Ці для збліжэння з ЕС Лукашэнка вызваліць палітвязняў?
«Беларусь гатова на любыя захады для нармалізацыі адносінаў з Еўразвязам», — заявіў Лукашэнка падчас уручэння даверных граматаў амбасадарамі некаторых еўрапейскіх краінаў.
«Нам адно ад аднаго нікуды не падзецца. Нам трэба будзе жыць разам, па-суседску, — адзначыў Лукашэнка. — …Да нас не можа быць ніякіх прэтэнзіяў у плане нармалізацыі гэтых стасункаў. Мы гатовыя на любыя крокі ў плане нармалізацыі нашых адносінаў», падае БелТА.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бачыць і зацікаўленасць еўрапейскага бізнесу ў развіцці кантактаў з беларускім бокам: «Не хачу гаварыць, што мяч на вашым баку. Гэта журналісцкі штамп. Але ён сапраўды на вашым баку».
«Мы шчыра зацікаўленыя ў развіцці добрасуседскіх адносінаў з Еўрапейскім звязам. Гэта абумоўлена не толькі геаграфічнай, гістарычнай, культурнай блізкасцю, але і неабходнасцю прыняцця супольных захадаў рэагавання на рэгіянальныя выклікі і пагрозы», — сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што плённая праца ў гэтых ды іншых кірунках магчымая выключна на аснове раўнапраўя і ўзаемнай павагі: «У нас занадта шмат вонкавых пагрозаў. Давайце разам падумаем, як супрацьстаяць ім, а не скоса глядзець адно на аднаога. Гэта ні ў вашых інтарэсах, ні ў нашых».
Даверныя граматы сёння ўручылі кіраўніку Беларусі амбасадары Францыі, Нідэрландаў, Іспаніі ды Славеніі.
Прадстаўнікі ЕЗ на розных узроўнях неаднаразова падкрэслівалі, што дыялог з Менскам магчымы толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў.
«У тэзісах Лукашэнкі пэўная доля метафары»
«Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка зацікаўлены, каб фортка на Захад была адчыненая. Сведчыць пра гэта ўдзел беларускай дэлегацыі ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні і
словы міністра замежных справаў Уладзіміра Макея пра спрашчэнне візавага рэжыму з Еўразвязам», — адзначыў палітолаг Валер Карбалевіч. Беларусь
зацікаўленая ў супрацы з Еўропаю, на думку адмыслоўцы, праз эканамічныя цяжкасці, бо Расея не ў стане забяспечыць усе патрэбы Беларусі.
У тым, што Лукашэнка для збліжэння з Еўропаю вызваліць палітвязняў, палітолаг не перакананы: «Да тэзісаў Лукашэнкі трэба ставіцца заўсёды асцярожна. У іх заўсёды прысутнічае пэўная доля метафары. Наўрад ці будзе вызваленне палітвязняў, хоць гэта і не выключанае цалкам».
Максім Ярашэвіч, belsat.eu