У Гістарычным музеі адкрываецца выстава фота пра Мінск
З 2 верасня ў галерэі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адкрыта выстава фатографа Анатоля Дрыбаса «Мілы сэрцу горад мой». Выстава прысвечана святкаванню Дня горада Мінска, а таксама асабістаму юбілею фатографа – 70-годдзю.
Адчуваць жыццё горада, яго шум і спакой, назіраць ранішнюю мітусню і вячэрнюю рамантыку ... І ўсё – праз фотааб'ектыў, а далей – на фотапаперу. Так нараджаюцца здымкі закаханых у свой горад мастакоў.Адным з іх, бясспрэчна, з'яўляецца знакаміты беларускі фатограф, член народнага фотаклуба “Мінск” і Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў Анатоль Дрыбас. За плячыма майстра шматгадовы прафесійны вопыт, праца ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” і мноства фотаальбомаў, прысвечаных помнікам культуры Беларусі, яе маляўнічым месцам і прыродзе. Аднак сталіца ў творчасці Анатоля Дрыбаса займае асаблівае месца. Ён ведае, у які дзень і гадзіну фатаграфаваць галоўпаштамт, каб той атрымаўся прыгажуном, які ракурс для здымкі ратушы самы выйгрышны, як размясціць святлацень на панарамных здымках будынкаў Мінгарвыканкама і цэнтральнага офіса метрапалітэна, як злавіць вясёлку ля будынка Нацыянальнай бібліятэкі.
***Анатоль Пракопавіч Дрыбас нарадзіўся ў 1949 годзе ў Харкаўскай вобласці ў сям'і вайскоўца. З 1961 г. жыве ў Мінску. У 1971 г. скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Прафесійна пачаў займацца фатаграфіяй з 1981 г. У 2014 г. Анатоль Пракопавіч узнагароджаны “фатаграфічным “Оскарам” у намінацыі “Лепшы фотамастак кнігі” за фотаальбомы “Мінск”, “Мінск – сэрца Беларусі”, “Мірскі замак”, “Прырода захапляе”, “Кніжная культура. Ветка”, “Мінск вячэрні”. А ў 2015 г. альбом “Замкавая Беларусь”, у які ўвайшла амаль палова фатаграфій майстра, атрымаў Гран-пры Маскоўскага міжнароднага кніжнага кірмашу.