У Віцебску знясуць помнік Караткевічу

Дзеля будаўніцтва дарогі ў Віцебску плануюць ахвяраваць часткай парка і прыбраць помнік Уладзіміру Караткевічу. «Ну, недзе паставім», — супакоіў чыноўнік, адказваючы на пытанне пра помнік.

1474872240_karatkevich.jpg


У Віцебску парк Партызанскай славы будзе зрэзаны ўздоўж, каб з’яднаць вуліцу Гагарына з Чэхава і вывесці да запланаванага Паўночнага мосту праз Дзвіну абводную дарогу, паведамляе bchd.info.
Музей бацькі Міная будзе перанесены разам з ансамблям, а помніка Уладзіміру Караткевічу, што зараз знаходзіцца на перакрыжаванні вуліц Суворава і Чэхава і з’яўляецца месцам збору віцебскіх дэмакратаў, увогуле не будзе.
Пра гэта па выніках сустрэчы з намеснікам галоўнага архітэктара Віцебска Леанідам Багданавым паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец. “Ну, недзе паставім”, — адзначыў чыноўнік, адказваючы на пытанне пра помнік.
На пытанне ж, чаму пры рашэнні пра будаўніцтва ў Віцебску копіі Полацкай Сафіі не былі ўлічаныя пратэстныя звароты гараджанаў і тое, што ў гістарычнай зоне нельга нічога будаваць, Леанід Багданаў паведаміў, што рашэнне аб будаўніцтве такіх аб’ектаў прымаецца прэзідэнтам…