Хто распараджаецца рэсурсамі, той і бацька
Як прасцей за ўсё ўзняць рэйтынг? Калі зыходзіць з наяўнасці папуляцыі Homo economicus, варта павялічваць даходы насельніцтва. А можна паказаць людзям, што «мы іх зрабілі!». На хакеі, на алімпійскай арэне, у балеце...
Пачну з выказвання Леаніда Заікі: «На сённяшні дзень беларусы 80% грошай захоўваюць у валюце. Гэта значыць, што на 80% яны вераць Бараку Хусейну Абаму. Беларускаму рублю давяраюць толькі 20%, якія захоўваюць свае зберажэнні ў рублях. Гэта і ёсць рэальны перадвыбарчы рэйтынг Лукашэнкі».
У цэнтры «карціны свету» сучасных эканамістаў стаіць Homo economicus (чалавек эканамічны) — чалавек, паводзіны якога рацыянальныя і характарызуецца імкненнем атрымаць максімальную карысць.
Палітолагі пра такі тып чалавека не ведаюць. У чыстым выглядзе яго і на Захадзе адшукаць не так лёгка, а сярод родных хат верагоднасць сустрэчы з Homo economicus не перавышае верагоднасці сутыкнення са снежным чалавекам.
Канчатковыя мэты чалавека ніколі не бываюць эканамічнымі. Яны толькі хаваюць мэты больш высокага парадку. Падмацыю гэту тэзу выказваннем адзінага палітыка (АП): «Решим экономические проблемы — никакие беды нам не страшны. <…> Со всеми внутренними и внешними угрозами мы справимся. Никакой пятой колонне раскачать страну не дадим. Но если допустим провал в экономике, то можем потерять все — и доверие людей, и стабильность в стране, да и саму страну».
Пра што размова? Пра эканамічныя праблемы? Не. Пра ўладу, якую «мы» можам страціць, «если допустим провал в экономике». Для АП утрыманне ўлады — мэта самага высокага парадку. Эканоміка — толькі сродак дзеля яе дасягнення.
«Мы іх зрабілі»
Неразуменне гэтай азбукавай ісціны выяўляецца, у прыватнасці, у хваравітай цікавасці да электаральнага складніку сацыялагічных апытанняў.
Якім чынам прасцей за ўсё ўзняць рэйтынг? Калі зыходзіць з наяўнасці папуляцыі Homo economicus, варта павялічваць даходы насельніцтва. Але можна скарыстацца парадай дырэктара Левада-цэнтра Льва Гудкова: «Паказаць людзям, што «мы іх зрабілі!». На хакеі, на алімпійскай арэне, у галіне балета і, вядома ж, на вайне. Малая пераможная вайна — гэта стагоддзямі апрабаваны інструмент кароткачасовага гуртавання, гэта моцны наркотык кароткага дзеяння».
Як гэта працуе на практыцы, з сакавіка мінулага года нам дэманструюць расійскія сацыёлагі. Звернемся да апошніх лічбаў. 8 лютага Фонд грамадскай думкі (ФОМ) зафіксаваў гістарычны максімум электаральнага рэйтынгу прэзідэнта Уладзіміра Пуціна — 74%. І гэта на фоне катастрафічнага падзення індэксаў сацыяльных настрояў!
Каго «зрабіў» Пуцін? Украіну? Бярыце вышэй — Амерыку! Уклад Расіі ў сусветны ВУП складае менш за 2%, а дзяржаваў, якія пагадзіліся ўвесці санкцыі ў адказ на анексію Крыму, — 42%. Але якое гэта мае значэнне? «Мы ж іх зрабілі!»
А якім яшчэ спосабам залежны ад дзяржаўных шчадротаў чалавек зможа адчуць пачуццё нацыянальнага адзінства? Выключна калі ўявіць сваю краіну ў барацьбе са знешнімі ворагамі. Не без дапамогі прапаганды паняцці «краіна» і «ўлада» з’яўляюцца для яго сінонімамі. Краіна не ўспрымаецца як сукупнасць самадастатковых грамадзян.
