Святлана Ціханоўская: «Пераломны момант ужо наступіў»
У відэаінтэрв'ю балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS вечарам 22 жніўня Святлана Ціханоўская сказала, што беларусы ўжо ніколі не будуць такія, як раней, піша svaboda.org.
— Як вас называць: былым кандыдатам у прэзідэнты, абраным прэзідэнтам, лідарам апазыцыі ці як-небудзь яшчэ? Як бы вы назвалі сябе?
— Цяпер я назвала б сябе нацыянальным лідарам.
— Чаму?
— Таму што так здарылася, што я, Святлана Ціханоўская, стала сымбалем беларускага народу ў барацьбе за свае правы, за права гаварыць, за права выбіраць, за права абараняць свой голас.
— Як вы бачыце сваю місію ў цяперашні час?
— У цяперашні час мая місія заключаецца ў тым, каб падтрымаць народ у абароне сваіх галасоў, у абароне свайго права выбару, і дапамагчы прывесці Беларусь да новых, сумленных і празрыстых выбараў.
— Якім чынам вы хочаце гэта зрабіць?
— Дзеля гэтага ў нас цяпер створана Каардынацыйная рада, які заклікае ўладу да дыялогу, каб стварыць умовы для правядзення гэтых выбараў. Адным з асноўных пунктаў, адной з асноўных умоваў правядзення гэтых выбараў — вызваленне палітвязьняў.
— Беларусь вы пакінулі дзеля сваёй бяспекі, дзеля бяспекі сваёй сям’і. Чаму вы выбралі Літву? Як вы сябе тут адчуваеце? Ці атрымліваеце ўсё магчымую дапамогу?
— У нас былі літоўскія візы, мае дзеці ўжо былі тут, і я проста да іх далучылася. У Літве адчуваю сябе ў абсалютнай бяспецы. Я бачу добразычлівыя адносіны літоўцаў, і велізарнае жаданне нам дапамагчы, і велізарную падтрымку для ўсяго беларускага народу.
— Лукашэнка сёння абвясціў аб павышанай вайсковай падрыхтоўцы ў Беларусі. Як вы думаеце, чаго ён дабіваецца гэтым? Якія наступствы гэты крок можа мець унутры краіны?
— Гэта крок, да якога беларускі народ ужо прывык. У прынцыпе гэта звычайнае запалохванне людзей. Але беларусы больш не баяцца. І яны гатовыя бараніць свае правы. Прэзідэнту ўжо ніхто больш не верыць.
— Ці няма небяспекі, што вайсковыя сілы будуць пасланыя на вуліцу, каб ваяваць з пратэстоўцамі, дэманстрантамі?
— Вы ведаеце, нашы дэманстранты — гэта звычайныя людзі. Яны не выходзяць на вуліцу, каб ваяваць. Яны выходзяць на вуліцу, каб паказаць сваю нязгоду. Гэта злачынства з боку арміі, калі яна выканае гэты злачынны загад і выйдзе супраць беларускага народу. Таму што яны — гэта таксама беларускія людзі. І не могуць беларусы біць беларусаў. Я больш чым упэўненая, што большасьць і ў арміі, і ў міліцыі гэта разумеюць.
— Ужо прайшлі амаль два тыдні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Ёсьць мітынгі, дэманстрацыі, забастоўкі. Але збоку здаецца, што рэжым адступаць не збіраецца. Як вы думаеце — што далей?
— Разумееце, беларускія людзі ўжо ніколі не будуць такія, як раней. Калі вам здаецца, што ўсё заціхне, то гэтага не здарыцца. Таму што нашы людзі прачнуліся, і яны ўжо не змогуць жыць з гэтай уладай, якую яны не прымаюць, якую не ўспрымаюць, якой ніколі не прабачаць і не забудуць усіх тых злачынстваў, якія яна зьдзейсьніла.
— Але гэта, пэўна, можа працягвацца доўгі час?
— Можа працягвацца, а можа і не працягвацца. Калі ўлада ўсведамляе сабе, што беларусы ўжо не памяняюцца, што Беларусь зрабіла свой выбар, што яны прынялі рашэнне і што яны абараняюць свае правы… І што беларусы таксама не адступяць. Паколькі ўлада заўсёды гаварыла, што яны — за краіну, што яны — за Беларусь, то яны, каб гэты крызіс не паглыбляўся, павінны прыняць такое рашэнне і выйсці на перамовы.
— Якія яшчэ інструменты і спосабы змагання павінна выкарыстаць грамадзянская супольнасьць, каб улада яе пачула?
— Глядзіце, мы не змагаемся за тое, каб нас пачулі. Гэта проста воля народу. Так, яны хочуць, каб іх пачулі. Яны выходзяць з гэтым месыджам на вуліцы. Яны выкарыстоўваюць усе законныя і легальныя спосабы, каб выказаць сваю волю.
— Проста, ужо ўсё выкарысталі? Больш нічога няма?
— Ну, наш народ крэатыўны. Магчыма, прыдумае што-небудзь яшчэ.
— На вашу думку, што можа стаць пераломным момантам, калі ўжо рэжым (не зможа вярнуцца да ранейшага. — РС)?
— Дык пераломны момант ужо наступіў. Менавіта тое, што нашы людзі, мірныя грамадзяне, былі жорстка збітыя, гэта і быў той пераломны момант, калі ўлада паказала сваё сапраўднае аблічча. Ён ужо здарыўся.