У Мінску адбудзецца чарговы адзіночны пікет супраць «закону аб адтэрміноўках»

У Кіеўскім скверы 29 жніўня ў 18:00 адбудзецца чарговы пікет супраць новых правілаў прызыву. Гэта будзе сёмы пікет серыі, якая праводзілася адным заяўніком.

Пікет #вучобаважнейшая ў Мінску 24 жніўня. Фота Валера Таміліна

Пікет #вучобаважнейшая ў Мінску 24 жніўня. Фота Валера Таміліна

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал ProtestBY.
На працягу тыдня актывіст ProtestBY штодня праводзіў санкцыянаваныя адзіночныя пікеты ў Кіеўскім скверы, збіраючы пры гэтым яшчэ і подпісы за адмену / змяненне «закона аб адтэрміноўцы».
"Акцыя ProtestBY па правядзенні адзіночнага пікетавання ярка паказала магчымасць і законнасць мірных пратэстных акцый у Беларусі. Таксама гэтая актыўнасць даказала абсурднасць рашэння ўладаў браць плату за правядзенне адзіночных акцый, якія ніякай пагрозы грамадскаму парадку, здароўю грамадзян, а таксама забруджвання навакольнага асяроддзя не прадстаўляюць", — адзначаюць аўтары канала.
Таксама паведамляецца, што на сённяшні дзень камунальныя службы не выставілі рахункі за правядзенне адзіночных пікетаў. Актывісты кампаніі перакананыя, што ў будучыні гэтаму прыкладу рушаць услед і міліцыя з медыкамі, якіх, у выпадку неабходнасці, можна выклікаць па тэлефоне.
Таксама рыхтуецца зварот у Савет Міністраў з патрабаваннем адмяніць або ўнесці змены ў пастанову аб спагнанні аплаты за правядзенне масавых мерапрыемстваў. Як мінімум у частцы адзіночнага пікетавання.