Барацьба з энтрапіяй па-беларуску

Сёння праблема навядзення элементарнага парадку ў краіне актуальная гэтак жа, як і дваццаць гадоў таму. Чарговую «Азбуку паліталогіі» пачну з галоўнага. У калісьці папулярным тэлевізійным праекце Леаніда Парфёнава пад «галоўным» мелася на ўвазе любоў. Але ў беларускім варыянце і старых, і новых «песень пра галоўнае» спяваюць не пра любоў, а пра стабільнасць.  



raunavaga_1.gif

Звернемся, напрыклад, да мінулагодняга паслання адзінага палітыка (АП), у якім слова «стабільнасць» згадвалася 13 разоў. Абмяжуюся адной цытатай: «Стабильность в обществе и государстве — наша важнейшая ценность. Многие завидуют Беларуси именно потому, что у нас нет раздрая, конфликтов и политических потрясений. Мы этого не хотим. И мы этого не допустим любой ценой».

Цікава атрымліваецца, пагадзіцеся. Наша стабільнасць — прадмет зайздрасці шмат каго. Аднак падчас прагляду выступаў АП асабіста мяне не пакідае адчуванне, што «наша важнейшая ценность» увесь час знаходзіцца ў небяспецы.

З пункту гледжання чыстай тэорыі, нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо стабільнасць і нестабільнасць — гэта два бакі аднаго медаля, і не трэба цешыць сябе: стабільнасць любога грамадства з’яўляецца квазістабільнасцю (ад лацінскага «quasi» — «псеўда», «нібыта»).

Зададзім сабе простае пытанне: «Чым абумоўлена стабільнасць пэўнай сацыяльнай сістэмы — адсутнасцю ўнутраных напружанняў ці іх узаемным ураўнаважваннем?» Знаўцы сацыяльнай псіхалогіі сцвярджаюць, што ўсе сацыяльныя сістэмы з’яўляюцца ўнутрана напружанымі. Таму змены могуць ажыццяўляцца двума спосабамі: за кошт развіцця сіл, якія спрыяюць, або праз паслабленне сіл, якія стрымліваюць пажаданыя змены.

Узгадаем, з якой хуткасць адбыліся змены ў краінах Усходняй Еўропы, пасля таго, як Гарбачоў даў зразумець, што ўводу савецкіх войскаў па чэхаславацкім сцэнары не адбудзецца. Тое, што здавалася стабільным, тут жа прыйшло ў рух. І ніякіх новых сіл для гэтага не спатрэбілася. Яны існавалі на працягу ўсіх паваенных гадоў, проста «новае мысленне» зрабіла прыхаванае відавочным.

Дэ-юрэ і дэ-факта

Заходнія грамадствы таксама з’яўляюцца ўнутрана напружанымі, але яны навучыліся «каналізаваць» спакусы кардынальных зменаў з дапамогай палітычнай канкурэнцыі. Шматлікія сацыяльныя амартызатары (свабодная прэса, парламент, у якім прадстаўлены інтарэсы розных пластоў грамадства, мітынгі і дэманстрацыі) дазваляюць своечасова фіксаваць і прадухіляць назапашванне дыскамфорту ў грамадстве.

Час рэвалюцый для такіх грамадстваў назаўжды застаўся ў мінулым, бо крытычная маса незадаволенасці не ў стане лакалізавацца ў рэжыме «тут і цяпер». Таму шматмільённыя дэманстрацыі ў сталіцах еўрапейскіх дзяржаў, якія нам перыядычна дэманструе тэлеканал «Еўраньюс», — гэта фактар умацавання сістэмы ў цэлым, а не «раздрая, конфликтов и политических потрясений».

На ўмацаванне сістэмы працуюць і крызісы, якія даюць шанец на змены. Безумоўна, плюсы крызісаў заўважныя выключна ў стратэгічным вымярэнні, і на гэтым шляху шараговыя грамадзяне сутыкаюцца з мінусамі бягучых праблем. «Свет не знайшоў іншага спосабу змянення арганізацыі жыцця. Гэта значыць, не бывае так, каб эліты і грамадства абнаўляліся без усведамлення таго, што старая сістэма не працуе. А як усвядоміць, што старая сістэма не працуе? Патрэбны крызіс. Гэта значыць, патрэбна, каб улада страціла падтрымку, неабходны выклік. Сапраўды, эканамічныя праблемы могуць быць карыснымі. І крызіс з’яўляецца, скажам так, штуршком, каб кіроўная эліта ўсвядоміла — трэба штосьці мяняць» (Лілія Шаўцова, палітолаг).

