Прыём работ VOKA Smartfilm завершаны, Пачынаецца народнае галасаванне

Набліжаецца фінал дзявятага Міжнароднага фестывалю мабільнага кіно VOKA Smartfilm: 21 сакавіка завяршыўся прыём конкурсных работ. Пераможцу будзе вызначаць прафесійнае журы.

voka_smartfilm.jpg


Паралельна з ім свой выбар зробіць журы народнае. Прайсці адбор у яго склад можна з 6 красавіка на сайце smartfilm.by.
На фестываль, які праходзіць пад слоганам «Сезон (не)звычайных гісторый», было пададзена каля 800 работ. Гэта фільмы з Беларусі і яшчэ 75 краін свету – ад ЗША, Італіі, Францыі і Бразіліі да Бангладэш і Малаві.А лідарам па колькасці ўдзельнікаў – 111 – з’яўляецца Індыя.
Па традыцыі, конкурсныя работы, якія паспяхова пройдуць мадэрацыю, будуць дададзеныя ў раздзел «Галерэя» сайта smartfilm.by. Там іх можна будзе паглядзець, а пасля рэгістрацыі – прагаласаваць за тыя, што падаліся найбольш цікавымі. Глядацкае галасаванне пройдзе з 25 сакавіка па 5 красавіка, пасля чаго на сайце будзе размешчаны шорт-ліст з работ, выбраных гледачамі.
З 6 па 15 красавіка кожны зарэгістраваны карыстальнік афіцыйнага сайта фестывалю VOKA Smartfilm зможа адказаць на пытанні анлайн-кінатэста. Тыя, хто пакажа як мага больш высокі вынік, пройдуць у склад народнага журы і змогуць прагаласаваць за найлепшую, на іх погляд, работу з шорт-ліста.
Кіраваць работай народнага журы будзе рэжысёр і сцэнарыст Улада Сянькова, якая вынясе фінальнае рашэнне з улікам вынікаў галасавання. Пераможца ў «народнай» намінацыі атрымае ў якасці ўзнагароды смартфон Apple iPhone 11 128GB.
Афіцыйнае падвядзенне вынікаў VOKA Smartfilm адбудзецца 16 красавіка. Фестываль праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Усе работы, якія ўвойдуць у прафесійны і народны шорт-лісты фестывалю, а таксама фільмы-пераможцы будуць даступныя для прагляду ў раздзеле Smartfilm відэасервісу VOKA.
Паводле прэс-рэлізу