны сцэнар», падобны да сцэнару Стралкова з захопамі адміністрацыйных будынкаў і вайсковых частак на Данбасе, каб разгайдаць сітуацыю ва Усходняй Беларусі. Ніхто фактычна ў нас у краіне пра гэта зараз не кажа, хоць падобныя рэчы могуць пачацца ўжо праз год.

— Навошта Расіі гэты плацдарм?

— Найперш, каб кантраляваць Калінінградскі калідор. У Калінінградскую вобласць, дарэчы, ужо перакінутыя «Іскандэры», пачынаецца мілітарнае накачванне рэгіёну. Зразумела, сілы NАТО будуць змушаныя ўзмацняць свае пазіцыі ў рэгіёне. Расія зноў пачне перакідваць, маўляў, «у адказ»…

Урэшце паўстане пытанне аб размяшчэнні вайсковых падраздзяленняў РФ на мяжы з Польшчай і Літвой з беларускага боку. Зноў жа, калі вайна з Украінай пяройдзе ў больш актыўную фазу, Крамлю таксама спатрэбяцца беларускія тэрыторыі для размяшчэння мотастралковых і танкавых падраздзяленняў на паўднёвых межах. Гэта неабходна, каб «браць» Заходнюю і Цэнтральную Украіну.


Ідэнтыфікаваныя танкісты 74-й мотастралковай брыгады расійскай арміі, тактычная група якой улетку-ўвосень 2014 года ўдзельнічала ў баёх на Данбасе

Ідэнтыфікаваныя танкісты 74-й мотастралковай брыгады расійскай арміі, тактычная група якой улетку-ўвосень 2014 года ўдзельнічала ў баёх на Данбасе


«Ад ледарубу да палонію — сродкаў вельмі шмат»

 

— Але ж Лукашэнку гэта нявыгадна…

— Вось тады Расія і паспрабуе задзейнічаць «гібрыдны сцэнар». Ва Усходнюю Беларусь, прыкладам, будуць закінутыя падраздзяленні ГРУ, каб паўтарыць «рускую вясну» 2014-га ў Крыму і на Данбасе. Насельніцтва ж за 20 гадоў прарасійскай прапаганды цалкам «замбаванае» і падрыхтаванае… Верагодна, што вайсковыя часткі будуць наўпрост пераходзіць на расійскі бок.

— Але ж беларускі Цэнтр спецыяльных аперацый, створаны не так даўно, акурат і арыентаваны на падобныя выклікі?

— У той самы час яны прымаюць удзел у супольных з расіянамі вышкалах. Тое, што гэты Цэнтр спецыяльных аперацый створаны для супрацьдзеяння «данецкаму сцэнару», — гэта толькі наша версія, у якую нам хочацца верыць.

Лукашэнку могуць і па-іншаму адхіліць ад улады. Ад ледарубу да палонію — сродкаў вельмі шмат. Гісторыя з самалётам Качынскага, не забывайце, была таксама не так даўно. Калі ён пойдзе насуперак Расіі — такія сцэнары вельмі верагодныя. Таму і ён, і ўсе беларусы зараз — закладнікі сітуацыі, збудаванай за 20 гадоў карыстання таннымі энерганосьбітамі і збыту сваёй нерэнтабельнай прадукцыі ўсходняму суседу.

Толькі ў гэтым годзе колькасць сумесных вышкалаў павялічылася на траціну! Іх за год было 38… Усё кажа пакуль пра тое, што ў выпадку кантынентальнай вайны, якую, не дай Божа, можа развязаць Пуцін, беларускі корпус арміі будзе заангажаваны на баку Расіі. Беларусаў выкарыстаюць як гарматнае мяса.


У траўні 2015 года байкеры беларускага клюбу былі асабіста запрошаныя філіяй данбаскіх “Начных Ваўкоў” на адкрыццё мотасезону ва акупаваны Луганск, куды таксама прыехаў іхны кумір і ідал Залдастанаў.

У траўні 2015 года байкеры беларускага клюбу былі асабіста запрошаныя філіяй данбаскіх “Начных Ваўкоў” на адкрыццё мотасезону ва акупаваны Луганск, куды таксама прыехаў іхны кумір і ідал Залдастанаў.


 

«Калі краіна будзе кансалідаванай  — Пуцін не адважыцца»

 

— Ці існуе ў дадзенай сітуацыі хоць нейкі аптымістычны сцэнар?

— Ёсць, але толькі адзін. У выпадку, калі прабеларускія сілавікі ды наменклатура, а яны дакладна ёсць, пачнуць на месцах рабіць усё для ўзмацнення нацыянальнай бяспекі краіны.

— Але, паводле тваёй логікі, у такім выпадку Лукашэнку наўпрост заменяць…

— Лукашэнка можа пабачыць ініцыятыву і рэальную падтрымку курсу на незалежнасць на месцах і стане больш упэўнены ў сваіх кроках на аддаленне ад Расіі. Калі краіна будзе кансалідаванай, і Пуцін гэта пабачыць, тады, магчыма, і не адважыцца.

Трэба перакрываць трансляцыю расійскіх тэлеканалаў. Трэба нарэшце ўводзіць памежны кантроль з нашага боку на беларуска-расійскай мяжы. Трэба трымаць баяздольныя падраздзяленні на мяжы з Расіяй, а не там, дзе яны зараз, — на мяжы з Польшчай і Літвой. Ну і кадры, канешне, то бок замена патэнцыйных агентаў уплыву ў сілавым блоку на беларусаў, выпускнікоў беларускіх вайсковых вучэльняў.

— Ці не ёсць гэта заклікам да нацыянальна-арыентаванай супольнасці падтрымаць Лукашэнку?

— Добрае пытанне, але пытанне больш да яго самога. Пакуль мы, на жаль, бачым вакол толькі інерцыю. З такім поспехам тут усё можа так цячы яшчэ 10 гадоў, але ў нас няма часу… Прабеларускі кіраўнік, які кансалідуе нацыю перад выклікамі, якія хутка паўстануць, павінен быць ужо зараз.

Калі ж працягнецца «шматвектарны» дрэйф, які мы бачым, усё скончыцца вельмі сумна: і для яго, і для нас. Зараз яшчэ ёсць час. Праз год яго можа не быць.