Топ-10 фільмаў-трылераў
Для беларусаў нібы наканавана ўсё жыцьцё праводзіць у падобных стужках. Нават выраз «адпачнеш на пэнсіі» не спрацоўвае, каб мець магчымасьць глыбока супакоіцца і перавесьці дыханьне. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых трылераў, у якіх героям складана разабрацца ў сабе і ў навакольным сьвеце. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Рэквіэм па мары (Requiem for a Dream). 2000

Дарэн Аранофскі мог сканчваць кар’еру пасьля выхаду гэтага фільма. У безьлічы рэжысэраў за ўсю кар’еру не атрымлівалася наблізіцца па майстэрству да таго, што атрымалася ў Дарэна ў гісторыі, якой лепш бы не было.
Гісторыя сяброў, зьвязаная з гісторыяй бацькоў і дзяцей, дзе ўсё і ўсе – павязаныя чорнай плямай страшэннай залежнасьці. Кожны з траіх сяброў і маці аднаго з герояў маюць свае вялікія і прыгожыя мары. І як зразумела па назве, напрыканцы па ім будзе граць рэквіэм.
Культавы фільм пра слабасьць чалавека. Гісторыя пра тое, што дарога пасьля гераіна адна. За самым маленькім, дробным выключэньнем.
Нумар 9. Шостае пачуцьцё (The Sixth Sense). 1999

Калі вам падабаецца разгадваць загадкі разам з героямі фільмаў – гэта акурат ваш выбар. У хлопчыка ўзьнікае дзівоснае новае пачуцьцё, якое не дазваляе яму існаваць як астатнія дзеці. Ён бачаць прывіды калісьці забітых людзей, што жадаюць нейкага супакою для сябе, але тым самым яны робяць жыцьцё галоўнага героя невыносным. Ён не прасіў для сябе падобную адметнасьць, але вымушаны зь ёю суіснаваць
Разам з тым псыхіятар, якога грае Брус Уіліс, робіць усё магчымае, каб дапамагчы. Яле як спецыяліст ён разумее ўсю сваю слабасьць. Далей прыйдзецца разьбірацца як просты чалавек.
Нумар 8. Шаша ў нікуды (Lost Highway). 1997

Вельмі ня простая да ўспрыняцьця і разуменьня праца Дэвіда Лінча стане добрым арбітрам у справе ўпадабаньня ці раздражненьня кожнага канкрэтнага гледача ад творчасьці гэтага рэжысэра. Тое, што робіць дзікі фільм пра раптоўнае абвінавачваньне ў забойстве такім неверагодным, - гэта здольнасьць аўтара перадаць жах праз штодзённасьць.
Біл Пулман і Патрысія Аркет падаравалі сваім выкананьнем шанец гледачам цалкам паглыбіцца ў атмасфэру. Шакавальныя відэакасэты, забітая жанчына, і незразумелы вінаваты – як тут ня сесьці ў машыну і не націснуць на газ па поўнай.
Відавочныя сцэны гвалту ў фільме могуць адштурхнуць тых, хто не гатовы да змрочнага рэалізму.
Нумар 7. Прыгажосьць па-амэрыканску (American Beauty). 1999

На мяжы тысячагодзьдзяў рэжысэр Сэм Мэндэс пакінуў незгладжальны сьлед у амэрыканскім кіно гэтай стужкай. Фільм - зьедлівая сатыра на прыгараднае жыцьцё, на так званую амэрыканскую мару.
Спэйсі выконвае ролю мужчыны, які перажывае цяжкі крызіс сярэдняга ўзросту. Яго герой расчараваны, незадаволены і адчайна прагне зьменаў, калі ён мае і жонку і ўжо дастаткова дарослую дачку.
Аднойчы ён заўважае школьную сяброўку дачкі, і ў яго зносіць дах. Гэта фільм, які адважваецца аспрэчваць агульнапрынятае меркаваньне аб шчасьці і задавальненьні. Тонкая гульня Кэвіна Спэйсі прынесла яму ўзнагароду Оскар.
Нумар 6. Малхоланд Драйв (Mulholland Dr.). 2001

Заблытаны, містычны, прыгожы трылер нуар Дэвіда Лінча. Пачатковая акторка прыязджае ў Лос-Анджэлес, там жа зьяўляецца таямнічая жанчына з амнэзіяй, і ім наканавана паглыбіцца ў дзівосную гісторыю, напоўненую ілюзіямі і снамі.
Чырвоныя ліхтары, цёмныя завулкі, закусачная з прадказаньнямі: кожны кадр напаўняеццат пачуцьцём жаху. Ён яшчэ не зразумелы, яго нельга памацаць, але галава гледача ўжо апускаецца ў гэтае павуціньне, бы кісель.
Для гледачоў, якія прагнуць дакладнай разгадкі кожнай таямніцы або наўпроставага дзеяньня ў стужцы, гэты фільм можа заблытаць глузд.
Сам Дэвід Лінч даў адну з падказак, як лепш зразумець фільм: «Надайце асаблівую ўвагу пачатку фільма: як мінімум дзьве падказкі зьяўляюцца перад тытрамі».
Нумар 5. Іншыя (The Others). 2001