Пры чым тут Беларусь? Не варта забываць пра тое, што нацыянальныя пясочніцы сфармаваліся ў межах адной цывілізацыі, і ўжо хаця б таму падабенства паміж імі больш, чым адрозненняў (калі хто не згодны з гэтым, хай адкажа на пытанне, чаму пасля распаду СССР беларусы не змаглі пайсці па шляху прыбалтыйскіх народаў).
Падабенства і адрозненні
Большасць беларусаў ацаніла далучэнне Крыму да Расіі як аднаўленне гістарычнай справядлівасці (62% паводле дадзеных чэрвеньскага апытання НІСЭПД). Я тлумачу гэта існаваннем у беларускай культуры імперскага складніку.
Да праблемы падабенства/ адрознення беларусаў і рускіх існуюць два крайнія падыходы. Першы (афіцыйны) зыходзіць з культурнага адзінства, а адрозненне зводзіць толькі да таго, што «беларусы — гэта рускія, толькі са знакам якасці». Другі разводзіць беларусаў і рускіх па розных цывілізацыйных кватэрах. Яго адэпты аргументуюць сваю правату, галоўным чынам, спасылкамі на «слаўнае мінулае» ў складзе ВКЛ.
Канешне, ВКЛ было часткай заходняй цывілізацыі. Аднак пісьменнік Алесь Адамовіч, калі характарызаваў Беларусь у канцы 80-х гадоў як «Вандэю перабудовы», зыходзіў не з мінулага, а з цяпершчыны. І ён не памыліўся. У 1994 годзе на першых прэзідэнцкіх выбарах большасць беларусаў правату пісьменніка пацвердзіла.
Уласна лібералаў, гэта значыць людзей, што ясна разумеюць сэнс свабоды і інстытуцыйных рэформаў, у Расіі налічваецца 5–7%. Гэта ядро акружана яшчэ прыкладна 20% «тых, хто спачувае», чый узровень падтрымкі прынцыпаў лібералізму залежыць ад бягучай сітуацыі (паводле Левада-цэнтра). Таму не варта здзіўляцца, што 85% расіян падтрымала анексію Крыма. Гэта на 23 пункты больш, чым у Беларусі!
Такі высокі ўзровень падтрымкі Леў Гудкоў тлумачыць трансфармацыяй хранічнага ўсведамлення непаўнавартаснасці, залежнасці і прыніжэння пачуцця нацыянальнай велічы. Але гэта «ў іх». А «ў нас»?
А ў нас уверх пайшлі індэксы сацыяльных настрояў. І ў лідарах росту апынуўся індэкс чаканняў. Ён падняўся з -23 у снежні 2013 да -2 у сакавіку 2014-га (гл. табліцу).
Як зменіцца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады? (у працэнтах ад колькасці апытаных)
Варыянт адказу |
12'13 |
03'14 |
Палепшыцца |
13 |
24 |
Не зменіцца |
46 |
45 |
Пагоршыцца |
36 |
26 |
Індэкс чаканняў * |
-23 |
-2 |
* Індэкс чаканняў (рознасць станоўчых і адмоўных адказаў)
Вось і думай зараз наконт падабенства/ адрозненняў беларусаў і рускіх. Асабіста я лічу, што залежныя і прыніжаныя на постсавецкай прасторы на дэманстрацыю сілы дзяржавы рэагуюць аднолькава. І нацыянальная прыналежнасць тут асаблівай ролі не адыгрывае.
У дзвюх рэальнасцях
Але вернемся да пытання пра рэйтынг, што было пастаўлена эканамістам Леанідам Заікам. На Захадзе рэйтынгі палітыкаў наўпрост залежаць ад ацэнак іх практычнай дзейнасці. У нашым выпадку рэйтынг — гэта адлюстраванне ілюзій і спадзяванняў... тэлегледачоў. Тэлевізар, ён жа «скрыня», — гэта тое, што дазваляе беларускай «большасці» адчуць сябе грамадствам (народам, у тэрміналогіі АП).
