«Беларусы паказалі, што не здадуцца і не саступяць». Святлана Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла 25 жніўня па відэасувязі на пасяджэнні Камітэта па замежных справах Еўрапарламента.

Фота Наталля Фядосенка/ТАСС

Фота Наталля Фядосенка/ТАСС


"Сёння мая краіна, Беларусь, знаходзіцца ў роспачы і крызісе. Мірных дэманстрантаў незаконна затрымліваюць, садзяць у турму і збіваюць. Улады выкарыстоўваюць тактыку запалохвання, страху і фізічнай пагрозы. Прынамсі 6 чалавек загінулі, дзясяткі лічацца прапаўшымі без вестак. Гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы.
Цяперашні крызіс выліўся пасля выбараў 9 жніўня. На думку большасці назіральнікаў, выбарчы працэс быў глыбока сапсаваны. Некаторыя праціўнікі спадара Лукашэнкі, уключаючы майго ўласнага мужа, былі пасаджаны ў турму па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Іншыя вымушаныя былі бегчы, баючыся пераследу.
Самі выбары былі адзначаны тысячамі парушэнняў, у той час як самыя паважаныя назіральнікі выбарчага працэсу — Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе — не былі запрошаныя назіраць за выбарамі.
Афіцыйныя вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя і адпрэчаныя беларускім народам і большасцю міжнароднай супольнасці. Еўрапейскія лідары сумесна абвясцілі афіцыйныя вынікі выбараў сфальсіфікаванымі. Партыі Еўрапарламента ў сумеснай заяве заявілі, што не прызнаюць вынікі беларускіх выбараў і не прызнаюць спадара Лукашэнкі абраным прэзідэнтам Беларусі", — сказала Ціханоўская .
Ад імя беларускага народу яна падзякавала за падтрымку Еўрапейскага парламента і ўсіх яго партый.
"Пасля выбараў мільёны беларусаў выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне ў знак мірных пратэстаў супраць спадара Лукашэнкі. Гэтыя дэманстрацыі беспрэцэдэнтныя па маштабах і размаху ў гісторыі Беларусі. Нягледзячы на мірны характар пратэстаў, улады распачалі спробу гвалтоўнага падаўлення народных хваляванняў. Аднак гэта не спыніла наш народ і толькі ўмацавала рашучасць нацыі. У мінулую нядзелю прайшлі найбуйнейшыя ў гісторыі Беларусі публічныя дэманстрацыі, падчас якіх больш за 200 000 чалавек выйшлі на вуліцы сталіцы Менска.
Беларусь прачнулася. Мы больш не апазіцыя. Цяпер нас большасць. Адбываецца мірная рэвалюцыя.
Рэвалюцыя ў Беларусі — гэта не геапалітычная рэвалюцыя. Гэта не прарасейская і не антырасейская рэвалюцыя. Гэта не антыеўрапейская і не праеўрапейская рэвалюцыя. Гэта дэмакратычная рэвалюцыя. Гэта імкненне нацыі вырашаць за сябе. Гэта імкненне народа свабодна і справядліва абіраць сваіх правадыроў і вырашаць свой лёс.
Рэвалюцыя ў Беларусі — гэта не гвалтоўная рэвалюцыя. Гэта мірнае імкненне народа да свабоды і волі, да самавызначэння і асноўнай годнасці".
Святлана Ціханоўская заклікала ўсе краіны свету паважаць асноўнае права нацыі на самавызначэнне, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.
Яна заявіла, што патрабаванне беларусаў простае — свабодныя і сумленныя выбары.
"За апошнія два тыдні беларусы паказалі, што не здадуцца і не саступяць. Воля народа не будзе зламаная".
Святлана Ціханоўская таксама адзначыла гатоўнасць да дыялогу і перамоваў з уладамі. "Мы гатовыя вылучыць перагаворшчыкаў. Мы гатовыя разгледзець пытанне аб пасярэдніцтве міжнародных арганізацый у мэтах садзейнічання дыялогу.
Каб палегчыць пераходны перыяд, я ініцыявала стварэнне Нацыянальнага Каардынацыйнай Рады, у якую ўвайшлі б усе пласты беларускай грамадзянскай супольнасці і ўсе бакі палітычнага спектру. На жаль, улады адказалі пагрозамі і запалохваннем у адрас членаў Рады, у тым ліку і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч.
Запалохванне не спрацуе. Мы не адступім. Мы патрабуем паважаць нашы асноўныя правы. Мы патрабуем вызвалення ўсіх палітвязняў. Мы патрабуем спыніць гвалт і запалохваньне з боку ўладаў.
Беларускі народ заслугоўвае лепшага. Еўропа заслугоўвае лепшага".
Прамова Святланы Ціханоўскай выклікала апладысменты.