Беларускі праўладны палітолаг палохае Варшаву ядзерным ударам

Пралукашэнкаўскі палітолаг Аляксандр Шпакоўскі агучыў непакой Мінска адносна беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

shpakouski_y80tb.jpg


Некалькі тысяч беларусаў выказалі жаданне далучыцца да добраахвотніцкіх адзінак пры ўкраінскай арміі. Некалькі соцень з іх ужо ваююць. Шэсць беларусаў загінулі ў баях з расійскімі інтэрвентамі. Большасць з легіянераў, з якімі гаварылі СМІ, не хаваюць, што ўспрымаюць вайну за незалежнасць Украіны як этап да вызвалення Беларусі.

У сваім тэлеграм-канале звязаны з беларускімі сілавымі структурамі праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі выказаў занепакоенасць адносна будучых дзеянняў беларускіх фармаванняў ва Украіне. Ëн дапускае, што Захад з мэтай звяржэння «канстытуцыйнага ладу ў Беларусі» пойдзе на Беларусь вайной.

«Цяпер на фоне баявых дзеянняў ва Украіне распаўсюджванню пажару на Беларусь ніхто не здзівіцца», — піша Шпакоўскі.

Ëн нізка ацэньвае патэнцыял сваіх суайчыннікаў.

«Ніякі батальён Каліноўскага войскам уварвання не стане, — піша Шпакоўскі. — Нават калі заходнія разведкі прачэшуць усю беларускую палітычную эміграцыю, то наскрабуць максімум тысячы дзве баевікоў, якія пасля паскораных курсаў навучання будуць прыдатныя толькі для паліцэйскіх функцый. Натуральна, з трох напрамкаў будуць заходзіць ССА (сілы спецыяльных аперацый) суседніх краін, якіх легендуюць пад «беларускіх добраахвотнікаў». Менавіта таму медыйны складнік, піяр, зʼяўляюцца асноўнай задачай т. зв. каліноўцаў ва Украіне. Да моманту агрэсіі свет павінен ведаць, што ў беларускай апазіцыі ёсць вайсковы складнік», — піша Шпакоўскі.

Палітолаг лічыць, што ад такога сцэнарыя лукашэнкаўцаў бароніць расійскі ядзерны парасон.

«Расійскія калегі цалкам канкрэтна заяўляюць: у выпадку агрэсіі супраць Беларусі, у тым ліку гібрыднай, па Варшаве (менавіта па польскай сталіцы), — падкрэслівае Шпакоўскі, — будзе нанесены ядзерны ўдар. Таму палякам рэкамендую задумацца. Будзеце потым ныць і плакаць. Як у 1939-м».