Чырвона-зялёны тэрор

Зламаныя рукі і ногі, выбітыя зубы і разбітыя галовы — такія вынікі разгону акцыі 19 снежня. Жорсткі працяг напаткаў удзельнікаў і пасля іх затрымання.

Частку людзей прывезлі ў ізалятар на Акрэсціна, вывелі на вуліцу і паставілі ўздоўж сцяны. Людзі стаялі на марозе без рухаў чатыры гадзіны — тварам да сцяны.



63ce12dcf1ede17589befd56bb5281a5.jpg

Зламаныя рукі і ногі, выбітыя зубы і разбітыя галовы — такія вынікі разгону акцыі 19 снежня. Жорсткі працяг напаткаў удзельнікаў і пасля іх затрымання.
Частку людзей прывезлі ў ізалятар на Акрэсціна, вывелі на вуліцу і паставілі ўздоўж сцяны. Людзі стаялі на марозе без рухаў чатыры гадзіны — тварам да сцяны.
Жорстка збівалі людзей у аўтазаках. Спецназаўцы білі нагамі нават дзяўчын. Збівалі і падчас перавозкі, і калі «выгружалі» людзей з аўтазакаў: і ў РУУСах, і пасля судоў. Былі тыя, каму разбілі галовы, адбілі ныркі, і ў іх адразу пачаліся праблемы са здароўем, яны гублялі прытомнасць. «Бачылі ў Жодзіна, як людзей, калі выгружалі, вельмі моцна білі. У аднаго маладога чалавека быў і твар у крыві, і рука апухлая», — расказала праваабаронца «Вясны» Наста Лойка.
З міліцыі ў шпіталь
Некаторыя асуджаныя змаглі патэлефанаваць. Адзін з іх, студэнт-завочнік Вячаслаў, паспеў паведаміць «Радыё Свабода»: «Білі моцна, мне дагэтуль баляць ногі. Вельмі многіх людзей білі, побач у аднаго мужчыны павыбівалі ўсе зубы, ён потым апынуўся разам з намі ў аўтазаку. У многіх акрываўленыя галовы былі, вельмі многія атрымалі страсенне, быў чалавек са зламанай рукой».
Пра зламаную руку і пашко­джаную галаву аднаго з арыштаваных, Яна Лагвіновіча, паведаміла жонка. Незалежны журналіст, які выдае бюлетэнь «За Мала­дзечна», асуджаны на 10 сутак. Маскоўскую журналістку Марыю Антонаву вызвалілі пасля ўмяшання агенцтва «Франс-прэс», дзе яна працуе. Яна распавяла, што ў аўтазаку затрыманых білі за любую спробу варухнуцца. Хлопцы сядзелі на падлозе і трымалі рукі на галаве.
Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у шпіталях апынуліся каля 50 чалавек. Сярод арыштаваных таксама шмат у каго праблемы са здароўем. «У тым жа Жодзіна знаходзіцца некалькі чалавек у вельмі дрэнным стане. І я ўпэўнена, што такія лю­дзі ёсць ва ўсіх ізалятарах. Улічваючы, як гэта ўсё адбывалася», — адзначыла Наста Лойка.
Пасля збіцця ў Кастрычніцкім РУУС трапіла ў шпіталь з унутранымі пашкоджаннямі актывістка Крысціна Шацікава. Студэнтцы Маі Абромчык амапаўцы падчас захопу раздрабілі костку галёнкі. А пасля яна правяла ў аўтазаку тры га­дзіны. Зараз дзяўчыне зрабілі ў бальніцы аперацыю.


Ноч у аўтазаках
Дакладна вядома, што затрыманыя ў адным аўтазаку цалкам правялі ўсю ноч. Там была даволі вялікая колькасць людзей — каля 30. Журналіст «Gazeta Wyborcza» Андрэй Пачобут таксама ўсю ноч мёрз у адным з аўтазакаў. Ён сказаў, што ў падобных умовах начавала досыць многа затрыманых. Журналіста вызвалілі пасля хадайніцтва польскага Міністэрства замежных спраў. Некаторыя паведамлялі, што знаходзяцца ў аўтазаку другія суткі — без ежы і вады. Шмат хто знаходзіўся ў камерах раённых упраўленняў міліцыі — так званых «стаканах» ці «мяшках». У людзей там не было магчымасці спаць. Іх не кармілі, не давалі вады, не пускалі ў прыбіральню.
Па дадзеных «Вясны», асу­джана каля 500 чалавек. Спісы ўдакладняюцца і, магчыма, папоўняцца. У канвееры былі задзейнічаны ўсе суды Мінска — Першамайскі, Цэнтральны, Партызанскі, Ленінскі, Заводскі, Маскоўскі, Кастрычніцкі, Савецкі, Фрунзенскі. Судзілі па двух артыкулах: 23.34 (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства) і 17.1 (дробнае хуліганства), выносілі арышты па 10 і 15 сутак. Штрафы абвяшчалі ў рэдкіх выпадках. «Былі перашкоды з боку супрацоўнікаў міліцыі ў тым, каб патрапіць на працэс. Не давалі магчымасці людзям прысутнічаць на судах. Выстаўлялі іх у калідоры, і ўвогуле выганялі з суда. У Заводскім судзе быў выпадак, калі людзей прывезлі на аўтазаку і выгрузілі пад суд. Супрацоўнікі міліцыі праз некаторы час выйшлі і папросту агучылі, каму колькі далі сутак па адміністрацыйным арышце», — сказала Наста Лойка.
Галадоўкі
Палітыкаў і актывістаў затрымлівалі і дома. Так, у ноч з 19 на 20 снежня ў лідара АГП Анатоля Лябедзькі група асобаў узламала дзверы ў кватэру. Да палітолага Аляксандра Фядуты а 5-й гадзіне раніцы прыйшлі некалькі чалавек і «запрасілі» на гутарку ў КДБ. У сваёй кватэры затрымалі і рэдактара газеты «Товарищ» Сяргея Вазняка. Візіцёры назваліся супрацоўнікамі КДБ. Сябра Палітрады АГП, экс-прарэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоля Паўлава затрымалі дома а 7-й раніцы.
Зараз усе яны ў ліку другіх арыштаваных (усяго 21 чалавек) змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. Там знахо­дзяцца і кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Аляксей Міхалевіч, журналісткі Ірына Халіп і Наталля Радзіна, палітык Павел Севярынец, каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, намеснік старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка, моладзевы актывіст АГП Алег Корбан. Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч абвясцілі галадоўку і адмовіліся даваць паказанні.
Пасля сустрэчы 22 снежня з Андрэем Саннікавым адвакат Павел Сапелка заявіў, што кандыдат моцна збіты і «ўяўляе з сябе жудаснае відовішча». Ён «практычна не можа перасоўвацца», — паведаміў адвакат агенцтву БелаПАН.
«Гэта паказальна-палітычная акцыя. Сапраўдны тэрор супраць людзей, якія проста выказаліся супраць дзеючай улады», — лічыць праваабаронца Наста Лойка.