Блог Валянціна Стэфановіча: Сельскагаспадарчыя войскі
Улічваючы, што нам удалося захаваць усё самае лепшае з нашага савецкага мінулага, ды яшчэ і палепшыць, я прапаную працягнуць і гэтую слаўную баявую традыцыю. Я даўно хачу прапанаваць нашаму Мінабароны стварыць асобны род войскаў — сельскагаспадарчыя.
Кожны год у жніўні месяцы ў нашай краіне пачынаецца бітва за ўраджай.
Кожны год нязменны кіраўнік краіны патрабуе мабілізацыі ўсіх сіл на бітву. Усё для фронта, усё для пабеды! Не іначай.
І пачынаецца: студэнты, працоўныя заводаў і фабрык, настаўнікі і служачыя. Усенародная барацьба ў духу лепшых традыцый сацыялістычнай эканомікі. У такой складанай аператыўнай абстаноўцы не можа стаяць убаку і родная, доблесная армія. Яна штогод накіроўвае байцоў для сілавой падтрымкі сяльгаспрадпрыемствам. Вось і ў гэтым годзе газета Мінабароны рапартуе аб адпраўцы ваенаслужачых на палі адразу чатырох раёнаў Гарадзеншчыны.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што практыка гэтая не новая. У часы пабудовы развітога сацыялізму вайскоўцаў актыўна прыцягвалі да сельскагаспадарчых працаў, адпраўлялі на г.зв. “цаліну”, прычым ледзь не на ўвесь перыяд вайсковай службы.
Улічваючы, што нам удалося захаваць усё самае лепшае з нашага савецкага мінулага, ды яшчэ і палепшыць, я прапаную працягнуць і гэтую слаўную баявую традыцыю. Я даўно хачу прапанаваць нашаму Мінабароны стварыць асобны род войскаў — сельскагаспадарчыя. Ёсць чыгуначныя войскі, будуць яшчэ і сельскагаспадарчыя.
Стварэнне такіх войскаў дало б магчымасць прыцягваць ваеннаслужачых на патрэбы сельскагаспадарчага сектару эканомікі на працягу ўсяго года.
Вясной на пасадку ўраджаю, увосень — на яго ўборку. Ну а зімой можна снег на палі накідваць, летам з каларадскім жуком змагацца. Гэта была б добрая практыка для маладых байцоў па паляпшэнню навыкаў кіравання тэхнікай ва ўмовах вясенне-асенняга бездарожжа, а таксама іншых якасцяў неабходных для вядзення баявых дзеянняў у сучасных умовах — прыцэльная стральба бульбай і буракамі, напрыклад.
Вось з такім ісцінна народным войскам нам любы вораг не страшны. Так мы ўсіх пабядзім!