Ніколь Кідман выконвае ў гэтай стужцы ашаламляльную ролю кабеты, якая змагаецца са сваімі жахамі і вымушаная змагацца за бясьпеку сваіх дзяцей. Рэжысэр Алехандра Аменабар зьняў стужку, дзе дэманструе клясычную гісторыю дома з прывідамі ў сьвежай і інтрыгоўнай манэры. Яму атрымліваецца захапіць увагу гледачоў ад жудаснага пачатку да шакавальнай разьвязкі.
Гераіня Кідман жыве ў ціхім маёнтку пасьля Другой сусьветнай вайны са сваімі дзецьмі, якія пакутуюць рэдкай хваробай сьвятлоадчувальнасьці. Жахлівы паварот у жыцьці сям’і адбываецца, калі прыяжджаюць тры таямнічыя слугі, што прыносяць з сабой атмасфэру нечага містычнага і невядомага.
Цікава, што хвароба дзяцей сапраўды сустракаецца ў людзей, хаця і надзвычай рэдка. Цудоўны трылер, каб паглядзець перад сном.
Нумар 4. Агіда (Repulsion). 1965

Першая ангельскамоўная праца Рамана Паланскі з францужанкай Катрын Дэнёў у галоўнай ролі. Яна грае вельмі мэнтальна не стабільную дзяўчыну, зь якой здараецца (ці гэта ёй толькі здаецца) вельмі дзіўныя рэчы. Асабліва праблемы павялічваюцца, калі гераіня застаецца дома адна.
Шыкоўны псыхалягічны трылер, які стаў пачаткам трылёгіі, дзеяньне якой адбываецца ў кватэрах у розных гарадах сьвету. Наступныя фільмы Паланскага - «Дзіця Размары» і «Жыхар» працягнулі тэму дзіўных, невытлумачальных падзеяў, якія могуць чакаць людзей. Прывіды мінулага, патэнцыйны гвалт ранейшых гадоў могуць прымусіць галаву зьляцець са стану нормы ў стан шызафрэніі.
Страшэннае, але вельмі цікавае кіно польскага рэжысэра.
Нумар 3. Галавакружэньне (Vertigo). 1958

Джэймс Сьцюарт грае дэтэктыва, які жадае ўрэшце адпачыць ад ранейшай працы і нічога-не-рабіць на пэнсіі. Аднак раптоўнае тэлефанаваньне ад даўняга сябра, які просіць прасачыць за сваёй жонкай, у якой нібы ёсьць суіцыдальныя схільнасьці — перашкаджае заслужанаму адпачынку.
Калісьці даўно галоўны герой не выратаваў кампаньёна на высокім гмаху. З тых часоў ён пакутуе на галавакружэньне нават стоячы на крэсьле.
Гэтая акалічнасьць яшчэ згуляе зь ім у небясьпечна-сьмяротную гульню. Паспрабуйце разам зь ім не заблытацца ў тым, што адбываецца на экране. Можна нарвацца і на параною.
Нумар 2. Зьзяньне (The Shining). 1980

Калі не баіцеся засынаць пасьля трылераў — спакойна заплянуйце прагляд гэтага шэдэўра на позьні вечар. Кадры з фільма Стэнлі Кубрыка бачылі мільёны людзей, якія нават і не глядзелі сам фільм. Тысячы мемаў прыдуманыя з тварам героя Джэка Нікалсана. Але лепш за ўсё — сесьці і паглядзець урэшце тое, пра што чулі шматкроць.
Трымайце моцна за руку блізкага чалавека і націскайце на плэй. Галоўны герой становіцца зімовым даглядчыкам у гатэлі, дзе ніхто не жыве ў сьнежны сэзон папросту з той прычыны, што даехаць туды немагчыма праз сьнегапады. Герой Нікалсана – пісьменьнік, але яго творы не бяруцца публікаваць, таму ён марыць аб творчым адпачынку гэтай зімой.
Ён бярэцца за працу па доглядзе за гатэлем і селіцца там з жонкай і сынам, які пакутуе на псыхічныя захворваньні. Замкнёная зімовая прастора пачынае дзейнічаць на прысутных. Як бы тут ня страціць розум.
Нумар 1. Таксіст (Taxi Driver). 1976

Майстар-кляс ад Марціна Скарсэзэ па стварэньні шэдэўра. Для гэтага неабходна спалучыць рэжысэра з лепшым акторам усіх часоў – Робэртам Дэ Ніра, і даць ім абодвум волю. У дадзеным выпадку да рэцэпту можна дадаць Джодзі Фостэр, якая грае 13-гадовую прастытутку, і Харві Кейтэля, яе сутэнэра. Ну а Дэ Ніра будзе проста езьдзіць на машыне.
Яго герой — самы звычайны ветэран вайны ў В’етнаме, які выконвае няхітрую працу — развозіць людзей па Ню-Ёрку. Смурод, бруд і дэкаданс сталіцы сусьвету застаецца па левы і па правы бок ад таксіста. А таксама на заднім сядзеньні.
Ён адзін сярод мільёнаў людзей, і ён сьведка таго, што напаўняе Вялікі Яблык сярэдзіны 70-х. Аднак так ці інакш ён становіцца ўцягнуты ў справы. А потым зьявіцца яна — анёл, якая працуе ў перадвыбарчым штабе.
Выкананьне Робэрта Дэ Ніра ў гэтай стужцы зьяўляецца эталонным.
Прыемнага прагляду!