Тыповы прадстаўнік «большасці» жыве адначасова двума жыццямі ў дзвюх рэальнасцях. У тэлевізійнай рэальнасці, галоўная функцыя якой палягае ў стварэнні нацыянальных, дзяржаўных і ўладных сімвалаў, ён — тыповы тэлепузік. Але ў рэальнасці, дадзенай чалавеку ў адчуваннях, ён — абывацель, заклапочаны праблемай фізічнага выжывання.
Рэйтынг АП у першую чаргу вызначаецца сімвалічнай роляй кіраўніка дзяржавы, якую ён адыгрывае ў тэлевізійнай рэальнасці. Але пакупніцкая здольнасць беларускага рубля — яна з штодзённай рэальнасці. Таму ставіць знак роўнасці паміж працэнтам насельніцтва, якія захоўваюць свае зберажэнні ў рублях, і рэйтынгам АП, мякка кажучы, некарэктна.
Аднак у кожнай строгай схеме пры жаданні можна знайсці мноства выключэнняў.
Абмяжуюся галоўным. Аўтаномнасць дзвюх рэальнасцяў адносная. Хто сёння памятае пра малую пераможную вайну Расіі ў Грузіі? Між іншым, яна таксама прывяла да росту пазітыўных настрояў у беларускім грамадстве, а заадно і да росту рэйтынгу АП. Але за пару месяцаў увесь пазітыў рассмактаўся. Кароткатэрміновым апынуўся ваенны канфлікт. Не тое, што цяперашні.
10 «сытых» гадоў
Эканамічныя фактары — стаеры. Палітычныя — спрынтэры. Таму на доўгіх дыстанцыях эканоміка перамагае палітыку. Але ва ўмовах пераводу грамадства са стану апатыі ў стан палітычнага ўзбуджэння інтарэсы тэлепузікаў здольныя прыглушыць інтарэсы абывацеляў.
За кошт «Крымнаша» і расійскай тэлеверсіі падзей на Паўднёвым Усходзе Украіны, такі поўнамаштабны пераход у Расіі і быў ажыццёўлены. У Беларусі працэс развіваўся па аналагічным сцэнары, але ступень грамадскага ўзбуджэння апынулася істотна ніжэйшай. Аднак яе хапіла для фарміравання Анамаліі–2014 (росту рэйтынгу АП на фоне пагаршэння эканамічных паказчыкаў).
10 гадоў з апошніх 15-ці тэмпы росту рэальных даходаў беларусаў былі двухзначнымі. І толькі адзін раз (у 2011 г.) Белстат паказаў зніжэнне, але ўсяго толькі на 1%. Такая дынаміка і сфармавала масавую веру ў беларускую мадэль і ў яе архітэктара. Разавыя дэвальвацыі гэтай веры не зламалі. Плямы, як вядома, бываюць і на сонцы.
Яшчэ адна прычына ўстойлівасці рэйтынгу АП — безальтэрнатыўнасць. Пытанне «Калі не ён, то хто ж?» актуальнае для большасці постсавецкіх краін. Збольшага яно народжана прапагандай. Нездарма ж у Беларусі АП прыватызаваў тэлебачанне і прысвоіў права асабіста прызначаць кіраўнікоў тэлеканалаў.
Аднак магчымасці прапаганды не варта перабольшваць. Наш тыповы прадстаўнік «большасці» з’яўляецца чалавекам дадзяржаўнай культуры. Для яго дзяржава — вялікая сям’я, у якой яе кіраўнік (бацька) валодае манапольным правам распараджацца рэсурсамі.
Галаву сям’і не выбіраюць. Павінна адбыцца нешта надзвычайнае, каб дамачадцы ўсумніліся ў праве бацькі распараджацца сямейным бюджэтам.