Алесь Лагвінец: Расія праплачвае рэжым і антызаходняе стаўленне Лукашэнкі амаль 20 гадоў
На душу насельніцтва Беларусь атрымала ад Расіі больш, чым, да прыкладу, Польшча ад Еўразвязу за апошняе дзесяцігоддзе, сцвярджае палітолаг Алесь Лагвінец.
Але пры гэтым у беларускім грамадстве дастаткова заўважны праеўрапейскі сегмент, што вынікае з сацыялагічных апытанняў грамадскай думкі:
— Паводле апытанняў, ад 30 да 40 працэнтаў праеўрапейскія настроі могуць вагацца, але ўжо заўтра гэтыя людзі маглі б прагаласаваць за ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі звяз. Гэта значыць, што еўрапейская інтэграцыя — гэта не толькі нейкія выплаты з фондаў Еўразвязу, але гэта таксама далучэнне да пэўнай прасторы каштоўнасцяў. І гэтыя каштоўнасці — відавочныя ў выпадку еўрапейскай інтэграцыі, чаго не можна сказаць пра так званую еўразійскую інтэграцыю. Тут выбар адначасова ёсць і эканамічны, і, я лічу, цывілізацыйны, ці маральна-палітычны.
Праеўрапейская частка беларускага грамадства моцна звужацца не будзе з улікам таго, што яна ўжо перажыла многія гады аднаасабовай дыктатуры Лукашэнкі. І ў гэтай часткі грамадства даволі вялікі патэнцыял, дадае Алесь Лагвінец.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота joyreactor.cc