Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам дзяржсакратара ЗША
Сёння, 24 жніўня, Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з намеснікам дзяржсакратара ЗША Стывенам Біганам.
Ціханоўская і Біган абмеркавалі палітычны крызіс у Беларусі, экс-кандыдатка ў прэзідэнты выказала падзяку ЗША за іх падтрымку беларускага народа, які патрабуе павагі да свайго выбару.
«Выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Лукашэнка не карыстаецца падтрымкай ні беларускага народа, ні міжнароднай супольнасці. Кожны дзень ён адмаўляецца прыняць волю свайго народа, толькі падаўжаючы крызіс і паглыбляючы яго», — сказала Святлана Ціханоўская.
Яна таксама выказала гатоўнасць вырашыць крызіс праз дыялог аб мірнай перадачы ўлады.
«Мы заўсёды казалі, што гатовыя да дыялогу і імкнемся да мірнага ўрэгулявання. Мы адкрытыя для пасярэдніцтва міжнародных арганізацый для палягчэння дыялогу. Таксама мы патрабуем бесстаронняга расследавання злачынстваў, учыненых уладамі Беларусі супраць свайго народа, — сказала Ціханоўская. — У той жа час мы заклікаем усе краіны паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Толькі народ Беларусі будзе вырашаць сваю будучыню на новых справядлівых і свабодных выбарах».
Паводле прэс-рэліза