«Бог з табой, ты не адзін». У Брэсце адкрылі помнік Алесю Чаркашыну (фотарэпартаж)

Учора загінуламу ва Украіне Алесю Чаркашыну споўнілася б 34 гады. На адкрыцці помніка пад Брэстам гучалі яго спевы, прасякнутыя любоўю да Бога і Беларусі.

char4_logo.jpg


Помнік быў усталяваны яшчэ 29 жніўня. Але адкрыццё было запланавана на дзень народзінаў Алеся. Помнік складаецца з трох пліт, якія адлюстроўваюць тое, чаму Алесь  прысвяціў жыццё, — «Бог, Радзіма, Служэнне». На адной з пліт напісана «Бог з табой, ты не адзін». А на адваротным баку выбіты адзін з тэкстаў песень Чаркашына.
На адкрыццё помніка сабралася больш за пяцьдзясят асобаў. Сустаршыня БХД Павел Севярынец перакананы,  што гэтае месца — не проста могілкі: «Гэтае месца — месца сувязі зямлі і Неба. Гэтае месца — месца сувязі Беларусі і Украіны. І я перакананы, што сюды будуць вадзіць экскурсіі». Дарэчы, у кнізе, якая рыхтуецца да стагоддзя БХД і ў якой змешчаныя артыкулы пра людзей, якія ахвяравалі сабой дзеля Беларусі, будзе артыкул і пра Алеся Чаркашына.
Бацькам Алеся Чаркашына цяжка было нешта казаць. Адзінае, што яны маглі прамовіць, — гэта словы падзякі ўсім тым, хто іх падтрымлівае. Дзякуючы валанцёрскай дапамозе, помнік Чаркашыну ўсталяваны і ў Кіеве.
Узялі слова на адкрыцці помніка і бацькі загінулага Міхаіла Жызнеўскага. Ніна Жызнеўкая казала пра тое, што і Міхась, і Алесь не думалі ў той час пра сваіх бацькоў — яны ахвяравалі сабой дзеля іншых.
Пасля ўшанавання памяці Алеся Чаркашына на могілках імпрэза працягнулася ў памяшканні рэдакцыі «Брэсцкі курʼер», дзе адбыўся адзіны ў Беларусі перадпрэм’ерны паказ дакументальнага фільма рэжысёра Антося Цялежнікава «Алесь Чаркашын. Не здавайся!». Прэм’ера фільма на тэлеканале «Белсат» адбудзецца 14 кастрычніка. Пасля паказу фільма Георгій Дзмітрук праспяваў тыя песні, якія калісьці з Алесем яны спявалі разам.