Больш за 73% палякаў падтрымліваюць эмбарга на ўвоз беларускай сельгаспрадукцыі
73,3% палякаў падтрымліваюць забарону на ўвоз у краіны беларускай і расійскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання SW Research, праведзенага для выдання Rzeczpospolita. Лічбы прыводзіць выданне MOST.
Супраць забароны выступілі толькі 7,7% апытаных, яшчэ 19% не вызначыліся з адказам, сведчаць вынікі апытання.
Ідэя санкцый знаходзіць падтрымку ва ўсіх узроставых групах. Але чым вышэй узрост аўдыторыі, тым яна больш талерантная да прапанаваных урадам жорсткіх захадаў абароны ўнутранага спажывецкага рынку. Так, поўную забарону гатовыя падтрымаць больш за 78% палякаў, старэйшых за 50 гадоў. Сярод моладзі да 24 гадоў падтрымка зніжаецца да 60,1%, але ў гэтай групе больш людзей, якія не сфармавалі думкі на гэты конт.
Нягледзячы на тое, што забарона можа прывесці да росту коштаў, апытанне паказвае, што найбяднейшыя слаі насельніцтва Польшчы гатовыя падтрымліваць эмбарга. Сярод людзей з чыстым прыбыткам менш за 3 тысячы злотых на месяц (каля 750 долараў) 76,6% мяркуюць, што Польшча павінна закрыць мяжу для беларускай і расійскай сельгаспрадукцыі. Ніжэй за ўсё падтрымка сярод тых, хто зарабляе 5-7 тыс. злотых у месяц (72,6%).
Нагадаем, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск некалькі дзён таму ініцыяваў эмбарга Еўрапейскага саюзу на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі.
З прапановай прыняць адпаведную рэзалюцыю ён мае намер звярнуцца да Сейма. Пра гэта Туск распавёў па выніках візіту ў Літву, дзе сустракаўся з прэзідэнтам краіны Гітанасам Наўседам і прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманітэ.
— Агульнае еўрапейскае рашэнне будзе больш эфектыўным, чым асобныя рашэнні, прынятыя краінамі рэгіёну, — прыводзіць словы Туска выданне Rzeczpospolita.
Верагодна, такія меры могуць быць кампрамісам паміж
патрабаваннямі польскіх фермераў абараніць унутраны рынак ад імпарту і
нежаданнем ўрада Польшчы зніжаць падтрымку Украіны, адкуль ідзе ўвоз збожжа і
іншай аграрнай прадукцыі.