Ціханоўская распавяла пра дапамогу ЕС для дэмакратычнай Беларусі. Аб'ём фінансавання — каля $10 млрд.

Святлана Ціханоўская апублікавала ў сваім тэлеграм-канале эканамічны план ЕС для дэмакратычнай Беларусі, распрацаваны і прыняты Еўракамісіяй. Паводле ацэнак каманды Святланы Ціханоўскай, поўны аб'ём міжнароднага фінансавання складзе каля 10 млрд. долараў. План апублікаваны таксама на сайце Еўракамісіі.

photo_2021_05_28_14_48_54.jpg


Дакумент прадугледжвае фінансавую макрадапамогу для Беларусі і падтрымку палітычных і эканамічных рэформ з удзелам МВФ, Сусветнага банка, ЕБРР. Абавязковая ўмова для гэтага — дапамога паступіць дэмакратычнай Беларусі, а не рэжыму Лукашэнкі, у пераходны перыяд і пасля новых, свабодных выбараў.
Паводле ацэнак каманды Святланы Ціханоўскай, поўны аб'ём міжнароднага фінансавання — з улікам плана ЕС, стабілізацыйнай праграмы МВФ, дапамогі ад Сусветнага банка і іншых МФІ — складзе каля 10 млрд. долараў на першыя тры гады існавання дэмакратычнай Беларусі.
Асноўныя палажэнні плана ўключаюць:
— інвестыцыйны пакет на 3,6 мільярда долараў ЗША (3 млрд. еўра);— доля грантаў (не падлягаюць вяртанню) ацэньваецца ў 500 мільёнаў долараў;— правядзенне інвестыцыйнага форуму Беларусь-ЕС высокага ўзроўню пад магчымасці дэмакратычнай Беларусі;— правядзенне сустрэчы донараў высокага ўзроўню ЕС для вылучэння грантаў для эканамічнай трансфармацыі Беларусі.
Паведамляецца, што сродкі будуць накіраваныя на падтрымку структурных рэформ і павышэнне канкурэнтаздольнасці, уключаючы:
— кіраванне эканомікай і развіццё прыватнага сектара;— вяршэнства права і незалежную судовую сістэму;— развіццё чалавечага капіталу, уключаючы сферу адукацыі, сацыяльную абарону і ахову здароўя;— празрыстае, падсправаздачнае, інклюзіўнае дзяржкіраванне пры ўдзеле грамадзянскай супольнасці і пад кантролем свабодных медыя.
Мяркуюцца аб'ёмныя інвестыцыі ў сучасную інфраструктуру, а таксама ў «зялёную» і лічбавую трансфармацыю эканомікі.
Ціханоўская падзякавала ЕС за распрацоўку плана і заклікала да яго хутчэйшага ўвасаблення. Яна адзначыла, што важна дзейнічаць хутка, каб беларусы, супраць якіх Лукашэнка працягвае ўжываць жорсткія рэпрэсіі, ведалі пра практычныя крокі Еўрасаюза. «Я ўдзячная ЕС за рэалізацыю плана. Гэта сапраўды пасланне надзеі і падтрымкі для беларускага народа», — падкрэсліла Ціханоўская.