«Партрэты паўстання» — да 150-годдзя расправы над Каліноўскім
Да 150-й гадавіны расправы над лідэрам паўстання 1863 года Кастусём Каліноўскім з друку выйшаў фотаальбом «Партрэты паўстання».
У выданні сабрана блізу двух сотняў здымкаў непасрэдных удзельнікаў антырасійскага супраціву, а таксама асобаў, якія мелі дачыненне да тагачаснай кампаніі.
Складальнікі альбому — літаратуразнаўца, архівіст-археограф Язэп Янушкевіч, а таксама ягоная дачка Каміла,
магістрантка Беларускай акадэміі мастацтваў. Спадар Язэп расказаў, як ідэя ўвасобілася ў рэальнасць:
«Ідэя ўзнікла летась увосень, а канчаткова аформілася ў Закапанэ, калі мне напісаў вядомы ангельскі беларусіст Джым Дынглі
з прапановай удзельнічаць у навуковай канферэнцыі па Каліноўскаму, якая пры канцы сакавіка адбудзецца ў Лондане. То бок на дадатак
да прэзентацыі «Кастусь Каліноўскі і роля яго шматмоўнай спадчыны» — а я на той час ужо выдаў збор ягоных лістоў
на пяці мовах «Тварам да шыбеніцы» — узнікла ідэя зрабіць своеасаблівы альбом-выданне. Такім чынам, была прапанаваная тэма «Кастусь
Каліноўскі і паўстанне 1863 году ў беларускім і еўрапейскім фоталетапісе».
Паводле суразмоўцы, разам з дачкой яны працавалі ў розных еўрапейскіх і беларускіх архівах, дзе знайшліся, без перабольшвання,
эксклюзіўныя кадры беларускай гісторыі:
«Аднаму, бясспрэчна, гэта было б цяжка зрабіць, таму мне на дапамогу прыйшла дачка Каміла. Працавалі мы ў архівах
і бібліятэках Літвы, Польшчы, Беларусі. У прыватнасці, навукоўцы мне падказалі пашукаць здымкі ў гарадзенскім архіве».
«Партрэты паўстання» выдадзеныя ўласным коштам у Ракаве, дзе і жыве Язэп Янушкевіч. Тым ня меней
ён спадзяецца, што дзяржава ўсё ж зацікавіцца ўласнай гісторыяй:
«Пакуль што ўсё робіцца без дзяржаўнай дапамогі. Але на дзяржаўную ўвагу разлічваю падчас падрыхтоўкі другога выдання, паколькі там
патрабуюцца разгорнутыя дыяграмы. А гэта надзвычай карпатлівая праца».
Выдаць альбом удалося якраз напярэдадні трагічнай даты: роўна 150 гадоў таму, 22 сакавіка 1864 году, Кастусь Каліноўскі быў публічна
павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні. Агулам за ўдзел у паўстанні 128 чалавек былі пакараныя смерцю, 853 высланыя на катаргу, больш
за 12 тысяч прымусова выселеныя, у тым ліку ў Сібір.