Праз пакуты — да пакаяння

Беларусы сёння робяць натужныя і выразныя крокі па шляху пакаяння перад сабой, людзьмі і Богам. Нягледзячы на тое, што суайчыннікі адчулі сябе сапраўднымі грамадзянамі, якія здольныя бараніць свае правы, шлях пакаяння будзе доўгім і цяжкім. Бо гэты шлях трэба прайсці праз пакуты сумлення і вяртанне не толькі да сваіх каранёў — роднай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры, але і да біблейскіх каштоўнасцяў.

k_20.8.20_8_logo.jpg


Як заўжды ў часы вялікіх пераменаў ажывае цікаўнасць да балючай праблемы грамадскага пакаяння — добраахвотнага прызнання ў зробленай правіннасці ці памылцы. Праблема балючая якраз таму, што патрабуе ад чалавека ДОБРААХВОТНАГА прызнання ў выніку няпростай працы над сабою. Працы сэрца і розуму. Працы, што дазваляе кожнаму вызначыць сваё месца ў грамадскім жыцці. Працы па пераасэнсаванню мінулага, адмове ад гвалту і вяртанню да агульначалавечых каштоўнасцяў.
Разгледзім гэтае пытанне больш дэталёва і паразважаем разам з Вамі, паважаны чытач. Як вядома, на шляху прыроджаных людскіх інстынктаў чалавецтва стагоддзямі будавала і ўзмацняла нябачны гуманістычны бар’ер з агульнапрызнаных нормаў паводзінаў асобы ў грамадстве. Менавіта гэты бар’ер дазволіў чалавецтву выжыць у шматлікіх трагедыях гісторыі. На жаль, усе тыранічныя рэжымы разбуралі і вынішчалі гэты бар’ер з тымі яго абаронцамі, якія выспавядалі спрадвечныя каштоўнасці. Сэнс іх можна звесці да прынцыпу: жыві сам і дай жыць іншым. Вяртанне людзей да такіх адносінаў якраз і складае задачу грамадскага пакаяння. Прычым размова ідзе пра праблему пакаяння кожнага паасобку і ўсяго грамадства не толькі за вольны ці вымушаны ўдзел у злачынствах дыктатуры, але і за тое, што мы маглі зрабіць, але не зрабілі дзеля праўды, свабоды і прыстойнага жыцця.
Менавіта гэтыя рэчы ляжаць у аснове людскога пакаяння, пра якое ў той ці іншай ступені сёння думае кожны неабыякавы. Бо немажліва быць абыякавым, калі ў тваёй Бацькаўшчыне гінуць і знікаюць адны, псіхічна і фізічна скалечаны другія, пакутуюць многія. І мы задаемся пытаннем — чаму адбываецца гэты гвалт і што можна зрабіць, каб надзея выціснула смутак і трывогу з нашых сэрцаў?
У нейкай ступені адказ на гэтае пытанне палягае ў наступным.
Сёння пакаянне — гэта шлях да праўды. Адкрытая ў 1988 годзе гісторыя Курапатаў падштурхнула грамадства іншымі вачыма паглядзець на сфальсіфікаванае мінулае Беларусі, пераасэнсаваць яго і звярнуцца да тых даследаванняў па гісторыі Бацькаўшчыны, якія грунтуюцца на дакументальнай спадчыне, успамінах сведкаў падзей і нацыянальных культурных традыцыях. Дзякуючы гэтаму беларусы адчулі сябе часцінкай нацыі і звяном ў ланцугу пакаленняў.    
Сёння пакаянне — гэта шлях да свабоды ад гвалту. Калі ўявіць, што найбольш канцэнтраваным выражэннем свабоды з’яўляецца цярпімасць, дык вольны чалавек перш-наперш мусіць прыняць іншадумства і адмовіцца ад любой формы гвалту, у тым ліку псіхічнага і фізічнага. Бо любы гвалт нясе ў сабе нянавісць і прыніжэнне, не дазваляе людзям свабодна рэалізаваць свае здольнасці і памкненні.  
Сёння пакаянне — гэта шлях да прыстойнага жыцця на біблейскіх каштоўнасцях. Менавіта пры іх ўкараненні грамадства вяртаецца з абсурднага ў нармальны стан. Калі дзяржава служыць чалавеку і бароніць яго ў цяжкую хвіліну. Калі людзі шукаюць вытокі сваіх праблем не ў іншых, а ў сабе. Калі чалавек імкнецца да сумленнага, высакароднага і годнага жыцця.