Пікет #вучобаважнейшая ў Мінску: адзін удзельнік і шэсць міліцыянтаў (ФОТА)
Сёння, 24 жніўня, на плошчы Бангалор адбылася другая акцыя супраць скандальнага закону. У ёй удзельнічаў адзін чалавек.
Удзельніка сённяшняга адзіночнага пікету завуць Кірыл. Ён растлумачыў НЧ прычыны свайго выхаду на мерапрыемства:
— Мне самому 27 год, я не падыходжу пад закон, але ў мяне ёсць сябры, разумныя хлопцы, якіх гэта датычыцца, і якія планавалі ісці ў магістратуру, але зараз гэта ўсё пад пытаннем. Я лічу, што гэты закон не дае магчымасці ім працягваць іх дзейнасць, і гэта не тыя людзі якія павінныя ісці ў армію. У мяне няма негатыўнага стаўлення да арміі, хіба толькі пытанні да яе эфектыўнасці і патрыятычнасці. Я думаю, што гэты закон руйнуе навуковыя кар'еры і кар'еры людзей.
— І ты думаеш, у вас ёсць шанец?
— Я думаю, што сваімі мітынгамі і пікетамі мы можам дамагчыся адмены закону. Улада зараз не такая моцная, каб жорстка стаяць на сваім. Калі мы будзем усе разам, то мы можам перамагчы.
— То-бок, ты гэта бачыш як частку больш шырокай кампаніі?
— Так.
— Вы за адмену гэтага закону?
— Так, трэба адмяняць цалкам.
— Што ты прапануеш у якасці рашэння праблемы, якую агучвае ўлада: "няма каму ісці ў армію"?
— Трэба не колькасць павышаць, а якасць. Мы чуем пра самагубствы і пра тое, што людзі страляюцца два разы на паўгады. Усё гэта трэба змяняць.
За ўдзельнікам акцыі, які сядзеў за сталом (дарэчы, надпіс на ім — адаптацыя вядомага мема), сачылі шасцёра міліцыянтаў.
Нагадаем, праект закону ўпершыню быў апублікаваны 25 чэрвеня. Петыцыя за ягонае скасаванне сабрала рэкордную колькасць подпісаў за адзін дзень.