Такім чынам, рэформы на Захадзе з’яўляюцца адказам на палітычны ціск знізу. Гэта менавіта палітычны ціск. Права выкарыстоўваць такі від ціску для дасягнення сваіх мэтаў гарантавана грамадзянам Канстытуцыяй.

А зараз перамесцімся ў геаграфічны цэнтр Еўропы, дзе культывуецца ўласнае разуменне дэмакратыі, якое не прадугледжвае механізму зваротнай сувязі паміж грамадствам і ўладай. Дэ-юрэ такі механізм існуе (перачытайце Канстытуцыю), але спробы выкарыстаць яго дэ-факта патрабуюць асабістай мужнасці, бо яны спрэс заканчваюцца вялікімі непрыемнасцямі. Штраф — гэта мінімум, да якога варта быць заўсёды гатовым, перш чым паспрабаваць задзейнічаць канстытуцыйныя механізмы сувязі з уладай.

Ці азначае гэта, што наша Улада (неабходнасць выкарыстання ў дадзеным выпадку вялікай літары я тлумачыў неаднаразова) несумяшчальная з рэформамі? Такую выснову варта прызнаць памылковай. Калі паглыбіцца ў мінулае, то гісторыя нашай Улады — гэта гісторыя бесперапынных спробаў як мінімум дагнаць Захад. Крытэры, па якіх неабходна было даганяць, увесь час мяняліся. Сталін даганяў Амерыку па валавой вытворчасці чыгуну і сталі, Хрушчоў — па вытворчасці мяса і малака на душу насельніцтва. Сёння мы даганяем Еўропу па ўзроўню жыцця.

Але, што б ні вызначала Улада ў якасці крытэру, свой выбар яна рабіла не пад ціскам знізу, а спрабуючы спыніць працэс хаатызацыі ў эканоміцы і грамадстве. Узгадаем, як увосень 2011 года было прынята рашэнне адмовіцца ад адміністрацыйнага рэгулявання курсу беларускага рубля.

Рубільнік і Улада

Тут самы час перайсці да паняцця «энтрапія» (ад старажытнагрэчаскага — «ператварэнне», «паварот»). У прыродазнаўчых навуках энтрапія служыць мерай неўпарадкаванасці сістэмы, але і ў навуках гуманітарных гэты тэрмін даўно выкарыстоўваецца. Як ужо было адзначана вышэй, любая сацыяльная сістэма з’яўляецца ўнутрана напружанай, і яе стабільнасць (як правіла, часовая) падтрымліваецца за кошт узаемнага пагашэння цэнтраімклівых і цэнтрабежных сіл.

У прымітыўных грамадствах у якасці асноўнага сродку, які стрымлівае рост сацыяльнай энтрапіі, выступалі традыцыі (рытуалы). Яны паспяхова супрацьстаялі энтрапіі ва ўмовах, калі ўсе ведалі ўсіх асабіста. Аднак сучасныя вялікія грамадствы на асабістых адносінах пабудаваць немагчыма, тут патрэбныя ўніверсальныя (безасабовыя) сродкі. У якасці такіх выкарыстоўваліся і працягваюць выкарыстоўвацца сіла, вера і закон.

Сучасная масавая вытворчасць, якая патрабуе штодзённай каардынацыі высілкаў сотняў мільёнаў людзей, не можа рэгулявацца з дапамогай сілы. Але Еўропу ў XIX стагоддзі таму і страсалі буржуазныя рэвалюцыі, каб сіла і вера саступілі сваё месца закону. Беларусі ў гэтым сэнсе не пашанцавала: яна ўвайшла ў XXI стагоддзе фактычна з сярэднявечнымі суадносінамі антыэнтрапійных сродкаў.

Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што пакуль на Захадзе поўным ходам ідзе засваенне пятага тэхналагічнага ўкладу, які прадугледжвае, у прыватнасці, пераход ад разрозненых фірмаў да адзінай сеткі буйных і дробных кампаній, спалучаных электроннымі сувязямі на аснове інтэрнэту, у Беларусі дзяржпрадпрыемствы заганяюць у жорстка цэнтралізаваныя холдынгі.

У свой час Ленін верыў, што «камунізм ёсць Савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны». Прааналізуем гэта класічнае вызначэнне камунізму, абапіраючыся на ўяўленне пра ўнутрана напружаныя сацыяльныя сістэмы. Саветы — гэта аналаг веча, аналаг дадзяржаўнага органа самакіравання. Таму спробы саветызацыі (напачатку і ў канцы XX стагоддзя) узмацнялі цэнтрабежныя сілы і прыводзілі да распаду дзяржавы.

Што да электрыфікацыі, дык яе не варта разумець выключна ў тэхналагічным сэнсе. Працэс вытворчасці і размеркавання электрычнай энергіі ў прамысловым маштабе патрабуе цэнтралізацыі. Гэтым ён і спадабаўся Леніну. У каго ў руках рубільнік — у таго і Улада! Ва ўмовах электрыфікацыі «ўсёй краіны» распыляць свае сілы на кантроль пошты, тэлеграфа і вакзала зусім не абавязкова.

Сродак для сродку

Холдынгі — гэта наш адказ на інтрыгі цэнтрабежных сіл. Пра тое, наколькі яны эфектыўныя, нам перыядычна распавядае АП. Не так проста знайсці яго выступ на эканамічную тэму, дзе б адсутнічала патрабаванне «навести элементарный порядок».

Звернемся да вытокаў — напрыклад, да дакладу на I Усебеларускім народным сходзе 19 кастрычніка 1996 года: «Накат удвоился, утроился после того, как я начал наводить элементарный порядок в банковской сфере. Заставил банкиров думать не о спекулятивной прибыли, а об интересах государства и всего народа». Прыемна ўсведамляць, што навядзенне элементарнага парадку ў адной з базавых сфер эканомікі было распачата ў Беларусі яшчэ ў 1996 годзе. Распачата, але мяркуючы па выніках 2011 года, да лагічнага завяршэння так і не даведзена.

А вось зусім свежае выказванне: «Очевидно, что нужны комплексные и эффективные меры, чтобы «вырвать» отстающие предприятия. От элементарного наведения порядка и дисциплины до реализации проектов по модернизации».

Апошні сказ у свой час увагнаў мяне ў ступар. Растлумачу. Калі я вывучаў выступы АП, я лічыў, што дысцыпліну ён разглядаў у якасці сродку для дасягнення пастаўленых мэтаў, у тым ліку і такой фундаментальнай, як навядзенне элементарнага парадку. Нічога незвычайнага ў такім поглядзе на дысцыпліну, зразумела, няма. Дастаткова прыгадаць «Ферму» Джорджа Оруэла: «Дысцыпліна, таварышы, жалезная дысцыпліна! Вось лозунг сённяшняга дня! Варта зрабіць адзін няправільны крок — і ворагі адолеюць нас!»

Такім чынам, дысцыпліна — гэта сродак для навядзення элементарнага парадку. Што ж тады служыць сродкам для навядзення дысцыпліны?

Шматразовае вяртанне да прэс-рэлізу пасяджэння Савета міністраў «Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь за 2012 год і задачах на 2013 год», у якім прыняў удзел АП, дапамагло мне знайсці адказ на гэта неардынарнае пытанне. Адзіным сродкам для навядзення і падтрымання дысцыпліны ў краіне з’яўляецца… сам АП.

Зразумела, што яго магчымасці стрымліваць энтрапію абмежаваныя (энтрапія — нагадаю — мера неўпарадкаванасці). Абмяжуюся трыма цытатамі з прэс-рэлізу: «Все застарелые болячки остались там, где и были», «У вас стало правилом — наобещать с три короба, а затем просить о продлении срока». «Я уже устал говорить о необходимости расширения рынков сбыта белорусской продукции». Таму мы маем тое, што маем.